Словамі вітання, падзякі за ўдалае выступленне, з усмешкамі на тварах і радасцю ў сэрцы сустракалі ў аўторак нашых лыжных акрабатаў, удзельнікаў ХХІХ Сусветнай зімовай універсіяды, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту, студэнты і выкладчыкі БДПУ і БДУФК, журналісты, сябры. Асаблівая ўвага нашым “залатым” чэмпіёнам — Аляксандры Раманоўскай і Арцёму Башлакову.
Яшчэ ў нядзелю ўся краіна радавалася “золату” Аляксандры ў асабістых спаборніцтвах па фрыстайле, як ужо ў панядзелак з Краснаярска прыйшла чарговая радасная навіна: другое “золата”!
І зноў на п’едэстал пашаны сталіцы ХХІХ Сусветнай зімовай універсіяды ўзнялася студэнтка БДПУ імя Максіма Танка Аляксандра Раманоўская. Разам з таварышам па камандзе студэнтам БДУФК Арцёмам Башлаковым яны паспяхова выступілі ў змешанай каманднай акрабатыцы, набраўшы ў выніку 182,42 бала.
“Ва ўпартай барацьбе вы прадэманстравалі свае лепшыя спартыўныя якасці — волю да перамогі, упартасць у дасягненні мэты, самавалоданне і цудоўнае майстэрства. Дэманструючы вышэйшы пілатаж у сваіх выступленнях, вы працягваеце слаўныя традыцыі беларускай школы фрыстайла”, — адзначыў у віншаванні міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка.
Асабліва прыемна, што ўзнагароды былі заваяваны напярэдадні 8 Сакавіка. Хаця, як прызналася Аляксандра, для яе найлепшы падарунак — гэта правесці час побач з любімымі людзьмі, сям’ёй, таму дзяўчына вельмі рада, што напярэдадні свята вярнулася дадому. “Я проста намагалася выступіць добра і не думала, што так усё атрымаецца. Перад універсіядай яшчэ адчувалася стомленасць ад чэмпіянату свету, але ўдалося сабрацца і паказаць выдатны вынік. Яшчэ шмат над чым трэба працаваць, а пакуль што хочацца проста адпачыць і новы сезон пачынаць з новымі сіламі. Працаваць будзем у асноўным над патройным сальта, магчыма, дабавім піруэты”, — адзначыла чэмпіёнка.
Запомнілася Аляксандры і святочная, дружная атмасфера ўніверсіяды, высокая арганізацыя спаборніцтваў. А нам, балельшчыкам, безумоўна, запомніліся эмоцыі, якія падарылі і, спадзяёмся, яшчэ падораць нашы спартсмены-студэнты, удзельнікі ХХІХ Сусветнай зімовай універсіяды. “Уся краіна радуецца разам са студэнтамі, паколькі яны прынеслі нам шмат станоўчых эмоцый, калі падымаліся на вышэйшую прыступку п’едэстала. Універсіяда ў самым разгары, і мы будзем працягваць хвалявацца за нашых спартсменаў. Мы традыцыйна ўрачыста сустракаем іх на радзіме ў Нацыянальным аэрапорце, тым самым выказваючы падзяку за перажытыя эмоцыі, за добрыя, радасныя ўражанні. Заўсёды выклікае радасць і гонар, калі нашы спартсмены, тым больш студэнты, становяцца на міжнародных спаборніцтвах першымі”, — адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Аляксандр Мікалаевіч Мацюшонак.
Працягваем хварэць за нашых спартсменаў, жадаем ім новых перамог, рэкордаў і з нецярпеннем чакаем вяртання на родную зямлю. А чэмпіёнак, сённяшніх і будучых, яшчэ раз з надыходзячым жаночым святам!
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.