Выбраць прафесію з улікам патрэб рынку працы

“Адна з асаблівасцей профільнага навучання ў нашым раёне — яго арыентацыя на прафесійную падрыхтоўку навучэнцаў з мэтай далейшага працаўладкавання выпускнікоў у адпаведнасці з запытамі мясцовага рынку працы”, — расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Старадарожскага раёна Мінскай вобласці Валянціна Рыгораўна Жукавец. Сёння мы разглядаем пытанне аб адкрыцці ў 2018/2019 навучальным годзе профільных класаў аграрнай накіраванасці ва ўстановах адукацыі, размешчаных у сельскай мясцовасці.

— Валянціна Рыгораўна, раскажыце, як арганізавана дапрофільная падрыхтоўка і профільнае навучанне ў раёне.

— У Старадарожскім раёне ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі належным чынам арганізавана дапрофільная падрыхтоўка і профільнае навучанне вучняў. У сярэдніх школах №№ 1, 2 функцыянуюць класы педагагічнай накіраванасці. У сярэдняй школе № 3 прыярытэтнымі з’яўляюцца ваенна-патрыятычны і юрыдычны кірункі. Профільнае навучанне ў класах арыентавана на павышэнне здольнасцей будучага выпускніка самастойна дзейнічаць на рынку адукацыйных паслуг і выбудоўваць уласны маршрут.

— Якую работу праводзяць педагагічныя калектывы раёна па прафарыентацыі школьнікаў?

— Распрацаваны раённы план правядзення прафарыентацыйнай работы ва ўстановах адукацыі. Яго мэта — дапамагчы навучэнцам з выбарам профілю навучання і сферы будучай прафесійнай дзейнасці ў адпаведнасці са сваімі магчымасцямі і здольнасцямі, а таксама з улікам патрэб рынку працы раёна. Штогод у раёне праводзяцца дні праф-арыентацыі “Выбар прафесіі — развіццё рэгіёна”, “Працаўладкаванне і сацыяльныя гарантыі выпускнікоў сельскагаспадарчых устаноў”, падчас якіх у навучэнцаў ёсць магчымасць сфарміраваць меркаванне аб прадпрыемствах раёна, вызначыцца з рэальнымі патрабаваннямі работадаўцаў да кандыдатаў пры прыёме на працу.

У раёне наладжана ўзаемадзеянне з установамі вышэйшай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі: праводзяцца мерапрыемствы — такія як “Шляхі атрымання прафесійнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь”, “Фэст прафесій”, арганізоўваецца наведванне навучальных устаноў падчас дзён адкрытых дзвярэй. Мы зацікаўлены ў тым, каб нашы вучні выбіралі спецыяльнасці аграрнага профілю, рабочыя спецыяльнасці. З гэтай мэтай праводзяцца круглыя сталы з удзелам прадстаўнікоў розных прафесій, дзяцей возяць на экскурсіі на жывёлагадоўчыя комплексы раёна.

У сярэдняй школе № 2 функцыянуе раённы рэсурсны цэнтр па прафарыентацыі навучэнцаў, сістэма работы якога ў 2017 годзе адзначана дыпломам І ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на XVII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі “Правільны прафесійны выбар — упэўненая будучыня моладзі”. У мінулым годзе тут быў арганізаваны аздараўленчы прафарыентацыйны лагер “Арыенцір”, які працягне сваю работу і сёлета.

— Назавіце, калі ласка, асноўныя складнікі поспеху ў рабоце з адоранымі навучэнцамі.

— Сучаснае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу, высокакваліфікаваныя педагагічныя кадры, наладжаная сістэма работы з вучнямі забяспечваюць дасягненне імі высокіх вынікаў у алімпіядным руху, даследчай і творчай дзейнасці. У раёне дзейнічаюць рэсурсныя цэнтры і міжшкольныя факультатывы па вучэбных прадметах, накіраваныя на падрыхтоўку высокаматываваных навучэнцаў да алімпіяд, конкурсаў і турніраў. Праводзіцца індывідуальная работа з адоранымі дзецьмі.

Па колькасці дыпломаў, атрыманых вучнямі раёна на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах, конкурсах і турнірах лідзіруюць гімназія, сярэднія школы №№ 2 і 3. У мінулым годзе за перамогу ў заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі навучэнка гімназіі Ксенія Саланец узнагароджана прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Па выніках алімпіяды дзяўчына стала студэнткай Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. У 2018 годзе на абласных этапах рэспубліканскіх алімпіяд па розных прадметах вучні раёна атрымалі 5 дыпломаў (двое з іх рыхтуюцца да ўдзелу ў заключных этапах рэспубліканскіх алімпіяд (па грамадазнаўстве і матэматыцы)). Сёлета па выніках Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ навучэнцаў у секцыі “Гісторыя — культурная спадчына і сучаснасць (гісторыя)” адзінаццацікласнікі з сярэдняй школы № 2 Дзмітрый Візэр і Раман Парахневіч атрымалі дыплом ІІІ ступені.

— Як арганізавана работа з навучэнцамі ў шосты школьны дзень, у час канікул?

— У вольны ад вучобы час з дзецьмі праводзяцца факультатыўныя і дадатковыя заняткі па вучэбных прадметах, педагогі запрашаюць вучняў на індывідуальныя кансультацыі. 35% навучэнцаў раёна наведваюць заняткі па інтарэсах ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі, у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. Папулярнасцю карыстаюцца “выязныя суботы” ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі сельскай мясцовасці, падчас якіх педагогі дадатковай адукацыі праводзяць для школьнікаў майстар-класы, творчыя майстэрні па дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Паездкі арганізоўваюцца Старадарожскім цэнтрам дзіцячай творчасці “Святліца” імя І.М.Стасевіча.

Асаблівая ўвага ў шосты школьны дзень і ў час канікул удзяляецца спартыўна-масавым мерапрыемствам. Праводзяцца раённыя спартакіяды школьнікаў. Сталі традыцыйнымі святы бегу “Языльскія старты” і “Дзень бегуна”, у якіх прымаюць удзел педагогі, навучэнцы і іх бацькі. Ганаровымі гасцямі нашых спартыўных свят з’яўляюцца намеснік старшыні Беларускай федэрацыі гандбола Іван Семяненя, алімпійская чэмпіёнка Таццяна Лядоўская, неаднаразовы ўладальнік Кубка Еўропы Іван Комар.

Папулярнасць набылі мерапрыемствы па спартыўным арыентаванні і скалалажанні. Ва ўстановах адукацыі раёна педагогамі Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Старадарожскага раёна праводзяцца “Арыент-шоу”, “Лабірынт-шоу”, адкрытыя першынствы раёна па спартыўным арыентаванні, першынство па спартыўным скалалажанні “Боўлдэрынг”. Нашы навучэнцы традыцыйна ўдзельнічаюць у гульнях клубаў вясёлых і знаходлівых. 24 лютага 2018 года адбыліся паўфінальныя гульні, а 31 сакавіка 2018 года пройдзе фінальная гульня, прысвечаная Году малой радзімы.

Каманда юных біятланістаў Старадарожскага раёна паказала высокія вынікі на абласных спаборніцтвах “Снежны снайпер”, якія нядаўна прайшлі ў Раўбічах. На самым высокім узроўні ў складзе зборнай Міншчыны выступалі 10 навучэнцаў Языльскай і 4 навучэнцы Горкаўскай сярэдніх школ Старадарожскага раёна. Вынікі Рэспубліканскіх спаборніцтваў “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба — бліскучая перамога старадарожцаў Юліі Казак, Вольгі Порубавай, Кірыла Сяргеева, Уладзіслава Сяргеева ў эстафетнай гонцы (у старшай узроставай групе). Асабісты ўклад у перамогу зрабіў Кірыл Амяльчэня: у яго — 2-е месца ў эстафетнай гонцы (у сярэдняй узроставай групе, разам з Мікалаем Лукашэнкам). “Серабро” ў спрынце атрымала Вольга Порубава.

Надзея ЦЕРАХАВА.