Выдатная магчымасць умацаваць адносіны

Беларусь разлічвае на ўмацаванне адносін з Латвіяй дзякуючы сумеснаму правядзенню чэмпіянату свету па хакеі, як заявіў Сяргей Румас на сумесным пасяджэнні беларускага і латвійскага аргкамітэтаў па падрыхтоўцы да чэмпіянату свету 2021 года.

“Упэўнены, што сумеснае правядзенне чэмпіянату свету па хакеі дасць магчымасць яшчэ больш умацаваць нашы добрасуседскія адносіны. І ў Латвіі, і ў Беларусі ўжо набыты даволі вялікі вопыт паспяховага правядзення міжнародных спаборніцтваў. Латвія прымала чэмпіянат свету па хакеі ў 2006 годзе, Беларусь — у 2014-м. Паводле ацэнкі Міжнароднай федэрацыі хакея і балельшчыкаў, гэта былі вельмі паспяховыя чэмпіянаты”, — сказаў Сяргей Румас.

Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі вельмі сур’ёзна падыходзяць да правядзення чэмпіянату свету 2021 года, гэтае пытанне знаходзіцца на пастаянным кантролі кіраўніка дзяржавы. Сяргей Румас нагадаў, што нядаўна падпісаны ўказ, які рэгламентуе пытанні правядзення чэмпіянату, устанаўлівае бязвізавы рэжым для балельшчыкаў, а таксама рэгулюе іншыя аргпытанні.

Кіраўнік урада прапанаваў на сустрэчы зверыць гадзіннікі: разгледзець арганізацыйныя пытанні і сканцэнтравацца на сумесных рашэннях, якія неабходна прыняць у найбліжэйшы час.

Прэм’ер-міністр Латвіі Крыш’яніс Карыньш у сваю чаргу адзначыў, што хакей — важны від спорту і для Беларусі, і для Латвіі. “Мы, сапраўды, вельмі рады праводзіць гэты чэмпіянат і задаволены, што будзем рабіць гэта з вамі, — дадаў ён. — Што тычыцца практычных пытанняў, звязаных з граніцай, транспартам, мы збіраемся зрабіць усё, што ад нас залежыць”.