Выдатныя сябры, старанныя вучні, таленавітыя дзеці

- 9:00Сацыяльны ракурс

У Мінску на плошчы Свабоды адкрылася мабільная выстава пад адкрытым небам “Проста дзеці ў школе”. Яна расказвае пра поспехі шасці школьнікаў з інваліднасцю з розных гарадоў Беларусі, пра іх сяброў-аднакласнікаў, бацькоў і настаўнікаў. Адкрыццё фотавыставы прымеркавана да пачатку навучальнага года.

Rожны жыхар і госць горада можа азнаёміцца з гісторыямі дзяцей, якія вучацца ў звычайных школах, сябруюць з аднагодкамі, ма­раць пра будучую прафесію і адчуваюць, што іх разумеюць і прымаюць. Выставачны праект праходзіць у рамках інфармацыйнай кампаніі “Проста дзеці ў школе”, якая накіравана на змяненне стаўлення да права дзяцей з інваліднасцю на якасную адукацыю і сацыяльную інклюзію і рэалізуецца Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ), Міністэр­ствам адукацыі Рэспублікі Беларусь пры фінансавай падтрымцы ўрада Расійскай Федэрацыі.

— Роўнае стаўленне да ўсіх дзяцей, у тым ліку да дзяцей з інваліднасцю, — важны крок на шляху да інклюзіўнага грамадства, дзе кожны адчувае сваю каштоўнасць, мае правы і магчымасці нароўні з усімі, — адзначае прадстаўнік ЮНІСЕФ у Беларусі Таня Радачай.

У кожнага з герояў фотавыставы свае здольнасці. Сямён з Баранавіч іграе на гітары, Маша з Мінска малюе карціны, Ангеліна з Магілёва спявае песні на мове жэстаў, Хрысціна з Віцебска шмат чытае, Платон з Гомеля разбіраецца ў гаджэтах, а Ягор з Гродна захапляецца гульнёй у шашкі. Хтосьці з дзяцей прыходзіць у школу самастойна, камусьці неабходны суправаджаючы, хадункі або інвалідная каляска. Але для дзяцей гэта не перашкода: усе яны паспяхова вучацца разам з аднагодкамі, з цікавасцю хо­дзяць у школу і прымаюць удзел у канцэртах і конкурсах.

У фокусе фотавыставы не толькі школьнікі з інваліднасцю. Інклюзія закранае ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Настаўнікі і іншыя работнікі школы, сябры-аднакласнікі і бацькі — такія ж героі праекта, бо, дзякуючы іх падтрымцы, дзеці з інваліднасцю паспяхова вучацца, а школы становяцца дружалюбнымі для кожнага дзіцяці.

Маша вучыцца ў звычайнай школе Мінска. У дзяўчынкі сіндром Даўна. Мальберт, пэндзлі і фарбы — яе любімы спосаб зносін са светам.

Мама Машы Ірына прызнаецца, што фотапраект — яркая падзея ў жыцці ўсёй сям’і: “Мы з радасцю пагадзіліся стаць героямі фотапраекта. Для нашай сям’і гэта яшчэ адна магчымасць раска­заць усім, што незалежна ад якіх-небудзь дыягназаў нашы дзеці могуць нароўні з усімі вучыцца ў школе, атрымліваць новыя веды, сябраваць з аднакласнікамі і будаваць планы на будучыню. Пры правільных падыходах інклюзія ў школе карысная для ўсіх. А такія праекты патрэбны нашаму грамадству. Гэта яшчэ адзін крок да прыняцця дзяцей, якія выбіваюцца з паняцця “норма”, але пры гэтым яны выдатныя сябры, таленавітыя хлопчыкі і дзяўчынкі, старанныя вучні і вучаніцы”.

Фотавыстава пра школьныя будні дзяцей з інваліднасцю “Проста дзеці ў школе” будзе знаходзіцца на плошчы Свабоды да 23 верасня, а пасля пераедзе ў Віцебск. Да лістапада экспазіцыя будзе прадстаўлена ва ўсіх абласных цэнтрах краіны.

Падрыхтавала Надзея ЦЕРАХАВА.