У выпускніка педагагічнага каледжа ў графе “кваліфікацыя” значыцца адно ёмістае слова — настаўнік. Вядома, сёння адносіны як да прафесіі, так і да асобы самога настаўніка іншыя, чым былі, скажам, два дзясяткі гадоў назад. Але ж пры гэтым настаўнік не страціў ролю галоўнага (зразумела, пасля сям’і, бацькоў) арыенціра і выхавальніка для дзіцяці. Ён па-ранейшаму застаецца ключавой фігурай у фарміраванні чалавечых каштоўнасцей, поглядаў на пэўныя рэчы і жыццёвай пазіцыі падрастаючага пакалення.
Праз прызму сучаснасці
Настаўнік не стаў выконваць менш абавязкаў. Наадварот, з прычыны патрэб сучаснага грамадства яны значна ўзраслі. Ці ёсць неабходнасць у сувязі з гэтым “перапісваць” навуку? Вопытныя педагогі на гэтае пытанне адкажуць адмоўна. Бо педагогіка — вялізны пласт распрацовак, у ёй добра акрэслены самыя розныя праблемы, дастаткова толькі не ленавацца шукаць на гэтай аснове новыя падыходы.
Аб гэтым ішла гаворка на VI Адкрытай навукова-практычнай канферэнцыі ў Гомельскім педагагічным каледжы імя Л.С.Выгоцкага. Такія канферэнцыі праводзяцца тут штогод і нязменна прысвячаюцца вывучэнню спадчыны вялікага псіхолага, імя якога носіць навучальная ўстанова. Пры гэтым яго вучэнні разглядаюцца праз прызму сучаснай адукацыі. Гэта асабліва каштоўна, паколькі ўдзел у канферэнцыях прымаюць не толькі вопытныя педагогі-практыкі, але і навучэнцы педагагічных каледжаў, студэнты і магістранты УВА, якім заўтра давядзецца пачынаць сваю прафесійную педагагічную дзейнасць. У іх заўсёды ёсць магчымасць паслухаць цікавыя даклады вучоных, якія прымаюць удзел у канферэнцыях. Перш за ўсё гэта выкладчыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. На базе Гомельскага педагагічнага каледжа створаны філіял кафедры псіхалогіі гэтай УВА, а таму сувязь каледжа з факультэтам псіхалогіі бесперапынная.
На VI навукова-практычную канферэнцыю было прадстаўлена больш за семдзесят вучэбна-даследчых работ, якія абараняліся ў трох секцыях. Цікава, што аўтарамі выступалі не толькі навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай педагагічнай адукацыі Гомельшчыны, студэнты ўніверсітэтаў, але і ўжо практыкуючыя педагогі — прадстаўнікі ўстаноў дашкольнай і сярэдняй адукацыі.
Варта адзначыць, што сёлетняя навукова-практычная канферэнцыя была асаблівай. Перш за ўсё таму, што праходзіла яна ў рамках стагадовага юбілею каледжа, які будзе святкавацца ў маі. Да таго ж на навукова-практычную канферэнцыю прыехалі госці з расійскай сталіцы. І не проста госці. Напрыклад, дырэктар Інстытута псіхалогіі імя Л.С.Выгоцкага Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта прафесар кафедры праектуючай псіхалогіі Алена Яўгенаўна Краўцова — унучка Льва Сямёнавіча. Разам з Аленай Яўгенаўнай гомельскі каледж наведаў і яе муж, загадчык кафедры псіхалогіі асобы таго ж Інстытута псіхалогіі прафесар Генадзь Рыгоравіч Краўцоў. Зразумела, яны былі не проста гасцямі на пленарнай частцы мерапрыемства, але і асноўнымі дакладчыкамі.
Эксперымент першы: як навучыць
Тэма канферэнцыі гучала як “Актуальныя праблемы сучаснай адукацыі ў спадчыне Л.С.Выгоцкага”. Як бачым, праблемы і рашэнні, якія былі пакладзены ў аснову навуковых работ у пачатку мінулага стагоддзя, вельмі ўдала могуць выкарыстоўвацца сучаснікамі.
Навучанне — працэс няпросты, і далёка не кожны можа займацца ім паспяхова. Расійскі Інстытут псіхалогіі імя Л.С.Выгоцкага ў свой час праводзіў эксперымент у звычайнай маскоўскай школе. Сутнасць яго ў тым, што ў пэўным пачатковым класе дзяцей папрасілі навучыць прафесара рабіць з паперы самалёцік. Ну хто з пачаткоўцаў не ведае гэтую найпрасцейшую тэхніку прымітыўнага арыгамі? Ведаў яе і вучоны, але ж знарок псаваў ліст паперы, робячы непатрэбныя “выкрутасы”. Дзеці крычаць: “Ды не так!” “А як жа? Навучыце мяне”, — просіць прафесар. Хлапчукі хуценька ператвараюць звычайны ліст у самалёт і запускаюць яго ў палёт. Ніякага тлумачэння, проста паспявай сачыць за спрытнасцю рук і вучыся. Яны рабілі гэта на выдатна, але навучыць іншага чалавека не маглі. У класе знайшлося толькі некалькі дзяўчынак, якія цярпліва па некалькі разоў паказвалі і тлумачылі кожны закладзены вугал паперы.
Вынік эксперымента быў падведзены праз некалькі гадоў, калі дзеці падраслі. Аказалася, што тыя нямногія дзяўчынкі, якія цярпліва вучылі прафесара рабіць самалёцік, самыя паспяховыя ў класе, у іх няма праблем у школе і яны маюць цвёрдыя мэты на далейшую будучыню. І ўсё таму, на думку псіхолагаў, што ў іх тэарэтычнае мысленне, якое дае магчымасць аналізаваць і параўноўваць, менавіта яно дапамагло ім лёгка перабудавацца на курс вучня старшых класаў. Даволі важны момант, дарэчы. Іншы раз на яго не звяртаюць увагі, але ж патрабаванні да вучня малодшых класаў адрозніваюцца ад патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да вучняў сярэдніх класаў. І дзеці нярэдка губляюцца ў такой сітуацыі. Гэта значыць, што падрыхтаваць іх да пераломнага перыяду таксама адна з задач настаўніка пачатковых класаў. На гэтую тэму расійскі прафесар Г.Р.Краўцоў прачытаў сапраўдную лекцыю для навучэнцаў старшых курсаў педагагічнага каледжа, якія прысутнічалі ў зале.
Эксперымент другі: гульня з запалкамі
Хуценька ўспомніце справу, якую вы больш за ўсё не любіце выконваць. Няма сумненняў, такая знойдзецца ў кожнага. Але ж вы павінны яе рабіць. Кожны дзень, праз дзень ці кожны тыдзень. Напрыклад, знакамітая пісьменніца дэтэктываў Агата Крысці неяк прызналася, што больш за ўсё не любіць мыць посуд, таму ўсе свае раманы яна выдумляе ў час мыцця посуду. Гэта падыход дарослага чалавека. Але і дарослы іншым разам не пасаромеецца схітраваць у пошуках магчымасці пазбегнуць нелюбімай справы. Што ж казаць пра дзяцей! Яны знойдуць мноства спосабаў і напрыдумляюць дзясяткі адгаворак. Ім жа здаецца, што дарослыя пра гэтыя хітрыкі нічога не ведаюць. Але ж сярод іх заўсёды знойдуцца настойлівыя і ўпартыя, якія будуць выконваць пастаўленую задачу. І гэтыя дзеці таксама прыменяць хітрыкі, але іншага кшталту — такія, якія дапамогуць ім ператварыць нудную справу ў нешта цікавае альбо важнае.
Пра даволі просты эксперымент адносна гэтага расказала прафесар А.Я.Краўцова. Дзяцей пачатковых класаў прыводзяць у нейкі пакой, дзе на стале ляжыць горка запалак. Задача малых — на працягу 40 хвілін перанесці запалкі на іншы стол. І толькі адно правіла: пераносіць неабходна па адной запалцы.
Пакуль у памяшканні знаходзіцца дарослы, які назірае за дзеяннем, дзетвара добрасумленна займаецца нуднай справай. Раптам, знаходзячы нейкую прычыну, дарослы пакідае пакой (на самай справе, яго задача — стаць непрыметным назіральнікам). Што робяць дзеці? Кожны паводзіць сябе па-рознаму. Адны пачынаюць жменямі пераносіць запалкі, іншыя наогул кідаюць марную справу і пачынаюць гуляць з цацкамі. З усёй гэтай кампаніі непасед знайшоўся толькі адзін хлапчук, назавём яго Вася, які цвёрда выконваў заданне, пераносіў запалкі з аднаго стала на другі. Яго не турбавала адсутнасць дарослага назіральніка. Калі доўгія 40 хвілін былі на зыходзе, а хлопчык усё пераносіў запалкі, дарослы не вытрымаў і сказаў: “Вася, ну што ж ты ўсё па адной запалцы пераносіш?!” “А гэта не запалкі, і я не Вася, — выпаліў малы. — Я кран, а гэта цэгла, я яе пераношу”.
На самай справе, як адзначыла Алена Яўгенаўна, часта дарослыя, як бацькі, так і настаўнікі, робяць вялікую памылку: яны спрабуюць калі не даць дзіцяці ўсё гатовае, то выканаць за яго нейкую работу — так хутчэй, так лепш, так правільней. Такое імкненне да дасканаласці не дазваляе дзіцяці ганарыцца вынікам таго, што яно зрабіла, што пераадолела.
Гэтыя два простыя эксперыменты, па сутнасці, можна ўзяць за два простыя правілы адносна таго, як вучыць і як развіваць. Магчыма, лекцыі прафесараў Краўцовых не далі вычарпальных адказаў на ўсе пытанні, якія ўзнікаюць у педагогаў, але ж далі шмат практычных парад і падказак. А яшчэ даказалі, што, на самай справе, няма патрэбы займацца вынаходствам веласіпеда: усё лепшае ўжо створана, і менавіта гэтае лепшае неабходна браць за аснову. Дарэчы, у многіх краінах кіруюцца такім метадам. Прыклад таму — скандынаўскі вопыт прафесара Г.Р.Краўцова. Прысутнічаючы на ўроку матэматыкі ў адной са школ Даніі, Генадзь Рыгоравіч быў здзіўлены, як актыўна працавалі дзеці. Пасля заняткаў ён паспрабаваў выпытаць у настаўніцы сакрэт пабудовы такога ўрока. З недаверам паглядзеўшы на расійскага прафесара, тая выпаліла: “Выгоцкага трэба чытаць, калега!”
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.