Выхаванне — аснова адукацыі

Міністр адукацыі Ігар Карпенка з рабочым візітам наведаў Гродзенскую вобласць. Ён пабываў у сярэдняй школе № 2 імя М.П.Масонава Свіслачы і сустрэўся з педагагічным актывам Свіслацкага раёна.

Ігар Васільевіч пацікавіўся, як школьнікі праводзяць вольны час на канікулах, пагутарыў з дзецьмі, якія адпачы­ваюць у аздараў­ленчым лагеры “Брыганціна” з дзённым знаходжаннем, і падарыў школьнікам спартыўны інвентар і кнігі.

Сярэдняя школа № 2 імя М.П.Масонава Свіслачы працуе з 1982 года. Тут вучацца 673 вучні ў 33 класах. Для ўсіх навучэнцаў заняткі праходзяць у першую змену. Арганізаваны падвоз з 13 населеных пунктаў для 76 навучэнцаў двума школьнымі аўтобусамі і для 22 дзяцей — рэйсавым аўтобусам. У школе працуюць 4 групы прадоўжанага дня для 108 чалавек.

Як расказала дырэктар Наталля Баўфалік, установа адукацыі з’яўляецца рэсурсным цэнтрам па інтэграваным навучанні і выхаванні. 14 дзяцей вучацца па праграмах спецыяльнай адукацыі, укамплектаваны 4 класы інтэграванага навучання і выхавання.

Атрымала развіццё профільная адукацыя. На трэцяй ступені вучацца 133 школьнікі. Сфарміраваны аграрны клас і аграрная група, педагагічны клас і педагагічная група, ваенна-патрыятычная група. У двух класах навучэнцы атрымліваюць асновы прафесій швачкі і вадзіцеля колавых трактароў катэгорыі “А”. Выпускнікі аграрных і педагагічных класаў у асноўным паступаюць па спецыяльнасці. У школе адкрыты музей хлеба, дзе прадстаўлены 320 экспанатаў.

Актуальныя пытанні развіцця сістэмы адукацыі краіны абмяркоўваліся на сустрэчы з педагогамі Свіслацкага раёна.

Ігар Карпенка спыніўся на змяненнях, унесеных у Кодэкс аб адукацыі, увядзенні цэнтралізаванага школьнага экзамену, пытаннях выхавання дзяцей і моладзі. Фармат круглага стала дазволіў кожнаму жадаючаму выказаць свае думкі і прапановы, за­даць пытанне.

У сустрэчы прынялі ўдзел старшыня Свіслацкага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі і начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык.
Міністр адукацыі паведаміў, што паставіў перад сабой мэту аб’ехаць усе раёны краіны і ўжо ў большасці пабываў. Падчас такіх сустрэч кіраўнік ведамства раіцца з педагогамі, прафесіяналамі, якія пра­цуюць у мясцовых установах адукацыі. Гэта добрая магчымасць абмеркаваць пытанні, якія хвалююць педагогаў у раённых цэнтрах і невялікіх вёсках.

— Такія сустрэчы — гэта ўжо не толькі пляцоўка для абмеркавання новага Кодэкса аб адукацыі, правіл прыёму ва ўстановы адукацыі, прытым я гатовы адказаць на ўсе пытанні. Важна данесці да вас тое, што з прыняццем новай рэдакцыі кодэкса, Канцэпцыі развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года нам трэба будзе сур’ёзна папрацаваць па ўсіх напрамках: і па змесце адукацыі на ўсіх узроўнях, і па павышэнні яе якасці, і па пытаннях, звязаных з нарматыўным забеспячэннем. Невыпадкова на педсавеце прагучала прапанова аб’явіць наступны год Годам адукацыі, гэтая ідэя цяпер абмяркоўваецца, — адзначыў міністр адукацыі.

Ігар Карпенка закрануў таксама пытанні мадэрнізацыі сістэмы адукацыі, стварэння адзінага рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя. І гэта не толькі закупка новага абсталявання, а за апошнія гады ўстановы адукацыі адчулі значную падтрымку. Створаны адзіны адукацыйны партал, аснову якога склалі сучасныя напрацоўкі, вопыт лепшых педагогаў краіны.

Па словах міністра, сістэма адукацыі не толькі забяспечвае дзяцінства ў нашай краіне, але і выконвае сацыяльную функцыю. Школа выхоўвае дзіця, фарміруе ў яго патрэбу да самаадукацыі, самаразвіцця, закладвае асновы таго, што трэба пастаянна ўдасканальваць свае веды, вучыцца прымяняць іх на практыцы. Наогул сістэма адукацыі — даволі тонкая сфера. Яна пранізвае ўсе віды жыццядзейнасці чалавека. І ад яе функцыянавання зале­жыць, як будзе працаваць эканоміка, сацыяльная і грамадскія сферы, як будуць развівацца між­асобасныя адносіны. Усё гэта моцна ўзаемазвязана.

— Выхаванне — аснова адукацыйнага працэсу, — падкрэсліў Ігар Карпенка. — Нельга забывацца пра выхаваўчую ролю ўрока, адзнакі, асабісты прыклад настаўніка, вопыт старэйшых пакаленняў.
Міністр адукацыі адказаў на пытанні педагогаў Свіслаччыны.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.