Выхавальнікі вучацца прадпрымальніцтву

Інавацыйны праект “Укараненне педагагічнай сістэмы фарміравання прадпрымальніцкай кампетэнтнасці будучых педагогаў дашкольнай адукацыі ў каледжах” рэалізоўваўся ў чатырох навучальных установах краіны. У іх ліку — два каледжы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы — Ваўкавыскі і Лідскі, дзе вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў дашкольнай адукацыі.

Выпускнікі курса «Арганізацыйна-прававыя асновы прадпрымальніцкай дзейнасці» Лідскага каледжа.

Удзел гэтых навучальных устаноў у рэалізацыі праекта стаў працягам папярэдняй работы па навучанні эканамічнай і прадпрымальніцкай дасведчанасці, якая вялася ў каледжах.

— Сучасны выхавальнік дашкольнай адукацыі пры ажыццяўленні працэсу выхавання і навучання павінен быць гатовы да вырашэння праблем і задач новага пакалення, — лічыць дырэктар Лідскага каледжа Андрэй Мікалаевіч Сямашка. — Такім чынам, і наш будучы выхавальнік дашкольнай адукацыі ў працэсе навучання ў каледжы павінен авалодаць асновамі эканамічнай дасведчанасці, для таго каб пасля ажыццяўляць эканамічнае выхаванне дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі, аказваць і прасоўваць новыя віды платных адукацыйных паслуг, ажыццяўляць рэкламную дзейнасць у сферы адукацыі, ствараць сайты з мэтай павышэння канкурэнтаздольнасці ўстаноў сістэмы дашкольнай адукацыі. Яшчэ выхавальнік павінен мець магчымасць пры жаданні працаваць індывідуальна, адкрыць прыватны бізнес і тым самым рэалізаваць свой творчы асобасны патэнцыял у прафесійнай дзейнасці.

З 2016 па 2018 год на базе Лідскага каледжа ажыццяўлялася эксперыментальная дзейнасць па праекце “Апрабацыя педагагічнай сістэмы фарміравання прадпрымальніцкай кампетэнтнасці будучых педагогаў дашкольнай адукацыі ў каледжах”. У далейшым творчая група выкладчыкаў каледжа была нацэлена на ўсебаковы аналіз і эфектыўнае прымяненне напрацовак у рамках інавацыйнага праекта. Па выніках эксперыментальнай дзейнасці ў кастрычніку 2018 года былі падпісаны тры акты аб укараненні вынікаў навуковых даследаванняў творчай групы Лідскага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы.

А дырэктар Ваўкавыскага каледжа Галіна Сяргееўна Зялік успамінае такі выпадак. У 2017 годзе да выкладчыкаў спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” звярнуўся па дапамогу выпускнік Яраслаў Кавалёў, які працаваў у той час у дзіцячым садку-новабудоўлі ў Каменнай Горцы ў Мінску, з просьбай дапамагчы яму ў арганізацыі работы мацярынскай школы, якую яму прапанавалі весці на платнай аснове. У маладога спецыяліста ўзніклі праблемы з вызначэннем зместу работы адаптацыйнай групы для дзяцей, якія не наведваюць установу дашкольнай адукацыі. Вядома ж, дапамога была аказана, але ўзнікла дылема: аказваць кансультацыйную дапамогу па арганізацыі дадатковых адукацыйных паслуг ва ўстанове дашкольнай адукацыі выпускнікам пастфактум (дыстанцыйна, пасля заканчэння каледжа) або арганізаваць работу па фарміраванні прадпрымальніцкіх кампетэнцый навучэнцаў “тут і цяпер”, гэта значыць у рамках адукацыйнага працэсу.

Так, у верасні 2018 года калектывы Лідскага і Ваўкавыскага каледжаў прынялі ўд зел у рэспубліканскім інавацыйным праекце “Укараненне педагагічнай сістэмы фарміравання прадпрымальніцкай кампетэнтнасці будучых педагогаў дашкольнай адукацыі ў каледжах”. Гэта дазволіла акумуляваць назапашаныя матэрыялы і стала каталізатарам у арганізацыі сістэмы работы каледжаў па падрыхтоўцы навучэнцаў да прадпрымальніцкай дзейнасці, што раўназначна падрыхтоўцы іх да жыцця ва ўмовах рыначнай эканомікі.

— Для нашых навучэнцаў удзел у праекце — гэта магчымасць максімальнага раскрыцця свайго творчага патэнцыялу. Гэта дзейнасць, якая дазваляе праявіць сябе індывідуальна або ў групе, паспрабаваць свае сілы, прымяніць свае веды, прынесці карысць, паказаць публічна дасягнуты вынік, — працягвае Галіна Сяргееўна.

Заняткі ў Ваўкавыскім каледжы.

— Удзел у праекце навучэнцы ўспрымаюць з разуменнем карысці гэтага кірунку дзейнасці, і па меры назапашвання інфармацыі і вопыту многія з іх з энтузіязмам удзельнічаюць у мерапрыемствах праекта, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Лідскага каледжа Наталля Станіславаўна Калпінская. — У ходзе рэалізацыі інавацыйнага праекта былі створаны ўмовы для фарміравання і развіцця шырокага спектра кампетэнцый, што з’яўляецца шматступеньчатым і мульты-фактарным працэсам. Розныя формы прадстаўлення інфармацыі ў рамках вучэбных заняткаў, факультатыўных курсаў (“Асновы педагагічнага менеджменту”, “Маркетынг адукацыйных паслуг”, “Рэкламная дзейнасць у сферы адукацыі”), куратарскіх гадзін, пазавучэбнай работы з навучэнцамі дазволілі выпускнікам Лідскага каледжа па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” выйсці за рамкі праграмных патрабаванняў і прагназаваць уласны патэнцыял.

Юльяна Барэйша вучыцца на 4 курсе Лідскага каледжа па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”.

— З дзяцінства я любіла глядзець мультфільмы, таму на 2 курсе вырашыла стварыць свой канал на YouTube і ажыццявіць даўнюю мару: выпускаць музычныя кліпы з персанажамі любімых мультфільмаў і серыялаў. Сёння мой канал мае 5 тысяч падпісчыкаў, — расказвае навучэнка. — А дамагло мне ў гэтым навучанне ў каледжы прадпрымальніцкай дзейнасці. Я наведвала пасяджэнні стартап-школы, дзе з намі дзяліліся сваім вопытам прадпрымальнікі. Так, мяне навучылі заключаць дамову з рэкламадаўцамі: яны мне прапануюць рэкламу, якую ў якасці застаўкі я выкарыстоўваю ў сваіх відэа, тым самым атрымліваючы хоць і невялікія, але мае першыя самастойна заробленыя грошы. Я лічу, што маё захапленне спатрэбіцца мне ў маёй будучай прафесійнай дзейнасці пры правядзенні заняткаў у розных адукацыйных галінах для дзяцей дашкольнага ўзросту.

У Ваўкавыскім каледжы адзначылі, што ў ходзе работы па інавацыйным праекце былі выяўлены некаторыя супярэчнасці: паміж патрабаваннямі да падрыхтоўкі маладога пакалення, якое пачынае працоўную дзейнасць у новых хутказменлівых эканамічных і сацыяльных умовах, і недахопам адукацыйных праграм навучання прадпрымальніцкай дзейнасці; паміж жаданнем навучэнцаў займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю і адсутнасцю асноў эканамічных ведаў і прадпрымальніцкіх кампетэнцый. Навучэнцы спачатку лічылі, што ведаюць асновы прадпрымальніцтва, маюць уяўленні аб магчымасцях зарабляння грошай, але ў ходзе рэалізацыі праекта зразумелі, што ім трэба многаму навучыцца, што поспех справы залежыць ад шматлікіх фактараў.

Плённая работа ў межах праекта дала станоўчыя вынікі. Зрэз сфарміраванасці прадпрымальнасці ў навучэнцаў, які правялі ў Ваўкавыскім каледжы ў красавіку 2020 года з мэтай выявіць дынаміку развіцця асобасных якасцей (камунікатыўных і арганізатарскіх здольнасцей), неабходных для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці, ацаніць змяненне ўзроўню сфарміраванасці прадпрымальніцкай кампетэнтнасці і прадпрымальніцкіх здольнасцей будучых педагогаў дашкольнай адукацыі, узроўню гатоўнасці да педагагічнай дзейнасці, паказаў, што больш за палову рэспандэнтаў (54,1%) расцэньваюць праект як магчымасць прафесійнай самарэалізацыі. Станоўчая дынаміка гэтага паказчыка склала 37,4%.

У Ваўкавыскім каледжы распрацаваны і ўкаранёны вучэбныя праграмы, вучэбна-метадычныя комплексы па дысцыплінах “Асновы эканомікі адукацыі”, “Методыка прымянення ІКТ у адукацыйным працэсе”, вучэбна-метадычныя комплексы для арганізацыі і правядзення факультатыўных курсаў “Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці ў сферы адукацыі”, “Асновы педагагічнага менеджменту”. Арганізавана дзейнасць навуковага гуртка “Эканамічнае выхаванне дашкольнікаў праз праектную дзейнасць”. Удзельнікамі гэтага гуртка распрацаваны і ўкаранёны праекты для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту “Эканоміка і мы”, “Эканоміка — жыццё і гульня”.

Укаранёны ў адукацыйны працэс сцэнарыі мерапрыемстваў па павышэнні матывацыі да выбранай педагагічнай прафесіі, цікавасці да прадпрымальніцкай дзейнасці ў сферы адукацыі, па фарміраванні гатоўнасці навучэнцаў да ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці ў сферы адукацыі: педагагічная майстэрня “Як стаць паспяховым?!”, дыялог-прэзентацыя “Азбука кар’еры”, кансультацыя “Маркетынг партнёрскіх адносін”, практыкум “Распрацоўка прадпрымальніцкага праекта”, дзелавыя гульні “Эканамічнае казіно”,  “Прадпрымальніцтва — знак часу”, віктарына “Аб бізнесе і вялікіх бізнесменах”, эканамічная гульня “Бізнес-старт”. Распрацаваны і ўкаранёны ў адукацыйны працэс трэнінгі асобаснага росту “5 крокаў да поспеху” і “Асновы канструктыўных зносін”.

На занятках у Ваўкавыскім каледжы.

У Лідскім каледжы навучэнцамі — удзельнікамі інавацыйнага праекта пад кіраўніцтвам педагагічных работнікаў распрацаваны і прэзентаваны план бізнес-праекта па стварэнні наглядных дапаможнікаў па выяўленчай дзейнасці для ўстаноў дашкольнай адукацыі і лагатып аздараўленчага лагера “Бярозка” ў рамках раённага конкурсу творчых работ. Вынікам работы па развіцці прадпрымальніцкіх кампетэнцый стала прэзентацыя бізнес-праектаў на IV і V конкурсах стартап-праектаў “Іннастарт”, якія праводзяцца ў ГрДУ імя Янкі Купалы. Удзельніцамі IV конкурсу “Іннастарт” сталі навучэнкі Паліна Чабатар і Настасся Пільчук з праектам “Івэнт-агенцтва “LiKe”. У фінале конкурсу ў намінацыі “Паслуга” праект заняў 3-е месца. У V конкурсе “Іннастарт” праект студыі мастацкага дызайну “я+я” пад аўтарствам навучэнкі  Юліі Пер’яновіч таксама заняў 3-е месца ў фінальным адборы. Кіраўнік вышэйназваных праектаў — выкладчык дысцыплін прафесійнага цыкла магістр эканамічных навук Настасся Віктараўна Утоўка.

Праект паспяхова завершаны, але дзейнасць па фарміраванні прадпрымальніцкіх кампетэнцый будзе працягвацца, у тым ліку і на міжнароднай арэне. Так, Ваўкавыскі каледж у рамках сацыяльнага партнёрства распрацаваў “Дарожную карту па рэалізацыі доўгатэрміновага інавацыйнага адукацыйна-развіццёвага праекта міжнароднага супрацоўніцтва “Педагагічны дыялог” на перыяд 2019—2021 года” з Шахцінскім педагагічным каледжам з Растоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Лідскі каледж наладзіў супрацоўніцтва з Гуманітарным каледжам Астаны (Казахстан). 69 разоў педработнікі Лідскага каледжа і навучэнцы — удзельнікі інвацыйнага праекта прэзентавалі свае напрацоўкі на міжнародным  і рэспубліканскім узроўнях.

— За час рэалізацыі інавацыйнага праекта апублікавана 25 артыкулаў у часопісах і зборніку навуковых артыкулаў. Па выніках удзелу ў міжнародных навукова-практычных канферэнцыях, канферэнцыях з міжнародным удзелам, абласных канферэнцыях у метадычнай скарбонцы педагагічных работнікаў і навучэнцаў — удзельнікаў інавацыйнай дзейнасці — 43 публікацыі, — расказвае Наталля Станіславаўна Калпінская. — За гэты час актывізавалася і супрацоўніцтва з дашкольнымі ўстановамі Ліды, цэнтрам альтэрнатыўнай адукацыі, Лідскім раённым вучэбна-метадычным кабінетам. Так, у яслях-садзе № 36 навучэнцы наведвалі заняткі ў мацярынскай школе, адкрытыя заняткі творчай майстэрні “Планета танца”, у яслях-садзе № 40 навучэнцы пазнаёміліся з пілотным адукацыйным праектам “Інфарматыка без разеткі”, які з’яўляецца часткай рэспубліканскага праекта “Праграмаванне — другая пісьменнасць” сумесна з Паркам высокіх тэхналогій, у яслях-садзе № 41 азнаёміліся з формамі пазабюджэтнай дзейнасці ўстановы.

— Лічым, што мэтазгодным будзе ўвядзенне ў вучэбны працэс дысцыпліны або факультатыву “Псіхалагічныя асновы прадпрымальніцкай дзейнасці ў дашкольнай адукацыі”, — гаворыць Галіна Сяргееўна Зялік. — Плануецца арганізаваць у працэсе праходжання практыкі ва ўстановах дашкольнай адукацыі вывучэнне навучэнцамі зместу работы па арганізацыі дадатковых адукацыйных паслуг на платнай аснове.

— Работа па рэалізацыі праекта дазволіла нам выпрацаваць сістэму фарміравання ў навучэнцаў уменняў ставіць мэты, ажыццяўляць пошук новых рыначных магчымасцей, аператыўна ацэньваць эканамічныя і сацыяльныя ўмовы, складаць бізнес-планы, прадаваць адукацыйныя прадукты на рынку адукацыйных паслуг, прагназаваць і планаваць асобаснае і прафесійнае самаразвіццё, — гаворыць Андрэй Мікалаевіч Сямашка. — Мы можам сцвярджаць, што працэс фарміравання прадпрымальніцкай кампетэнтнасці будучых педагогаў дашкольнай адукацыі ва ўстановах прафесійнай адукацыі будзе больш эфектыўным, калі іх падрыхтоўку ажыццяўляць праз узаемасувязь пазнавальнай, практычнай і прафесійнай дзейнасці, пры ўмове творчага падыходу самога выкладчыка да працэсу навучання, выбару тэхналогій, метадаў і прыёмаў навучання, якія фарміруюць і развіваюць інтэгральныя якасці асобы.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.