Выхаванне дабрынёй, або Навошта падлетку кацяня?

- 11:34Выхаваўчая прастора

Адзін з сучасных паэтаў сказаў: “Яны для нас — жыцця старонка, а мы для іх — само жыццё…”. Гэтыя словы вельмі трапна перадаюць узаемаадносіны чалавека з братамі нашымі меншымі — свойскімі жывёламі. Менавіта сабакі і кошкі былі першымі спадарожнікамі жыцця людзей у гісторыі развіцця чалавецтва, суправаджалі іх і падтрымлівалі. Гэтыя звыклыя невялікія жывёлы прыносяць практычную карысць у гаспадарцы, дапамагаюць адаптавацца ў грамадстве людзям з фізічнымі недахопамі, ратуюць альпіністаў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў. А як упрыгожвае жыццё адзінокім і састарэлым людзям іх сябар — каток ці сабачка! Але і моладзь горнецца да жывога. Мне захацелася даведацца, як ставяцца да свойскіх жывёл мае вучні.

У анкетаванні прымалі ўдзел 25 вучняў 5—9 класаў. 80% падлеткаў маюць кошку або сабаку, 60% вучняў маглі б падабраць жывёлу з вуліцы. Ніхто з рэспандэнтаў не змог бы выгнаць свайго любімца з дому. 100% вучняў лічаць, што бяздомных жывёл нельга знішчаць, а неабходна ствараць для іх прытулкі. І ўсе адказалі, што беражліва ставяцца да жывой прыроды. Чаму ж у далейшым наша грамадства становіцца раўнадушным і жорсткім? Гэтая праблема хвалюе ўсіх неабыякавых людзей. Уздымае яе і мастацкая літаратура.

У сучасным грамадстве шмат актуальных праблем, звязаных з узаемаадносінамі “чалавек — жывёльны свет”. Сярод іх вызначаецца праблема знішчальных адносін пэўнай часткі насельніцтва да жывёльнага свету, праблема шкоднага ўздзеяння на чалавека і жывёл радыяцыі пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі, праблема жорсткасці падрастаючага пакалення ў адносінах да жывёл і раслін. Асабліва актуальная ў наш час апошняя праблема, калі сярод падлеткаў лічыцца вартым гонару скалечыць або забіць жывёлу ды яшчэ зняць гэтае жахлівае відовішча на камеру. Нядаўна ўсё грамадства ўзрушыла справа хабараўскіх катавальніц, якія мучылі жывёл і даводзілі іх да смерці. А самае страшнае, што дзяўчынкам было па 14—15 гадоў. Жудасна думаць, хто з іх вырасце…

У школьную праграму ўключана шмат твораў на тэму “Чалавек — прырода”: апавяданні Г.Далідовіча “Губаты”, Я.Маўра “Багіра” і І.Пташнікава “Алені”, аповесць М.Лынькова “Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў”, вершы П.Панчанкі і М.Танка. І ў творах, і ў жыцці дзеці сутыкаюцца з жорсткасцю і атрымліваюць псіхалагічную траўму. Так, галоўная гераіня апавядання І.Пташнікава “Алені” Ірка, даведаўшыся, што алень, якога яна падкормлівала, загінуў ад чалавечай жорсткасці, цяжка захварэла. Беларускі крытык Серафім Андраюк пісаў: “Тое хараство жыцця, якое ўвасаблялі алені, жорстка разбураецца, уцякае ад яе, магчыма, назаўсёды. Развязка твора, смерць старога аленя, — уварванне ў свет прыгажосці, гармоніі чэрствай, бяздушнай прозы. І не толькі. У гэтым апавяданні, мабыць, упершыню ў творчасці пісьменніка так этычна аголена выявіўся цэнтральны для яго творчасці канфлікт, а менавіта — вострая, непрымірымая барацьба розных адносін да жыцця. Да навакольнага свету, да прыроды: прагматычна-спажывецкіх і бескарыслівых, творча-паэтычных”. І сучасны падлетак, упершыню ўбачыўшы, як дарослыя выкідваюць на вуліцу бездапаможнае кацяня, як яго бацькі б’юць сабаку, адчувае шок. А пасля прывыкае…

Аднак ёсць іншыя прыклады. Такім з’яўляецца апавяданне Янкі Маўра “Багіра”. У яго аснову пісьменнік паклаў звычайны жыццёвы выпадак, якія здараюцца і ў вёсцы, і ў вялікім горадзе, дзе трапляюцца бадзяжныя каты, выкінутыя на вуліцу нядбалымі і чэрствымі гаспадарамі, якім для сябе або дзяцей у сучаснай кватэры была патрэбна жывая цацка-забава. Асабліва часта мы бачым гэта апошнім часам, калі з’явілася мода заводзіць катоў і сабак, а то і экзатычных істот з далёкіх паўднёвых краін, каб потым, нацешыўшыся, выгнаць на чужы і халодны гарадскі асфальт. Янка Маўр, арыентуючыся на юнага чытача, закладае ў аснову апавядання выхаваўчую ідэю. Ён хоча, каб дзеці праз вобраз Багіры зразумелі, што звер, які побач з намі, — гэта жывы і непаўторны свет, поўны дабрыні і міласэрнасці, як і свет чалавечы. Гэты літаратурны твор закладвае трывалую маральную аснову ў дзяцей, яны становяцца больш добрымі душой і больш чулымі сэрцам, здольнымі да суперажывання.

Вобразы жывёл са згаданых твораў сведчаць пра тое, што сучаснаму грамадству неабходна клапаціцца і пра экалогію прыроды, яе жыхароў, і пра экалогію чалавечай душы. Асабліва гэта тычыцца нашай будучыні — дзяцей і падлеткаў.

Літаратура пра жывёл выконвае вельмі шмат функцый. У нашым складаным жыцці чалавек чарсцвее душой і становіцца жорсткім у адносінах да слабейшых: дзяцей, старых, жывёл… Варта толькі выйсці на вуліцу і азірнуцца, і можна ўбачыць дзясяткі худых, змучаных, хворых жывёл-пакутнікаў, з якімі пагулялі і выкінулі, як цацку. Значыць, грамадства наша раўнадушнае і абыякавае, і кожнае наступнае пакаленне ўсё больш чэрствае…

Каб чалавек стаў лепшым, не забываўся пра міласэрнасць у адносінах да жывёл, не страціў свае душэўныя якасці, выдаюцца мастацкія творы анімалістычнага кірунку. І хочацца верыць, што сэрцы неабыякавых людзей адгукнуцца на іх. Таму анімалістычная літаратура ўзвышае наша грамадства, прымушае чалавека задумацца над многім, а гэта значыць, што творы гэтага кірунку маюць высокі выхаваўчы патэнцыял і заўсёды актуальныя. І неабходна заахвочваць моладзь чытаць такую літаратуру, а самае галоўнае — самім быць прыкладам правільных адносін да жывой прыроды.

Вольга АЛЯКСЕЙЧЫК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Вялікашылавіцкага ясляў-сада — базавай школы Слонімскага раёна.