Выбух, накіраваны на змены

Сустрэча ў фармаце стартапа заўсёды падобна на выбух вулкана. Праўда, замест лавы на свет з’яўляецца шмат задум. І калі спачатку многія з іх падаюцца неверагоднымі, то пры ажыццяўленні нават самыя заядлыя скептыкі схіляюць перад іх аўтарамі галаву. Такі творчы выбух адбыўся ў канцы лістапада на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў межах конкурсу інавацыйных праектаў у сферы вынікаў навуковай дзейнасці INNSTART­BSU 2019.

Работа конкурсу падзялілася на дзве секцыі: абарону праектаў, заснаваных на выніках навукова­тэхнічнай дзейнасці з камерцыялізацыяй у будучыні, і адбор студэнцкіх стартапаў для прасоўвання і пошуку фінансавання. Мерапрыемства, арганізаванае Стартап­цэнтрам БДУ, аб’яднала больш за 20 ініцыятыў і каля 100 удзельнікаў з розных факультэтаў установы.

“Пастарайцеся ў сваім маладзёжным асяроддзі данесці сябрам, што тут можа быць цікава, асабліва з пункту гледжання ўвасаблення задум, якія з’яўляюцца падчас навучання. Іх ідэі могуць убачыць свет на пляцоўцы ўніверсітэта, — звярнуўся да прысутных прарэктар па навуковай рабоце Васіль Сафонаў. — Хто хоча дасягнуць добрых вынікаў, знойдзе тысячы нагод, хто не — тысячы адгаворак”.

Карані першага прадстаўленага праекта — “Ройбатаў” (групавых робатаў для акадэмічных даследаванняў) бяруць пачатак у біялагічных навуковых пошуках. Дакладней — у назіраннях за паводзінамі мурашоў, тэрмітаў і пчол. Важным для разумення сутнасці ідэі распрацоўшчыкаў становіцца агульная характарыстыка насякомых — пракладанне найкарацейшага шляху да дома ці месца харчавання.

“Калі праект пачынаўся, мы планавалі сканцэнтравацца выключна на даследаванні алгарытмаў калектыўных паводзін. Але сутыкнуліся з тым, што мноства з платформ, якія ўжо існуюць у робататэхніцы, маюць недахопы: выкарыстанне ІЧ­(інфрачырвонага)­канала сувязі, адсутнасць модульнасці (агульных паводзін, якія падпарадкоўваюцца пэўным правілам) і інш. Але галоўным мінусам было тое, што робаты не маглі вылічваць азімутальныя напрамкі да найбліжэйшых прылад. Мы ж распрацавалі робатаў, якія ў якасці асноўнага канала выкарыстоўваюць радыёканал і маюць модульную пабудову, што вырашае акрэсленыя праблемы”, — патлумачыў студэнт­радыёфізік Андрэй Волкаў.

Думку аб тым, што робаты могуць быць цікавымі для свету, падзяляюць таксама распрацоўшчыкі ідэі адукацыйных мініяцюрных робатаў “Пікселі”. Хлопцы лічаць, што напісанне кодаў — гэта руціна, якая ў будучыні пяройдзе ў рукі штучнага інтэлекту. Таму каманда прапануе з дапамогай робатаў на трох узроўнях (пачатковым, прасунутым і прафесійным) спрыяць дзецям у засваенні школьных прадметаў. Па словах маладых людзей, з іх праектам перамагаюць усе: настаўнікі — у прастаце абсталявання і даступным тлумачэнні матэрыялу вучням, бацькі — у эканоміі на рэпетытарах, дзеці — у развіцці.

Кіраўнік праекта “Віртуозы навукі БДУ” Лізавета Бандарчык жартуе, што яе татэмная жывёла — манул — самы непаваротлівы і нязграбны прадстаўнік сямейства каціных. Праўда, гэта не зусім асацыіруецца з асобай няўседлівай студэнткі. У мэтах дзяўчыны і яе каманды — камерцыялізацыя ўніверсітэцкага праекта, які папулярызуе хімію на навуковым узроўні праз эксперымент. “Хімію — у масы”, — смяюцца студэнты.

Любоў Гаўрык акрэсліла ідэю стварэння кампактных ультрагукавых вылучальнікаў для біямедыцынскіх прымяненняў. Данііл Елісееў прадставіў макет інжынернай станцыі D3D Cube. Аспірант Арман Алексанян доўгі час раздумваў адкрыць у БДУ сетку фрэш­бараў. І прыйшоў на INNSTART­BSU 2019, каб зрабіць першы крок. А Іван Клімук разам з камандай паспрабаваў зазірнуць у будучыню (увесь сакрэт — у распрацоўцы сістэмы ўсталявання і абслугоўвання крыптабанкаматаў).

Гаспадыня ідэі BSU CLEAN Дзіяна Кавалёва лічыць, што найлепшым чынам яе можа характарызаваць вобраз гераіні Шуры з фільма “Службовы раман”. Дакладней, фраза, сказаная пра актывістку: “Аднойчы Шуру выпіхнулі на грамадскую работу і цяпер ніяк не могуць запіх­нуць назад”. Чатыры гады дзяўчына была задзейнічана ў самакіраванні студэнцкага інтэрната і зразумела, што пытанне чысціні ў пакоях — праблема, якая існуе не на словах. За невялікі час ініцыятыва паспела набыць уласны лагатып і прайшла праз некалькі маркетынгавых даследаванняў.

“Мая ідэя ў тым, каб адкрыць школу рэдактараў — адукацыйны праект, у межах якога людзі атрымаюць магчымасць навучыцца граматна пісаць тэксты”, — пачала сваё выступленне будучы журналіст Настасся Ларына. Аднак гэта для яе не першая абарона ініцыятывы: упершыню ідэя была прэзентавана ў конкурсе “Лепшы маладзёжны праект”, і на сёння дзяўчына можа пахваліцца першым выпускам сваіх слухачоў.

На непаўторнасць і адзінкавасць прэтэндавалі таксама праекты “Унікальныя імянныя падарункі” Марыі Пасцярук, “Карпаратыўная кавярня” Ільі Чарнушэвіча, “Каворкінг для дызайнераў” Ангеліны Старковай і мабільны дадатак “Apwion — рэальны фаст­фуд” Уладзіміра Сабаева.

Іван Скадорва паспрабаваў вырашыць праблему галаўнога болю не аднаго пакалення абітурыентаў і бацькоў. Хлопец перакананы, што сістэму выбару рэпетытараў­прадметнікаў, якая не мянялася на працягу гадоў, трэба мяняць. І дапамагчы ў гэтым зможа сэрвіс па рэпетытарстве, які стане не толькі пошукавай сістэмай, але і своеасаблівым партфоліа для спецыяліста, дзе будзе змешчаны персанальны рэйтынг вынікаў яго вучняў.

Крыху наперадзе іншых апынуўся праект­пераможца INNSTART­BSU 2019 “Насімая электроніка ­EL­Sense”. Аляксандр Семяновіч, які прадстаўляў распрацоўку, расказаў, што прылада­святлоадлюстравальнік можа мець зручную для заказчыка форму — значок, брошку, бэйдж, пярсцёнак ці нават бранзалет. Такое ўпрыгажэнне дапаможа чалавеку быць не толькі заўважным ці дапоўніць вобраз, але і дасць магчы­масць выкарыстоўваць яго з карысцю для здароўя. Гэтаму паспрыяюць убудаваныя датчыкі, мікрафон і святлодыёды, якія рэагуюць на выкіды сонца, вуглякіслага газу, вільготнасці ў паветры, колькасці сардэчных скарачэнняў і г.д. Каманда ў складзе Аляксандра Семяновіча, Ігара Чыжова, Максіма Кандратовіча і Рамана Мірановіча выйграла грант на ўдзел у штогадовай канферэнцыі для тэхналагічных прадпрымальнікаў і інвестараў “Стартап года”, што адбудзецца 14 снежня ў сталіцы.

Кажуць, што лепшыя вынаходніцтвы з’яўляюцца дзякуючы ляноце. Не ведаю, як у каго, але гісторыі гэтых студэнтаў гавораць, што шмат высілкаў спатрэбілася толькі на прасоўванне ідэі. А колькі працы наперадзе!

Ірына ІВАШКА.
Фота Аліны ЦІМАФЕЕВАЙ.