Выбраць сваю справу

- 9:34Авторские колонки, Рэмарка

“Настаўніцкая газета” прапанавала сваім чытачам чарговы новы праект — “Профіль”. На яго старонках плануецца публікаваць матэрыялы, прысвечаныя асаблівасцям арганізацыі профільнага навучання ва ўстановах адукацыі розных рэгіёнаў нашай краіны.

Наталля КАСТЭНКА

Профільная адукацыя ўсё больш уваходзіць у жыццё сучаснага школьніка і сучаснай школы. Мы лічым, што гэты пра­цэс будзе паступова развівацца. У профільных класах (групах) прафесійнай накіраванасці арганізавана вывучэнне асобных прадметаў, модуляў на павышаным узроўні і праводзяцца факультатыўныя заняткі, змест якіх звязаны з пэўным відам прафесійнай дзейнасці. Перспектывы ў профільнай адукацыі велізарныя. Выбіраючы профільны клас, навучэнцу важна не разгубіцца, выбраць профіль па душы і здольнасцях. Таму што ўжо сёння школьнік, магчыма, выбірае разам з профільным класам шлях у вялікае жыццё і будучую прафесію.

Прыемна ўсведам­ляць, што шырокае распаўсю­джанне профільных класаў пачалося з класаў педагагічнай накіраванасці. Педагог працуе з будучыняй грамадства, таму ў педагогіку павінны ісці лепшыя з лепшых, матываваныя і мэтанакіраваныя абітурыенты. Менавіта таму ідэя адраджэння дзейнасці профільных класаў педагагічнай накіраванасці знайшла падтрымку на дзяржаўным узроўні. Так, у 2014 годзе Прэзідэнт Рэс­публікі Беларусь А.Р.Лукашэнка ўхваліў прапанову вярнуць профільнае навучанне. А БДПУ выступіў з ініцыя­тывай увя­дзення профільнай педагагічнай падрыхтоўкі ў 10—11 класах. Пры наведванні педагагічнай УВА ў дзень стагадовага юбілею ўніверсітэта, 21 лістапада 2014 года, кіраўнік дзяржавы даў даручэнне разгледзець магчы­масць увядзення асаблівага парадку прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі для атрымання адукацыі па педагагічных спе­цыяльнасцях асоб, якія прайшлі навучанне ў профільных класах педагагічнай накіраванасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Так пачалася новая гісторыя профільных класаў у Беларусі.

Сто дарог — адна твая. Менавіта такі лозунг быў распаўсюджаны ў маім савецкім школьным дзяцінстве. Выпускніку і сёння адкрыты ўсе дарогі да набыцця запатрабаванай грамадствам прафесіі. Дзяржава прапануе маладому чалавеку неверагодны выбар. Педагагічныя і спартыўна-педагагічныя класы, інжынерныя і аграрныя, прававыя і ваенна-патрыятычныя, медыцынскія і іншыя. І гэта мы яшчэ не гаворым аб прэферэнцыях выпускнікам такіх класаў.

А яны немалыя. Як і ў мінулым годзе, для выпускнікоў профільных класаў прафесійнай накіраванасці захаваны дадатковыя магчымасці для паступлення. Абітуренты 2025 года — выпускнікі профільных класаў змогуць пасту­піць па субяседаванні на адпаведную спецыяльнасць педагагічнага, аграрнага, ваенна-патрыятычнага, спартыўна-педагагічнага, інжынернага напрамкаў. Для таго каб стаць студэнтам адпаведнай УВА без уступных выпрабаванняў, выпускнікам педагагічных, інжынерных, спартыўна-педагагічных і ваенна-патрыятычных профільных класаў трэба мець у дакуменце аб адукацыі адзнакі не ніжэйшыя за 8 па профільных і не ніжэйшыя за 7 па іншых вучэбных прадметах. А выпускнікам аграрных класаў па профільных прадметах наогул дастаткова 6 балаў. Акрамя таго, выпускнікам неабходна прадаставіць у прыёмную камісію рэкамендацыю педсавета ўстановы адукацыі, якую яны паспяхова скончылі, і прайс­ці субяседаванне.

На наш погляд, профільныя класы прафесійнай накіраванасці, акрамя таго, што арыентуюць заўтрашняга выпускніка на набыццё неабходнай дзяржаве і грамадству прафесіі, выконваюць яшчэ некалькі задач. Выбіраючы профільны клас, школьнік аналізуе свой патэнцыял, здольнасці і ўзровень ведаў. Ён развівае ў сабе стрэсаўстой­лівасць і ўпэўне­насць у сваіх сілах, напаўняе будзённае школьнае жыццё новымі цікавымі ведамі і знаёмствам з прафесіяналамі, якія, магчыма, стануць праз некалькі гадоў яго калегамі. І, нарэшце, школьнік робіць усвядомлены прафесійны выбар. А што можа быць важнейшым за тое, што ты сам выбіраеш сваю будучыню.

Фота на прэўю Алены КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВАЙ
выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі