Выдатныя аналітыкі

- 9:35Адукацыйная прастора, Алімпіядны рух

Абсалютнымі пераможцамі трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве, які прайшоў у Мінску, сталі Андрэй Казлоў, вучань 10 класа гімназіі № 7 Мінска, і Валянцін Шыдлоўскі, вучань 11 класа сярэдняй школы № 204 Мінска.

Алімпіяда праходзіла на базе гімназіі № 5 Мінска імя герояў сустрэчы на Эльбе. У ёй прынялі ўдзел 90 вучняў 10—11 класаў па 45 чалавек у кожнай паралелі, у тым ліку трое навучэнцаў 9 класа выступалі за 10 клас. 

У склад журы алімпіяды традыцыйна ўваходзяць выкладчыкі ўніверсітэтаў (эканамісты, юрысты, псіхолагі, сацыёлагі) і настаўнікі старшых класаў.

— Грамадазнаўства як дысцыпліна ўяўляе сабой суму ведаў па эканоміцы, палітыцы, дзяржаўным кіраванні, праве, псіхалогіі, філасофіі, сацыялогіі і іншых сферах развіцця грамадства. Удзельнікі алімпіяды дэманстравалі веды па-за межамі школьнай праграмы, — адзначыла старшыня журы Вольга Яўгенаўна Пабярэжная, кандыдат палітычных навук, намеснік дэкана па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях юрыдычнага факультэта БДУ. — Тэарэтычны тур уключаў шэраг аналітычных задач, пры рашэнні якіх школьнікі праяўлялі здольнасці да аналізу і творчага асэнсавання прапанаваных заданняў, уменне супастаўляць, суадносіць, выказваць свае думкі. Практычны тур прадугледжваў рашэнне тэстаў рознай ступені складанасці: неабходна было адказаць на пытанні, уставіць прапушчаныя словы, выбраць патрэбныя паняцці і г.д.

Дыпломы І, ІІ і ІІІ ступені атрымалі 45 працэнтаў удзельнікаў алімпіяды. 

***

Уладальніца дыплома І ступені Ульяна Цімошка, вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 8 Мінска, расказала:

— Мне вельмі падабаецца грамадазнаўства, таму што гэты прадмет ахоплівае розныя сферы жыцця чалавека, звязаныя паміж сабой. Любоў да прадмета прывіла мне школьная настаўніца Галіна Зянонаўна Барысевіч. Яна ўсё тлумачыць лёгкай і даступнай мовай, прыводзіць цікавыя прыклады з жыцця. Я ўдзельнічаю ў алімпіядах з 5 класа. Спачатку гэта былі спаборніцтвы па матэматыцы, дзе я перамагала на гарадскім узроўні. З часам зрабіла выбар на карысць грамадазнаўства. Веды па гэтым прадмеце мне спатрэбяцца ў далейшым, бо збіраюся паступаць на юрыдычны факультэт БДУ. 

Слова абсалютнаму пераможцу алімпіяды Андрэю Казлову, вучню 10 класа гімназіі № 7 Мінска: 

— Падчас заняткаў па грамадазнаўстве я зразумеў, што мне лёгка даецца гэты прадмет, ён мне вельмі падабаецца. У гэтым дапамог і мой настаўнік Максім Ільіч Голад. З ім пачаў сур’ёзна займацца ў канцы 8 класа, пасля таго як выйграў гарадскую інтэрнэт-алімпіяду па грамадазнаўстве за 9 клас. І ўжо ў 9 класе я стаў абсалютным пераможцам гарадскога этапу алімпіяды. Планую выбраць для паступлення спецыяльнасць, звязаную з эканомікай.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.