На гэтых днях Міністэрства адукацыі наведала дэлегацыя прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь на чале з яе кіраўніком Андрэа Вікторын. Важнай нагодай для сустрэчы з міністрам адукацыі Міхаілам Анатольевічам Жураўковым стала падпісанне дакументаў, неабходных для рэалізацыі Праграмы дзеянняў для развіцця занятасці насельніцтва, прафесійнай адукацыі і навучання ў нашай краіне, якая будзе інвеставацца Еўрапейскім саюзам.
Калі гаварыць пра гэтую праграму больш дакладна, то асновай для яе падрыхтоўкі паслужыла паспяховае выкананне Беларуссю міжнародных праектаў пры падтрымцы Еўрапейскага фонду адукацыі, нямецкай арганізацыі DVVInternational, UNIVOC, а таксама пад уплывам уступлення нашай краіны ў Балонскі працэс і міжнародны WorldSkills International.
Згодна з дамоўленасцямі з Еўрасаюзам, была прынята адпаведная пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23 кастрычніка 2015 года № 896 аб рэалізацыі гэтай праграмы ў нашай краіне. Яе мэтай з’яўляецца падтрымка занятасці насельніцтва і прафесійнай адукацыі як важнага інструмента сацыяльна-эканамічнага развіцця, забеспячэння эканомікі кваліфікаванымі кадрамі, паляпшэння перспектыў жыццядзейнасці маладых людзей і дарослага насельніцтва шляхам павышэння ўзгодненасці патрэб рынку працы і прапаноў сістэмы прафесійнай адукацыі, а таксама павышэнне якасці і прывабнасці сістэмы прафесійнай адукацыі Беларусі.
Важным момантам з’яўляецца ўмацаванне сувязі паміж прапановамі сістэмы прафесійнай адукацыі і попытам на рынку працы для забеспячэння эканомікі запатрабаванымі кваліфікаванымі кадрамі і стварэннем умоў для іх бесперапыннага развіцця, а таксама прыняцце мер па павышэнні даступнасці і забеспячэнні якасці прафесійнай адукацыі, удасканаленне механізма прагназавання патрэб рынку працы і павышэння магчымасцей працаўладкавання чалавечых рэсурсаў.
Рэалізацыя названых мэт плануецца ў рамках двух кампанентаў вышэйназванай праграмы. Першы кампанент “Умацаванне сувязі паміж прафесійнай адукацыяй і рынкам працы з мэтай павышэння адпаведнасці прапановы і попыту кваліфікацый у кантэксце забеспячэння бесперапыннага навучання” накіраваны на стварэнне нацыянальнага / галіновага механізма для ўстанаўлення дыялогу паміж сацыяльнымі партнёрамі і сістэмай прафесійнай адукацыі. У рамках першага кампанента плануецца стварэнне і арганізацыя работы сектаральных саветаў у трох галінах эканомікі — машынабудаванне, будаўніцтва, энергетычная галіна (аднаўляльныя крыніцы энергіі) і абарона навакольнага асяроддзя. У рамках гэтага кампанента прадугледжваецца распрацоўка адпаведных галіновых рамак кваліфікацый, 20-ці прафесійных і адукацыйных стандартаў кампетэнтнаснага фармату, механізма сертыфікацыі кампетэнцый і кваліфікацый, распрацоўка Нацыянальнай стратэгіі развіцця навучання на працягу ўсяго жыцця і эфектыўных механізмаў фінансавання сістэмы прафесійнай адукацыі.
Другі кампанент “Паляпшэнне сістэмы забеспячэння якасці і развіццё перадавых цэнтраў у сістэме прафесійнай адукацыі” прадугледжвае мерапрыемствы па вызначэнні найважнейшых праблем, якія павінна вырашаць у ходзе мадэрнізацыі сістэмы прафесійнай адукацыі, уключаючы забеспячэнне якасці адукацыі, удасканаленне патэнцыялу ўстаноў прафесійнай адукацыі і магчымасцей працаўладкавання выпускнікоў.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца развіццю інклюзіўнай прафесійнай адукацыі, удасканаленню прафесійнай кампетэнтнасці кіруючых і педагагічных работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі. Акрамя таго, плануецца стварэнне Міжгаліновага рэсурснага вучэбнага цэнтра для апераджальнай прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне экалогіі, энергетыкі і аднаўляльных крыніц энергіі. Усе кампаненты будуць рэалізаваны Еўрапейскім саюзам праз прамое цэнтралізаванае кіраванне і з неабходным аб’ёмам фінансавання.
— Сфера прафесійнай адукацыі — адзін з важных кірункаў адукацыйнай галіны, які вызначае развіццё эканомікі любой краіны, — адзначыў Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў. — Гэта, безумоўна, вельмі сур’ёзнае пытанне, якое імкнуцца вырашыць у кожнай краіне, у тым ліку і ў Беларусі. Сёння мы з задавальненнем можам адзначыць, што мы не толькі захавалі нашу сістэму прафесійнай адукацыі, але і за час незалежнасці нашай краіны істотна яе ўдасканалілі і развілі.
Разам з тым патрабаванні часу дыктуюць новыя правілы. На рынку працы патрэбны новыя прафесіі, у тым ліку і ў сферы прафесійнай адукацыі, для падрыхтоўкі рабочых кадраў. Вельмі востра стаіць пытанне занятасці насельніцтва, у тым ліку моладзі, прадастаўлення рабочых месцаў на рынку працы з улікам новых патрабаванняў і новых кваліфікацый. Таму ў вырашэнні гэтых пытанняў ва ўнісон з еўрапейскімі тэндэнцыямі дапаможа прапанаваная Еўрапейскім саюзам новая праграма, якая, па сутнасці, мае мэтай удасканаліць сістэму прафесійнай адукацыі для больш паспяховага развіцця эканомікі.
— Я ўпэўнены, што за 5-гадовы перыяд выканання гэтай праграмы мы зможам перайсці на новы ўзровень развіцця прафесійнай адукацыі ў нашай краіне, — заявіў М.А.Жураўкоў. — Мы знойдзем новыя шляхі па фарміраванні працоўных рэсурсаў, у тым з ліку маладых кадраў. Будзе мадэрнізавана Нацыянальная сістэма кваліфікацый, якая створыць самыя спрыяльныя ўмовы для паспяховага тандэма паміж сістэмай адукацыі і заказчыкамі кадраў.
Андрэа Вікторын — вельмі вядомая асоба ў еўрапейскім супольніцтве. Яна займала кіруючыя пасады ў дыпламатычных місіях. Але самай важнай пасадай яна лічыць для сябе настаўніцтва. Менавіта з педагагічнай дзейнасці пачыналася яе кар’ера, і гэтым статусам яна ганарыцца і цяпер.
— Для мяне адукацыйная галіна — добра вядомая і самая любімая сфера дзейнасці, — паведаміла Андрэа Вікторын, — таму супрацоўніцтва Еўрапейскага саюза з Беларуссю, у тым ліку і ў адукацыйнай сферы, лічу вельмі значнай, эпахальнай падзеяй і высока гэта ацэньваю.
Андрэа Вікторын адзначыла прыкметныя падзеі, якія адбываюцца ў сферы адукацыі Беларусі, асабліва ў павышэнні рэйтынга вышэйшай школы, у тым ліку і за кошт уступлення Беларусі ў Балонскі працэс, што з’яўляецца, па сутнасці, пераломным момантам на шляху далейшага развіцця сістэмы адукацыі ў Беларусі і яе інтэграцыі ў еўрапейскую прастору. Прадстаўнік Еўрасаюза нагадала і такі адметны факт з гісторыі нашай сістэмы прафесійнай адукацыі, як уступленне Беларусі ў WorldSkills International.
— Няма сумненняў, што гэты крок дазволіць павысіць прэстыж прафесійнай адукацыі, яе прывабнасць у параўнанні з вышэйшай школай, дапаможа ўзбагаціць яе з улікам сусветных дасягненняў і ўрэшце павялічыць колькасць маладых людзей у выбары рабочых прафесій, — адзначыла Андрэа Вікторын. — Трэба сказаць, што, мяркуючы па сусветных тэндэнцыях, сёння Беларусь знаходзіцца ў ліку тых краін, якія вельмі актыўна займаюцца ўдасканаленнем сістэмы прафесійнай адукацыі. У вашай краіне вельмі добра разумеюць, што для развіцця інавацыйнай эканомікі, для агульнага поспеху краіны неабходна новая рабочая сіла, высокі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі, дасканалая сістэма кваліфікацый. Усе гэтыя кампаненты — своеасаблівыя крыніцы трывалай эканомікі і спрыяльнай сітуацыі на рынку працы. Неабходна і далей імкнуцца да таго, каб пераканаць грамадства, непасрэдна маладых людзей у тым, што найбольш перспектыўнай сферай на будучыню з’яўляецца прафесійная адукацыя. У сувязі з гэтым неабходна выкарыстоўваць усе формы прапагандысцкай работы, прафесійнай арыентацыі, папулярызацыі кар’еры рабочага.
— Мы разумеем, што адной кваліфікацыяй і адным дыпломам ужо не абысціся, — працягвала Андрэа Вікторын. — Трэба прадастаўляць нашым грамадзянам магчымасць вучыцца ўсё жыццё, удасканальваць свае веды і прафесійныя навыкі з улікам патрабаванняў работадаўцаў і ствараць такую сістэму адукацыі, якая б дазваляла набываць навучэнцам тыя кампетэнцыі, якія будуць запатрабаваны на рынку працы.
— Наша сумесная праграма дзеянняў, якую мы збіраемся разам рэалізоўваць, стане выдатнай пляцоўкай для выбудовы паміж намі партнёрскіх адносін у сферы развіцця прафесійнай адукацыі, месцам дыялогу паміж міністэрствамі і ведамствамі, паміж сферай адукацыі і заказчыкамі кадраў. І ўсё гэта з адной мэтай — зрабіць нашу краіну яшчэ больш эканамічна развітой, — заявіў М.А.Жураўкоў.
Акрамя Міністэрства адукацыі, асноўнымі партнёрамі праграмы выступаюць Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства эканомікі, Нацыянальны статыстычны камітэт.
Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.