Выхавальніца з кандыдацкай

- 9:00Людзі адукацыі

Вікторыя Зіноўеўна Драбышэўская не з тых педагогаў, хто прыйшоў у прафесію свядома і марыў пра яе з дзяцінства. Больш за тое, яе смак яна адчула толькі з вопытам. Тым не менш гэта не перашкодзіла ёй стаць прафесіяналам і нават прыкладам для калег. 

Будучы педагог заўсёды ўмела знахо­дзіць агульную мову з дзецьмі. У школьныя гады Вікторыя Зіноўеўна часта хадзіла на работу да маці, якая працавала памочніцай выхавальніка ў дашкольнай установе, і там з вялікім задавальненнем гуляла з малышамі. 

Пасля заканчэння тагачаснага Пінскага педагагічнага вучылішча В.З.Драбышэўская шчыравала ў розных дзіцячых садах роднага горада, але максімальна раскрыла свой патэнцыял толькі ў яслях-садзе № 10. Яго загадчыца Марыя Сямёнаўна Чушава адыграла важную ролю ў прафесійным станаўленні выхавальніцы, за што яна вельмі ўдзячна ёй. 

Вікторыя Зіноўеўна — няўрымслівая натура, якая ніколі не спыняецца на дасягнутым. Яе хобі — вучоба. Педагог адчувае ўнутраную патрэбу ў пастаянным самаразвіцці. Ёй нецікава стаяць на месцы. Яна з радасцю выкарыстоўвае любыя магчымасці для самарэалізацыі, новых знаёмстваў, цікавых зносін. Гэта прывяло педагога спачатку ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, а затым у магістратуру Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна і аспірантуру Акадэміі паслядомнай адукацыі.

Нядаўна Вікторыя Зіноўеўна паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную фарміраванню культуры гуманістычных узаемаадносін бацькоў і дзяцей ва ўмовах дашкольнай установы. Ад затрачаных намаганняў педагог атрымала вялікае задавальненне, бо навуковая дзейнасць паказала, што меж для самаўдасканалення няма.

Дысертацыя В.З.Драбы­шэўскай каштоўная найперш практычным складнікам. Так, канспекты выхаваўчых мерапрыемстваў і розныя дыдактычныя матэрыялы можна выкарыстоўваць для павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу са старшымі дашкольнікамі, наладжвання ўзае­маадносін з іх бацькамі. 

Больш за ўсё ў рабоце і жыцці педагогу падабаюцца зносіны: з дзецьмі, іх бацькамі, калегамі. Без цяжкасцей не абыходзіцца, але яна заўсёды знаходзіць аптымальныя шляхі па іх вырашэнні. 

У педагагічнай дзейнасці Вікторыя Зіноўеўна строга прытрымліваецца галоўнага правіла: быць для дзяцей не сябрам, а найперш аўтарытэтным дарослым. Стаць ім надзвычай цяжка. Гэта вялікая работа над сабой і самадысцыпліна. 

— Ніколі нічога не раблю за дзяцей, — гаворыць В.З.Драбышэўская. — Заўсёды прадастаўляю ім магчымасць быць самастойнымі, што выхоўвае адказнасць. Звяртаюся да народнай педагогікі, адно з патрабаванняў якой — ва ўсім паказваць асабісты прыклад. Бясконцыя маральныя павучанні бессэнсоўныя. Выхаванне — гэта штохвілінная праца, якая ў рэшце рэшт прыносіць доўгачаканы эфект.    

Вікторыя Зіноўеўна актыўна дзеліцца назапашаным за 27 гадоў вопытам з калегамі на семінарах, майстар-класах, пасяджэннях метадычных аб’яднанняў. Напрацоўкі педагога асабліва карысныя тым, чыя дзейнасць звязана з інтэграваным навучаннем і выхаваннем дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. 

Больш за 10 гадоў В.З.Драбышэўская з’яўляецца кіраўніком гарадскога вучэбна-метадычнага аб’яднання выхавальнікаў дашкольных устаноў. Выкладае ў Пінскім каледжы БрДУ імя А.С.Пушкіна курс па асновах інтэграванага навучання і выхавання. Работа са студэнцкай моладдзю падабаецца педагогу не менш, чым з малышамі, бо ў яе аснове — любімыя зносіны. 

Вікторыя Зіноўеўна — пераможца абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2014”, дэлегат V і VI з’ездаў педагогаў краін — удзельніц СНД. На апошнім з іх, што прайшоў зусім нядаўна ў Душанбэ, яна прэзентавала свой вопыт.

Заслугі В.З.Драбышэўскай адзначаны граматай Міністэрства адукацыі Беларусі і падзякай прэм’ер-міністра. 

Наконт далейшых планаў педагог пакуль не загадвае. Але цяжка паверыць, што яна спыніцца на дасягнутым, улічваючы яе неспатольную прагу да ведаў і самаразвіцця.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ. 
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.