Выдатны настрой свята

Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў прырода падрыхтавала шчодры яркі букет з золата і чырвані. Залітыя сонечным святлом вуліцы вёсак і пасёлкаў радавалі вока і запальвалі на тварах усмешкі. Як тут ні быць выдатнаму настрою! Яго і ўзялі з сабой настаўнікі Воранаўшчыны, адпраўляючыся на ўрачыстае мерапрыемства ў Забалоцкую сярэднюю школу.
Гасцей каля парога школы сустракалі прыбраныя вучні. “Са святам!” — усклікалі хлопцы і дзяўчаты і праводзілі ў фае, упрыгожанае яркімі самаробнымі кветкамі, што змайстравалі таленавітыя забалоцкія педагогі. Да афіцыйнага пачатку мерапрыемства быў яшчэ час для цёплых зносін з калегамі, добрых успамінаў і шчырых віншаванняў. Неўзабаве ўжо ва ўрачыстай атмасферы зычэнні выказалі начальнік аддзела адукацыі Воранаўскага райвыканкама Валянціна Люленка, яе намеснік Павел Тарчынскі і старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ірына Зубель.

Яны пажадалі прысутным таленавітых вучняў, новых здзяйсненняў і невычэрпных ідэй. А ветэранам педагагічнай працы выказалі словы ўдзячнасці за патрэбныя словы-падказкі, за тое, што і сёння яны жыва цікавяцца жыццём школы.

У прафесійныя святы прынята адзначаць лепшых з лепшых. Больш як 50 педагогам Воранаўскага раёна ўручылі заслужаныя ўзнагароды.

Аксана АНДРУКОНІС,
класны кіраўнік 7 класа Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *