Выданне аператыўных магчымасцей

- 11:35"Настаўніцкай газеце" — 75

Аляксандр Маркавіч ФЕЛЬДМАН, настаўнік матэматыкі сярэдняй школы № 19 Мінска, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, пастаянны чытач і аўтар газеты.

Віншую калектыў “Настаўніцкай газеты” са знамянальнай датай — 75-годдзем з дня выхаду першага нумара.

Газету я выпісваю з першых дзён працы настаўнікам. Пасля заканчэння педінстытута мяне накіравалі ў школу Мінскага раёна, але калі прыехаў туды, то даведаўся, што месца занята. Вясной пачаў часова працаваць у васьмігодцы імя М.Ф.Гастэлы. Ездзіў туды на аўтобусе за 15 капеек. Праз год Інстытут фізкультуры закончыла мая сястра. Яе адправілі ў Валожынскі раён, і я паехаў разам з ёй.

Нас накіравалі ў Дорскую васьмігадовую школу (паміж Ракавам і Валожынам). Там я быў завучам, настаўнікам матэматыкі, гісторыі і спеваў. Праз два гады ажаніўся і вярнуўся ў Мінск, дзе пачаў працаваць у сярэдняй школе № 76 па вуліцы Беламорскай. Прапрацаваў 5 гадоў. Пасля перайшоў у сярэднюю школу № 19, дзе працую па сённяшні дзень.

Увесь гэты час, а гэта практычна 60 гадоў, я з’яўляюся чытачом “Настаўніцкай газеты”. На старонках выдання знаходжу цікавыя факты, публікацыі з вопыту работы настаўнікаў, артыкулы пра выдатных педагогаў.

Акрамя таго, некалькі гадоў сам з’яўляюся аўтарам “Настаўніцкай газеты”. На яе старонках дзялюся ўласнай сістэмай рашэння задач па матэматыцы. У 2017 годзе годзе выйшла мая кніга “Матэматыкі многа не бывае”, дзе прадстаўлены мой вопыт выкладання некаторых тэм вучэбнай праграмы па матэматыцы і распрацоўкі шэрага ўрокаў для профільных класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Дык вось, перад тым як ўсе гэтыя матэрыялы былі аформлены ў кнігу, іх надрукавалі ў “Настаўніцкай газеце”.

Менавіта газета прадастаўляе аператыўную магчымасць падзяліцца сваімі думкамі, наладзіць сувязь з калегамі, даведацца іх меркаванне. А матэматыка мяне ўвесь час натхняе. Увогуле матэматыка не толькі для ма­тэматыкі, яна і для фізікі, хіміі, літаратуры. Гэта той прадмет, які развівае мысленне вучня. Поспехі ў рабоце настаўніка — гэта поспехі яго вучняў. Іншага крытэрыю няма. Менавіта матэматыка стаіць на вяршыні ўсіх школьных навук.

А “Настаўніцкая газета” знаходзіцца на вяршыні ўсіх педагагічных знаходак, навацый і прафесійных навін. Жадаю калектыву газеты здароўя, дабрабыту, далейшых творчых пос­пехаў.

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.