Выдатны вынік каманднай работы

- 11:56Адукацыйная прастора

Каманда адзінаццацікласнікаў Магілёўскай вобласці бліскуча выступіла на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Упершыню па колькасці заваяваных пераможных дыпломаў прадстаўнікі рэгіёна занялі лідзіруючую пазіцыю.

У аснове сістэмы работы па падрыхтоўцы да ўдзелу ў алімпіядным руху на Магілёўшчыне — настаўнік і акцэнт на асобу дзіцяці.

— На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах каманда Магілёўшчыны была прадстаўлена 71 удзельнікам з ліку навучэнцаў 11 класаў. Усе яны выступілі годна. Імі было заваявана 36 пераможных дыпломаў, 8 пахвальных водзываў, а таксама ўручаны 3 спецыяльныя прызы ад міністра адукацыі. Значна, што па асобных вучэбных прадметах нашы навучэнцы заваявалі па некалькі пераможных дыпломаў. Так, на алімпіядзе па біялогіі было заваявана чатыры дыпломы. У алімпіядзе па фізічнай культуры і здароўі ўдзельнічалі трое навучэнцаў, і імі заваявана тры дыпломы. Таксама па тры дыпломы прадстаўнікі рэгіёна атрымалі на алімпіядах па астраноміі, абслуговай працы, тэхнічнай працы, геаграфіі, хіміі. Характэрна, што асобныя настаўнікі падрыхтавалі некалькіх пераможцаў. Напрыклад, па два прызёры — у настаўніц Магілёў­скага абласнога ліцэя № 1 Алены Міхайлаўны Лось і Людмілы Мікалаеўны Гетманавай, настаўніцы сярэдняй школы № 33 Магілёва Наталлі Мікалаеўны Круталевіч і настаўніка Вішоўскай сярэдняй школы Бялыніцкага раёна Леаніда Пятровіча Галушкіна. Увогуле, больш за палову ўдзельнікаў нашай каманды вярнуліся дадому з узнагародамі. Гэта дасягненне дазволіла Магілёўскай вобласці стаць лідарам алімпіяды па колькасці дыпломаў у камандным заліку. Такога выніку мы дасягнулі ўпершыню, — расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама А.Б.Заблоцкі.

Высокае дасягненне магілёўскіх школьнікаў яскрава сведчыць пра тое, што ў рэгіёне склалася свая станоўчая сістэма работы па выяўленні і развіцці здольнасцей навучэнцаў. Што, у прынцыпе, заканамерна. Бо ў апошні час гэтаму напрамку работы ўстаноў адукацыі ўдзялялася вялікая ўвага.

— Асаблівы ўпор спецыялістамі ўсіх узроўняў быў зроблены на развіццё алімпіяднага руху, бо менавіта ён сёння з’яўляецца самай масавай і эфектыўнай формай рэалізацыі здольнасцей навучэнцаў. Быў распрацаваны шэраг мер, пэўных новаўвя­дзенняў у падрыхтоўцы, накіраваных на паляпшэнне паказчыкаў у алімпіядным руху. І сёння мы можам канстатаваць, што ў гэтай рабоце мы дасягнулі рэальных пазітыўных змен, — паведаміў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама І.Г.Лашкевіч.

Паводле яго слоў, годнае выступленне каманды вобласці на рэспубліканскай алімпія­дзе — вынік каманднай работы з сістэмным падыходам. Сёння яна ўяўляе сабой прапрацаваны на ўсіх узроўнях механізм, у аснове якога — настаўнік і акцэнт на асобу дзіцяці.

— Уся работа пачынаецца з выяўлення педагогамі здольных навучэнцаў. Яны ўдзельнічаюць у малышковых алімпіядах, якія арганізуюцца абласным інстытутам развіцця адукацыі, алімпіядах унутры ўстаноў, якія праводзяцца абласнымі ліцэямі. Наступны этап для адораных навучэнцаў — уключэнне ў алімпіядны рух. Удзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах папярэднічае істотная падрыхтоўчая работа, якая першасна ажыццяўляецца канкрэтнымі настаўнікамі на месцах праз факультатыўныя, стымулюючыя заняткі. Пасля трэцяга этапу алімпіяды з лепшымі навучэнцамі пачынаецца работа на ўзроўні вобласці. З імі займаюцца самыя вопыт­ныя настаўнікі-прадметнікі рэгіёна. Навучанне ажыццяўляецца на вучэбных зборах. Сёлета мы крыху змянілі іх фармат. Яны праводзіліся ў тры этапы працягласцю ў тыдзень. Раней заняткі традыцыйна праводзіліся на базе МДАІРА, зараз былі арганізаваны таксама і ў рэгіянальных універсітэтах, што дазволіла нам зрабіць упор на практыка-арыентаваны падыход. Акрамя таго, дадатковая падрыхтоўка вялася і на базе апорных устаноў адукацыі, за якімі былі замацаваны пэўныя вучэбныя прадметы. Таксама мы правялі анлайн-алімпіяду, якая стала своеасаблівай трэніроўкай да ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды, — адзначыў І.Г.Лашкевіч.

Нягледзячы на няпростую эпідэміялагічную сітуацыю, магілёўскія школьнікі старанна рыхтаваліся дыстанцыйна і спадзяваліся на тое, што алімпіяда ўсё ж адбудзецца.

— Для кожнага з навучэнцаў гэта было асабліва важна, а для адзінаццацікласнікаў, напэўна, асабліва. Бо, атрымаўшы пераможны дыплом, яны фактычна становяцца студэнтамі. Важна і маральнае задавальненне. Многія прадстаўнікі нашай каманды ўдзельнічалі ў алімпіядным руху па 5—6 гадоў, і чарговая перамога дазволіла ім годна завяршыць гэты нялёгкі шлях, — падкрэсліў І.Г.Лашкевіч.

Магілёўскія навучэнцы па выніках сёлетняй рэспублікан­скай алімпіяды сапраўды здзейснілі своеасаблівы прарыў. Раней каманда вобласці толькі аднойчы ўваходзіла ў тройку пераможцаў, а сёлета змагла выбіцца ў лідары. Як было неаднаразова падкрэслена: такое высокае дасягненне — вынік сістэмнай, мэтанакіраванай каманднай работы. І важна, што дзейнасць кожнага на шляху да агульнага поспеху не застанецца незаўважанай. Увага гэтаму аспекту ў­дзяляецца на ўзроўні кіраўніцтва рэгіёна. Штогод пераможцы рэспубліканскай алімпіяды, а таксама педагогі, якія іх падрыхтавалі, трэнеры каманд, атрымліваюць спецыяльныя дыпломы і прэміі ад старшыні аблвыканкама. Бацькам пераможцаў алімпіяды ўручаюцца падзячныя лісты.

Усё гэта, несумненна, сты­мулюе на плённую працу. Дарэчы, педагогі і навучэнцы Магілёўшчыны нацэлены на паўтор сёлетняга бліскучага выступлення на рэспублікан­скай алімпіядзе ў будучым навучальным годзе.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва аўтара.