Да міжнароднага руху WorldSkills наша краіна далучылася ўсяго некалькі гадоў назад. Пачатак конкурсу прафесійнага майстэрства быў хвалюючым як для арганізатараў, так і для ўдзельнікаў. Аднак ужо на першым чэмпіянаце майстэрства выкладчыкаў, майстроў вытворчага навучання, трэнераў каманд, зацікаўленасць таленавітых навучэнцаў, студэнтаў і працоўнай моладзі паказала, што Беларусь можа з лёгкасцю канкурыраваць у прафесійным спаборніцтве на міжнароднай прасторы.
Нядрэнна выступіла і Гомельская вобласць, паклаўшы ў скарбонку дасягненняў 8 дыпломаў. Дыплом І ступені ў кампетэнцыі “Каменныя работы” атрымаў навучэнец Рагачоўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага будаўнічага каледжа Анатоль Карасёў. Яшчэ адным дыпломам за 3-е месца ў кампетэнцыі “Абліцовачныя работы” быў узнагароджаны Аляксандр Піменаў. Вядома, такі вынік акрыліў, надаў упэўненасці як кіраўніцтву і педагагічнаму калектыву каледжа, так і навучэнцам. Цяпер ужо не было ніякіх сумненняў і страху, толькі рашэнне: рыхтуемся і ўдзельнічаем.
Варыцца ў сваім саку не сталі, пачалі знаёміцца і вывучаць вопыт падрыхтоўкі да прафесійных спаборніцтваў сваіх калег з іншых краін. Перш за ўсё калег з расійскіх устаноў адукацыі, з якімі ў каледжа наладжана даўняе супрацоўніцтва. Паралельна ішла падрыхтоўка да чарговага спаборніцтва, у якім пазней дваім навучэнцам каледжа — Дзмітрыю Кандрашову і Аляксею Крышнёву — былі прысуджаны 3-я месцы.
Сёлета вырашылі абмеркаваць фарміраванне прафесійнага майстэрства на аснове стандартаў WorldSkills у рамках міжнароднага семінара-практыкуму, арганізатарамі якога выступіў рагачоўскі каледж.
Удзел у трохдзённым мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі бюджэтных прафесійных адукацыйных устаноў “Разанскі будаўнічы каледж імя Героя Савецкага Саюза В.А.Бяглова”, “Жалезнаводскі мастацка-будаўнічы тэхнікум”, “Арлоўскі рэстаўрацыйна-будаўнічы тэхнікум”, Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя М.А.Кедышкі. У першы дзень семінара далучыліся таксама намеснік начальніка аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і прафесійнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Чорненькі і намеснік дырэктара абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесiйнай адукацыi Таццяна Ляпусціна.
Галоўнай мэтай сустрэчы арганізатары ставілі абмеркаванне асноўных напрамкаў дзейнасці ўстаноў адукацыі дзвюх краін па пытаннях павышэння прафесійнага майстэрства педагогаў пры падрыхтоўцы ўдзельнікаў конкурсу WorldSkills і магчымасць абмяняцца вопытам па арганізацыі падрыхтоўкі і работы спаборніцкіх пляцовак міжнароднага чэмпіянату. Аднак варта адзначыць, што семінар-практыкум выйшаў далёка за рамкі абазначаных задач. На працягу трох дзён удзельнікі дзяліліся мноствам думак і меркаванняў, расказвалі пра свой вопыт, дэманстравалі свае падыходы і формы работы.
Першы дзень семінара пачаўся з пасяджэння круглага стала. Выступленні, абмеркаванні, пытанні — дыялог атрымаўся жывы і цікавы.
Аб тым, як рыхтуюцца да ўдзелу ў конкурсе ў Рагачоўскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы будаўнікоў, а яго навучэнцы паказваюць сваё майстэрства ў дзвюх кампетэнцыях — “Каменныя работы” і “Абліцовачныя работы”, расказала метадыст установы Таццяна Арэф’ева. Пакуль ішоў семінар, у майстэрнях кіпела работа: хлопцы адточвалі майстэрства. Трэцякурснік Аляксей Крышнёў і навучэнец 1 курса Віталь Палтаран выкладваюць з цэглы зубра, а іх сябар Дзяніс Клокун, прымяраючы і выразаючы мудрагелістыя кавалачкі з чырвонай керамічнай пліткі, “вымалёўвае” на сцяне майстэрні абрысы нашай краіны.
Як арганізаваць работу пляцоўкі па падрыхтоўцы да прафесійнага спаборніцтва — пытанне нескладанае. А вось калі гаварыць пра будаўнічыя прылады і механізмы, якія патрабуюцца пры выкананні пэўных будаўнічых работ, то тут часта ўзнікаюць некаторыя праблемы. Як правіла, фінансавага плана: далёка не кожная ўстанова можа дазволіць сабе набыць такія дарагія рэчы, а без іх, як адзначалі на семінары спецыялісты, падрыхтоўка не будзе паўнавартаснай. Але ж і тут знаходзяць выхад, добра, што многія арганізацыі-вытворцы гатовы прадастаўляць абсталяванне ў арэнду. Пра гэта шмат расказвалі прадстаўнікі расійскіх адукацыйных устаноў. Выступленні гасцей былі цікавымі і разнапланавымі. Па сутнасці, вялікіх адрозненняў у падрыхтоўчых работах да конкурсу WorldSkills няма, аднак кожны дзяліўся асабістымі думкамі і назіраннямі, расказваў пра свой вопыт, тыя падводныя камяні, якія часам узнікаюць.
Пасля пасяджэння круглага стала і абмену думкамі ўдзельнікі семінара-практыкуму наведалі майстэрні каледжа і рэсурсны цэнтр установы.
Другі дзень мерапрыемства насіў ужо практычны характар: правядзенне майстар-класаў па некалькіх кампетэнцыях.
Майстар-клас па каменных і абліцовачных работах прадэманстравалі разам з лепшымі навучэнцамі майстры вытворчага навучання Рагачоўскага каледжа будаўнікоў Валерый Патапеня і Людміла Аляхновіч. З тэхналогіяй выканання сувенірнай прадукцыі з гіпсу ўдзельнікаў семінара і навучэнцаў каледжа пазнаёмілі педагогі Арлоўскага рэстаўрацыйна-будаўнічага тэхнікума.
Апошні дзень семінара быў прысвечаны дыялогу. Калегі абмяркоўвалі прафесійнае ўзаемадзеянне навучальных устаноў, вопыт і перспектывы ў падрыхтоўцы навучэнцаў па стандартах WorldSkills.
— Узысці на прафесійны алімп у такіх прэстыжных спаборніцтвах, як WorldSkills — значнае дасягненне для маладых рабочых, — адзначыў дырэктар Рагачоўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага будаўнічага каледжа Сцяпан Рыжэўскі. — Гэта сур’ёзнае дасягненне таксама і для навучальнай установы. Па-першае, перамогі нашых хлопцаў служаць доказам высокапрафесійнага ўзроўню майстроў вытворчага навучання і педагогаў каледжа. Па-другое, мы становімся вядомымі за межамі краіны, і гэта дае нам пэўнае развіццё.
Дарэчы, якраз дзякуючы ўдзелу ў руху WorldSkills, у рагачоўскага каледжа наладзілася супрацоўніцтва з расійскімі ўстановамі адукацыі будаўнічага кірунку. І гэта толькі пачатак. Чэмпіянат з’яўляецца платформай, якая дае станоўчы адукацыйны вынік, прычым гэта добрая школа як для навучэнцаў, маладых рабочых, так і для педагогаў устаноў прафесійнай адукацыі.
— Сустракаючыся з калегамі і экспертамі ў рамках конкурсу, педагогі могуць прааналізаваць, якія патрабаванні існуюць у свеце да падрыхтоўкі рабочых, і ўнесці карэктывы ў навучальны працэс сваёй установы і нашай краіны ў цэлым, — лічыць намеснік дырэктара Гомельскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесiйнай адукацыi Таццяна Ляпусціна.
Наталля ЛУТЧАНКА.