Выхаванне, бяспека, харчаванне

Пасяджэнне калегіі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама прайшло ў фармаце відэаселектара. Праз маніторы ва ўсіх раёнах вобласці ўдзельнікі калегіі ўбачылі ўрачыстае ўзнагароджанне лепшых прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці па выніках работы ў 2020 годзе.

У размове пра дасягненні галіны за мінулы год было адзначана, што Гомельшчына займае лі­дзіруючае месца па выніках цэнтралізаванага тэсціравання. Начальнік галоўнага ўпраўленння адукацыі аблвыканкама Руслан Смірноў падкрэсліў, што ня­дрэнныя вынікі летась паказалі школьнікі на алімпіядзе па вучэбных прадметах і на міжнародных алімпіядах.

— 2020-ы прынёс 8 медалёў нашым навучэнцам на 32-й Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы, 61-й Міжнароднай матэматычнай алімпіядзе, 16-й Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіядзе, — сказаў Р.Смірноў. — Перамогі ў інтэлектуальных спаборніцтвах удалося атрымаць не толькі дзякуючы ведам вучняў, але і высокаму патэнцыялу настаўнікаў-метадыстаў, асабліва з Гомеля, Мазыра, Жлобіна, Светлагорска, Рэчыцы і Рагачова. Самае галоўнае дасягненне — гэта, вядома, перамога ў Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Вадзім Алегавіч Лосеў з сярэдняй школы № 27 Гомеля прывёз крышталёвага жураўля на нашу зямлю. У сістэме прафесійнай адукацыі мінулы год адзначаны перамогамі на IV Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2020. 14 медалёў у скарбонцы каманды вобласці. Гомельскі аўтамеханічны каледж прызнаны лепшай установай сярэдняй спецыяльнай адукацыі Беларусі.

У сістэме дашкольнай адукацыі Гомельскай вобласці практычна кожнае дзіця ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў сёння наведвае садкі. Гэта лепшы вынік за апошнія гады. Зараз неабходна стварыць умовы для павелічэння ахопу дашкольнай адукацыяй дзяцей ад 1 да 3 гадоў, зыходзячы з запатрабаванняў бацькоў. Ёсць патрэба ў стварэнні дадатковых месцаў для дзяцей дашкольнага ўзросту ў мікрараёнах-новабудоўлях, у раёнах актыўнай забудовы Гомеля, Жлобіна, Мазыра, Рэчыцы, Лельчыц. Гэтая задача будзе вырашацца праз будаўніцтва новых устаноў у абласным цэнтры і Мазыры, адкрыццё кароткачасовых груп, перапрафіляванне памяшканняў, якія не выкарыстоўваліся.

  • У сістэме адукацыі Гомельскай вобласці працуе 57 тысяч чалавек. З іх амаль 30 тысяч — педагогі.
  • Сёння ў вобласці 51 настаўнік-метадыст.
  • 67 педагогаў прадстаўляюць Гомельскую вобласць у якасці распрацоўшчыкаў рэспубліканскага адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу.

У сваёй справаздачы Руслан Смірноў адзначыў, што выклікае разважанні статыстыка размеркавання выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі па каналах далейшага навучання. Працэнт паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі павялічыўся, ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай — зменшыўся. Знізілася і колькасць выпускнікоў 9-х класаў, якія паступілі ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У сувязі з гэтым начальнік абласнога ўпраўлення заклікаў калег рабіць акцэнт на праф­арыентацыйнай рабоце са старшакласнікамі на атрыманне рабочых прафесій.

— Пакуль застаецца нязменнай колькасць груп аграрнай скіраванасці, — адзначыў ён. — Толькі 12% выпускнікоў такіх груп летась сталі студэнтамі ўстаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі сельскагаспадарчага профілю. Трэба  індывідуальна працавац­ь з бацькамі і тымі дзецьмі, якія маюць схільнасці да работы на зямлі. Не трэба забываць і пра працяг настаўніцкіх дынастый. З 49 да 57 вырасла колькасць педагагічных груп. Разам з тым іх трэба адкрыць для школьнікаў шэрага раёнаў. Звяртаюся да ўсіх кіраўнікоў сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукцыі: стапрацэнтны набор ва ўстановы — справа вашага гонару, рэкламуйце каледжы і ліцэі бацькам на прадпрыемствах, актыўна выкарыстоўвайце шосты школьны дзень і арганізацыю прафпадрыхтоўкі старшакласнікаў на вашай базе.

Важным кірункам дзейнасці застаецца арганізацыя работы з адоранымі навучэнцамі. На дадзены момант сфарміравана каманда для ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Гомельскаму абласному інстытуту развіцця адукацыі пастаўлена задача максімальна эфектыўна адпрацаваць з дзецьмі на абласных зборах, а кіраўнікам устаноў і загадчыкам метадычных кабінетаў — забяспечыць кантроль за падрыхтоўкай, аказваць маральную і матэрыяльную дапамогу.

На калегіі падрабязна разгледзелі пытанні патрыя­тычнага выхавання. Каб наладзіць канструктыўны дыя­лог з падлеткамі, прапанавана шукаць новыя формы работы. Напрыклад, праводзіць апытанні, анкетаванні, дыспуты і дэбаты, падчас якіх старшакласнікі змогуц­ь выказаць сваё “я”. На інфармацыйных гадзінах варта расказваць дзецям пра нашу краіну, яе гісторыю і традыцыі.

— Нам неабходна быць у інтэрнэце, у сацыяльных сетках, — адзначыў Руслан Смірноў, — але не проста быць, а ўмець размаўляць на мове пакалення Z, спрабаваць зразумець дзяцей, даносіць ім патрэбную інфармацыю ненадакучліва, выкарыстоўваючы мала­дзёжны кантэнт. Больш актыўна трэба прыцягваць да гэтай дзейнасці маладых спецыялістаў, а іх ва ўстановы вобласці штогод прыбывае звыш 800 чалавек. Не менш важная і работа з бацькамі. Кожная сустрэча з імі ў рамках “Бацькоўскіх універсітэтаў” павінна быць выкарыстана і для іх асветы. Расказвайце ім пра тое, якія дасягненні ёсць у краіне, вобласці, раёне. Размаўляйце з імі не мовай сухіх лічбаў і фактаў, а красамоўнымі параўнаннямі з суседнімі краінамі, выкарыстоўваючы яркія ілюстрацыйныя прыклады з жыцця. Нам ёсць чым і кім ганарыцца.

Падчас абласной калегіі галоўнага ўпраўлення адукацыі агучаны праблемы, звязаныя з арганізацыяй харчавання школьнікаў. У прыватнасці, гэта тычыцца недастатковага кантролю за якасцю гатавання ежы. Толькі летась парушэнні былі выяўлены ў 419 установах. Руслан Смірноў прапанаваў апроч навучання кухараў і загадчыкаў вытворчасці навучыць дырэктараў і адказных за харчаванне вытворчаму кантролю, а пасля прыняць у іх адпаведны экзамен.

Не лішнім будзе ўсталяваць камеры відэаназірання на харчаблоках, уваходных групах, разгрузачных рампах і праводзіць штодзённыя праверкі. Між тым за год атрымалася вырашыць пытанні, звязаныя з выкарыстаннем для гатавання страў энергазберагальнага абсталявання (параканвектаматаў).

Паспяховай была практыка па патанненні харчавання за кошт вырошчвання агародніны на школьных прысядзібных участках. Напрыклад, установы Светлагорскага раёна вырасцілі 20 тон сельгаспрадукцыі, што дазволіла патанніць харчаванне на 10—12%. Амаль 16 тон было вырашчана на 17 прысядзібных участках Жлобінскага раёна, 10 тон — у Калінкавіцкім раёне.

Педагогі абмеркавалі тэмы бяспекі навучэнцаў, захавання і ўмацавання іх здароўя, абнаўлення камп’ютар­най тэхнікі, спартыўнага інвентару і шмат чаго яшчэ.

Намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Ула­дзімір Прывалаў, які прыняў удзел у пасяджэнні калегіі, падкрэсліў, што сёлета трэба ўдзяліць увагу арганізацыі вольнага часу дзяцей падчас канікул, наладзіць зносіны з бацькамі і зменшыць узровень злачыннасці сярод непаўналетніх.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.