Выхавальнік жыве ў краіне дзяцінства

- 14:57Людзі адукацыі
Іна Міхайлаўна Сіўцова са сваёй сям'ёй

“Усе мы родам з дзяцінства, але, на жаль, вельмі хутка забываемся пра гэты чароўны свет. Кожная маці, якая нанава перажывае дзяцінства побач са сваім малышом, ужо шчаслівая. Мне ж пашчасціла асабліва: я атрымліваю асалоду ад гэтага ўзросту пастаянна, магу назваць сябе Мамай з вялікай літары, бо праз маё сэрца прайшлі сотні дзяцей і кожнаму з іх я аддала часцінку сябе, свайго душэўнага цяпла, сваіх пачуццяў”, — гаворыць выхавальнік ясляў-сада № 86 Магілёва Іна Міхайлаўна Сіўцова. Іна Міхайлаўна стала пераможцай конкурсу “Выхавальнік года-2012” Магілёўскай вобласці.

Найвышэйшы бал даверу

“Пра работу выхавальніка шмат ведала з дзяцінства, бо мама працавала ў дзіцячым садзе, — адзначае Іна Міхайлаўна. — Яна заўсёды вучыла мяне: які б у цябе ні быў настрой, ты павінна знаходзіць у сабе сілы ўсміхацца і рабіць сваю справу, бо мы працуем з самым далікатным на зямлі — дзіцячай душой. Нібы пяшчотныя ўсходы, дзеці патрабуюць ласкі, цяпла і клопату, асабліва ў першыя гады жыцця, калі закладваюцца галоўныя маральныя каштоўнасці і прыярытэты. Чым больш сіл і часу мы трацім на іх выхаванне, тым прыгажэй і высакародней стануць яны ў далейшым жыцці. Выхавальнік жыве ў краіне дзяцінства, і яму важна не парушыць трапяткія хвалі дзіцячых фантазій, гарманічна ўпісвацца ў іх, умець размаўляць з дзецьмі на адной мове. Бывае вельмі цяжка, здараюцца нетыповыя сітуацыі, тады дзейнічаеш інтуітыўна. А ўзнагародай заўсёды будзе ўсмешка дзіцяці, яго шырока расплюшчаныя вочы, якія чакаюць цуду. Тады разумееш, што вельмі патрэбна яму, што ты для яго цэлы Сусвет. Часам малышы называюць мяне мамай. Ці не гэта найвышэйшы бал даверу?

Іна Міхайлаўна Сіўцова са сваёй сям'ёйУжо 16 гадоў я аддана сваёй рабоце. Прыкладна столькі ж гадоў маім першым выпускнікам. Час ад часу я бачу іх і іх бацькоў, яны мяне пазнаюць, падыходзяць, мы размаўляем. Сёлета рыхтуюся да другога выпуску групы. Чаму толькі другога? Таму што пяць гадоў жыцця я прысвяціла толькі двум малышам — сваім цудоўным дачушкам Карыне і Ксюшы. Як у кожнай маці на працягу жыцця мяняюцца адносіны да ўласнага дзіцяці, так і ў педагога мяняецца ўспрыманне выхаванцаў. Калі я не мела яшчэ сваіх дзяцей, усе сілы аддавала выхаванцам, было адчуванне, што я іх старэйшая сястра. Калі ж стала маці, адносіны змяніліся: малышы для мяне зараз маленькія сябры, клапачуся аб іх па-мацярынску. Мой педагагічны вопыт аказвае дабратворны ўплыў і дапамагае ў выхаванні дачушак — я ведаю, якія гульні з імі лепш развучваць, якія кнігі чытаць, каб яны гадаваліся разумнымі і добрымі. Самае галоўнае, што неабходна ад нас дзецям і чаго яны актыўна патрабуюць, — увага”.
Найвышэйшы бал даверу выстаўляюць Іне Міхайлаўне і бацькі. Вось адно з бацькоўскіх меркаванняў: “З выслоўем “незаменных людзей не бывае” дазвольце не пагадзіцца. І гэта адносіцца да нашай чароўнай Іны Міхайлаўны. Дзіцячую душу не падманеш, дзеці тонка адчуваюць фальш, а калі палюбяць, то назаўсёды. Мне пашанцавала, што маё дзіця трапіла да дасведчанага, разумнага, карэктнага выхавальніка. Прыемна назіраць, як кожную раніцу малыя з задавальненнем ідуць у дзіцячы садок да любімага выхавальніка. Іна Міхайлаўна адкрыты, творчы, усебакова развіты чалавек, яна ўмее правільна арганізаваць заняткі, убачыць кожнае дзіця, удзяліць увагу ўсім”.

У аснове — казкі і гульні

Выхавальнік — як ганчар, у руках якога мяккая падатлівая гліна ператвараецца ў прыгожы посуд. Але вельмі важна, што ён будзе ўтрымліваць. Задача педагога — напоўніць яго дабрынёй, творчасцю, ведамі. Дапамагаюць у гэтым не толькі прыродныя якасці педагога, але і сучасныя методыкі і тэхналогіі. У 2012 годзе Іна Міхайлаўна абагульніла перадавы педагагічны вопыт па тэме “Развіццё звязнага маўлення дзяцей 4-5 гадоў з выкарыстаннем казак” і атрымала вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Потым правяла серыю адкрытых заняткаў па развіцці маўлення дашкольнікаў на раённым і абласным узроўнях, выступала на педагагічных саветах, на пасяджэннях метадычных аб’яднанняў.
Пры навучанні дзяцей звязнаму маўленню Іна Міхайлаўна лічыць эфектыўным метад мадэліравання, для гэтага выкарыстоўвае прадметы або іх умоўную замену (круг, квадрат, палоску). Напрыклад, калі разбіраецца казка “Рэпка”, дзецям прапаноўваюцца канверты з наборам з шасці палосак рознай даўжыні і рознага колеру і адным жоўтым кругам, а таксама чароўны куфэрак з прадметамі з розных казак. Малышы выкладваюць усё з канвертаў і, выкарыстоўваючы мадэлі, пераказваюць казку. Такі пераказ садзейнічае развіццю слыхавога ўспрымання, увагі, памяці, уяўлення. Падобным чынам вялася работа над казкамі “Зайкава хатка”, “Церамок”, “Калабок”.
На занятках па азнаямленні з навакольным светам, па фарміраванні элементарных матэматычных уяўленняў, па развіцці маўлення Іна Міхайлаўна выкарыстоўвае элементы ТРВЗ-тэхналогіі. Пры гэтым часта з дзецьмі гуляе ў гульні “Ты — мая часцінка”, “Так — не так”, “Гавары наадварот”, “Мае сябры”. Змест гульні “Чароўныя кольцы”, напрыклад, такі: на адным кальцы прымацаваны выявы герояў розных казак, якія згубіліся і якіх трэба вярнуць у свае казкі. На другіх кольцах — героі казак, якія чакаюць, каб ім вярнулі згубленага героя. Дзеці круцяць кольцы, выбіраюць герояў і расказваюць, дзе яны сустракаюцца. А затым разважаюць над тым, якія падзеі адбыліся б у казцы, калі б пэўнага героя ў ёй не стала.
Сумесна з дзецьмі і бацькамі выхавальнік працуе над даследчымі праектамі (“Адкуль у кране вада?”, “Лёд”), прымяняе праблемна-гульнёвыя тэхналогіі, калі ставіцца праблема і ствараецца адпаведная гульнёвая сітуацыя, у працэсе якой яна вырашаецца. Пра казку “Калабок” мы ведаем, што яе галоўным героем паласавалася ліса. А што, калі б яна яму не сустрэлася, што чакала б Калабка? А калі б шэры воўк з “Чырвонай Шапачкі” перадумаў ісці да бабулі? Дзеці з цікавасцю абмяркоўваюць магчымыя варыянты.

Таленавітая і творчая

Усё, да чаго дакранаюцца рукі Іны Міхайлаўны, літаральна ажывае, асабліва кветкі. Фітадызайн і ландшафтны дызайн — яе сапраўднае захапленне. Выхаванцы дапамагаюць ёй працаваць у кутку прыроды, перасаджваюць і паліваюць расліны, аб гэтым нават напамінаць не трэба. Яны ведаюць, якія расліны больш карысныя для дыхання, якія валодаюць лекавымі ўласцівасцямі. На тэрыторыі дзіцячага сада можна ўбачыць сапраўдныя кветкавыя аазісы, створаныя ўмелымі рукамі педагога. Сярод захапленняў Іны Міхайлаўны — мастацкая вышыўка і квілінг (мастацтва паперакручвання). Свае вырабы яна дорыць родным і сябрам на святы, вышытыя карціны ўпрыгожваюць яе кватэру.
“Усё, што здзяйсняю ў жыцці, раблю ў многім дзякуючы падтрымцы маёй сям’і і ў той жа час дзеля яе, — гаворыць Іна Міхайлаўна. — Сям’я — гэта мая надзея, апора і будучыня. Побач з блізкімі я атрымліваю столькі станоўчай энергіі, што магу той жа мерай аддаваць яе выхаванцам, а ўзамен атрымліваць добрыя эмоцыі ад іх, каб пасля падзяліцца імі з роднымі”.

Надзея ЦЕРАХАВА.

terekhova@ng-press.by