Выхаванне дабрынёй і працай

- 9:33Людзі адукацыі

Кабінет, дзе займаюцца вучні Таццяны Максіменка, настаўніцы працоўнага навучання Ельскай дапаможнай школы­-інтэрната Гомельскай вобласці, больш падобны на майстэрню. Са звычайных, на першы погляд, рэчаў тут ствараюць сапраўдныя цуды. Да таго ж педагог разам з выхаванцамі шчыруе на школьным агародзе і ў цяпліцы.

Таццяна Максіменка працуе ў школе-інтэрнаце 27 гадоў, мае шматлікія ўзнагароды. Сёлета на жнівеньскай абласной нарадзе яна атрымала Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі. Таццяну Міхайлаўну цэняць не толькі за адданасць сваёй справе, але і за шчодрасць душы, дабрыню, добрасумленнасць.

“Я нарадзілася ў вёсцы Сугакі, што на самым поўдні Ельскага раёна, у сям’і звычайных працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Сям’я перабралася ў Ельск, дзе я вучылася ў сярэдняй школе № 1 у вельмі творчых і таленавітых настаўнікаў. Мой далейшы шлях прадвызначыў настаўнік фізікі і матэматыкі М.А.Шаўко. “У цябе цудоўныя здольнасці да матэматыкі, — гаварыў ён, — не губ­ляй іх”. У выніку я стала студэнткай Мазырскага дзяржаўнага педінстытута. Скончыла толькі два курсы. Дастатак бацькоў быў невялікі, прыйшлося перавесціся на завочнае навучанне. Адной з умоў было накіраванне ў раён, які найбольш пацярпеў ад аварыі на ЧАЭС. І я паехала ў Кананоўскую школу выкла­даць матэматыку. У Ельскую дапаможную школу-інтэрнат спачатку ўладкавалася выхавальніцай. Трапіла ў цудоўны малады калектыў. Творчы і ініцыятыўны дырэктар установы Якаў Ліпскі параіў мне атрымаць спецыяльнасць настаўніка-дэфектолага на курсах перападрыхтоўкі. Так я стала настаўніцай працоўнага навучання”.

З дзяцінства ў Таццяны Максіменка было хобі — вышыўка рознымі тэхнікамі: лічыльныя швы,  асабліва шво “набор”, гла­дзь, крыжыкам і паўкрыжыкам, або роспісам, бісерам, шклярусам, французская вышыўка “ракако”, тэхніка блэкворк. Педагог умее вышываць без схемы крыжыкам па малюнку ці фотаздымку.

Таццяна Міхайлаўна ўсё жыццё вязала пруткамі, кручком, пляла макрамэ, вырабы з саломы і газетных трубачак, лазы, рабіла аплікацыі з саломкі. Майстар умее рабіць лялек — насадкі для бутэлек, апранае іх у нацыянальныя, а менавіта ельскія вышытыя строі з вязанымі карункамі. Асвоіла і выраб тэкстыльных кніг. Ілюстрацыі ў іх вышывае крыжыкам, а тэкст выконвае швом “роспіс”. Сярод яе вышыванак пачэснае месца займаюць кнігі на беларускай мове. Педагог вырабляе іх цалкам уручную, дасканала прадумваючы канцэпцыю і змест, вышываючы карпатліва, сцяжок за сцяжком, кожную старонку. Самая першая яе кніга прысвечана паэту члену Саюза пісьменнікаў краіны Рыгору Бабчанку, з якім школа-інтэрнат супрацоўнічае на працягу многіх гадоў. Кніга складаецца з 5 тэкстыльных лістоў. На тое, каб іх зрабіць, Таццяне Міхайлаўне спатрэбілася тры месяцы. Другая кніга “Мая праца — маё жыццё” — падарунак дырэктару школы Я.Д.Ліпскаму да 50-гадовага юбілею яго педагагічнай дзейнасці. Побач з вершам “Маці” тут вышыты рукі маці, а верш пра родную хату ўпрыгожвае выява бацькоўскага дома… У наступнай кнізе “Мая родная старонка” Таццяна Міхайлаўна вышыла радкі класікаў беларускай літаратуры, аздобіла іх карцінамі прыроды роднай Ельшчыны. Сярод выбітных работ педагога — партрэт пісьменніка Уладзіміра Ліпскага.

Сёння Ельская дапаможная школа-інтэрнат прапануе сваім вучням і выпускнікам інтэграваных класаў агульнаадукацыйных школ працягнуць навучанне ў 11—12 класах паглыбленай сацыяльнай і прафесійнай падрыхтоўкі. Хлопчыкі могуць атры­маць тут прафесіі слесара па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання і жывёлавода. Дзяўчынкі — прафесіі агародніка і санітаркі. Таццяна Міхайлаўна выкладае ў гэтых класах, а таксама з’яўляецца кіраўніком аб’яднанняў па інтарэсах “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць” і “Гаспадыня”.

Таццяна Максіменка: “Вышываць трэба з добрым настроем, з душой, уважліва падбіраючы колеры і адценні. Тады і людзям будзе прыемна паглядзець на работу”. Свае ўменні і навыкі я перадаю выхаванцам, каб ім было лягчэй прызвычаіцца да дарослага жыцця”.

“Для кожнага вучня трэба стварыць сітуацыю поспеху, зыходзячы з яго магчымасцей і інтарэсаў, — адзначае Таццяна Максіменка. — У мяне быў вучань, які амаль ні з кім не размаўляў і нічым не цікавіўся, да таго ж меў праблемы з паво­дзінамі. Адзінае, чым мне ўдалося яго захапіць, — аплікацыя з запалак. Гэта вельмі тонкая, скрупулёзная работа, але ў яго загарэліся вочы, хлопец пачаў ра­біць шыкоўныя пано, неверагодна прыгожыя кампазіцыі. І паводзіны яго значна палепшыліся”.

Мастацкія кампазіцыі з прыроднага матэрыялу, выкананыя з натхненнем і любоўю да роднага краю, упрыгожваюць інтэр’ер школы, створана пастаянна дзеючая “Зала дзіцячай творчасці”. Работы выхаванцаў Таццяны Максіменка займалі прызавыя месцы на абласных і рэспубліканскіх конкурсах “Зялёны вітамін”, “Вясёлкавы карагод”, рэгіянальным конкурсе “Аб чым ма­раць дзеці”. Педагог перамагла на раённым этапе рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі — 2016”. 

“Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва мае неабмежаваныя магчымасці для развіцця эстэтычнага густу, фантазіі дзяцей з асаблівас­цямі, прывівае ім цярпенне, уседлівасць і акуратнасць. Не кожнае дзіця прыхо­дзіць у свет, каб стаць творцам. Але я веру ў тое, што пэўным творчым патэнцыялам валодае кожны чалавек, — адзначае Таццяна Міхайлаўна. — Імкнуся стварыць умовы для таго, каб вучні раскрывалі свае магчымасці, пазнавалі штосьці новае для сябе, каб павышалася іх зацікаўленасць і самастойнасць у навучанні і творчасці. Бо толькі праз уласныя намаганні, пераадоленне штодзённых цяжкасцей кожны чалавек стварае свой лёс”.

Надзея ЦЕРАХАВА.