Выдатны шанс для прадпрымальнай моладзі

БДУ сумесна з Паркам высокіх тэхналогій ў красавіку — маі правядуць II Міжнародны конкурс стартап-праектаў і канферэнцыю BizTech BSU StartUp Contest. Мерапрыемства накіравана на аказанне дапамогі моладзі ў прасоўванні і рэалізацыі ідэй, развіццё прадпрымальніцкага мыслення і прыцягненне прадстаўнікоў бізнес-супольнасці да ўдзелу ў адукацыйных праектах універсітэта.

У конкурсе могуць прыняць удзел школьнікі, студэнты, маладыя навукоўцы і прадпрымальнікі, якія ўжо маюць стартап-праект на любой стадыі развіцця. Іх ідэі ацэняць прадстаўнікі бізнес-супольнасці, банкаўскія работнікі і выкладчыкі БДУ.

Стартапы будуць падзелены на пяць катэгорый: BizTech юніёр (для школьнікаў), сацыяльна значныя, адукацыйныя, глабальныя і фінтэх-стартапы. Прыём заявак ажыццяўляецца да 20 красавіка. Падрабязная інфармацыя на гэты конт ёсць на сайце конкурсу http://2018.biztech.by/.

Мерапрыемства пройдзе ў некалькі этапаў. На працягу трох тыдняў (з 20 красавіка да 10 мая) будзе арганізаваны віртуальны хакатон. Канкурсанты шляхам дыстанцыйнага ўзаемадзеяння з вопытнымі ментарамі могуць як след падрыхтаваць свае ідэі для прэзентацыі і абароны перад патэнцыяльнымі інвестарамі. 24— 27 красавіка адбудзецца канферэнцыя і акселерацыйная праграма, дзе плануецца ўдзел вельмі аўтарытэтных спікераў, у тым ліку замежных, якія правядуць тэматычныя майстар-класы. Акрамя таго, усе жадаючыя змогуць бясплатна апублікаваць тэзісы сваіх дакладаў у зборніку матэрыялаў канферэнцыі.

Абарона праектаў і адбор фіналістаў пройдзе 11 мая, фінал — 18 мая. Аўтары лепшых праектаў атрымаюць падтрымку інвестараў. У прыватнасці, яны змогуць прайсці стажыроўку ў кампаніях, якія праявяць цікавасць да іх распрацовак. Таксама беларускі бізнес-інавацыйны цэнтр EEN Belarus акажа садзейнічанне па размяшчэнні праектаў у Еўрапейскай сетцы падтрымкі трансферу тэхналогій, развіцця прадпрымальніцтва і ўстанаўлення партнёрстваў у галіне навуковых даследаванняў (Enterprise Europe Network — EEN).

Падрыхтавала Галіна СІДАРОВІЧ.