Выдатныя ўмовы для раскрыцця асобы

Жыхары некалькіх маладых мікрараёнаў на поўначы Гомеля выдыхнулі: цяпер дзеці змогуць хадзіць у школу ў крокавай даступнасці. Новай установе прысвоілі № 74, і яна адразу ж напоўнілася дзіцячым шматгалоссем. У школу прыйшло амаль 1200 дзяцей. Вучыць іх будуць больш за 100 педагогаў. Установа будзе працаваць у дзве змены.

Старшыня Гомельскага гарвыканкама Пётр Кірычэнка, старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Шулейка, генеральны ды­рэктар ААТ «Будаўнічы трэст №14» Станіслаў Сільчанка і першакласнікі новай школы № 74.

Ц япер комплекс яркіх будынкаў з рознакаляровымі фасадамі ў 21-м мікрараёне Гомеля відаць адусюль. Школу пачалі будаваць восем гадоў назад, але ўзнавілі будаўніцтва сёлета ў студзені — пасля таго, як жыхары мікрараёна № 21 звярнуліся з адпаведнай просьбай да прэзідэнта краіны.

Генеральным падрадчыкам стала ААТ “Будаўнічы трэст № 14”. Яго генеральны дырэктар Станіслаў Сільчанка гаворыць, што перад пачаткам будаўнічых работ праектнай арганізацыяй былі правераны жалезабетонныя канструкцыі:

— Сёлета спрыяльныя ўмовы надвор’я дазволілі праводзіць будаўніча-мантажныя работы нават у зімовыя месяцы. На пляцоўцы былі задзейнічаны спецыялісты трэста і субпадрадных арганізацый. Каб укласціся ў тэрмін, людзі перыядычна працавалі ў кругласутачным рэжыме.

У Дзень ведаў на першай урачыстай лінейцы ў сярэдняй школе № 74 вучняў і калектыў установы вітала кіраўніцтва Гомельшчыны. Старшыня аблвыканкама Генадзь Салавей адзначыў:

— Няхай будаўнікі дастаўлялі клопаты жыхарам мікрараёна падчас будоўлі — шумелі краны, ездзілі машыны, але ўсе бачылі, як расла школа. Мы не будзем спыняцца ва ўдасканаленні і развіцці і школьнай, і дашкольнай адукацыі. Так, у мікрараёне Хутар мы заклалі камень у падмурак новай школы, а ў канцы года пачнём яе будаваць. У перспектыве яшчэ тры дзіцячыя сады — і ў вашым раёне, і ў мікрараёнах Шведская Горка і Хутар.

На лінейцы Генадзь Салавей перадаў новай школе сертыфікат на Br100 тысяч. Старшыня Гомельскага гарвыканкама Пётр Кірычэнка ўручыў сертыфікат на Br40 тысяч.

Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслана Смірнова, ёсць задума развіваць на базе ўстановы фізкультурна-аздараўленчы кірунак.

Новая школа ўключае блокі ад двух да чатырох паверхаў. Комплекс складаюць карпусы школы, а таксама корпус для груп прадоўжанага дня і басейна з пераходнай галерэяй. У асобным блоку — гімнастычная і трэнажорная залы, а таксама актавая і канферэнц-зала. Праектам прадугледжана сталовая, бібліятэка, фонд музея школы, вестыбюль-рэкрэацыя для школьных мерапрыемстваў. У асобных кабінетах усталяваны лінгафонныя сістэмы: аўдыя-, відэа- і мультымедыйныя сродкі.

У трохпавярховым будынку — групы прадоўжанага дня. Са школы туды можна трапіць праз пераходную галерэю на ўзроўні другога паверха. Прадугледжана безбар’ернае асяроддзе, супрацьтраўматычнае пакрыццё на спартыўных пляцоўках. На тэрыторыі пабудаваны валейбольны і футбольны стадыёны, ёсць бегавая дарожка з гумовым пакрыццём, пляцоўка для груп прадоўжанага дня. Для настаўнікаў уладкавана памяшканне псіхалагічнай разгрузкі. Хутка — бліжэй да другой чвэрці — у школе пачне працаваць сучасны басейн.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.