Выхаванне фізічнае і музычнае стала візітоўкай Асіповіцкага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці

- 13:15Образование

Як выхаваць дзіця здаровым і рознабакова развітым, ведаюць педагогі Асіповіцкага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Самых творчых дзяцей тут аб’яднала студыя выяўленчага мастацтва, якая стала цэнтрам па фарміраванні патрыятычных пачуццяў у дашкольнікаў. А дасягаецца гэта праз далучэнне дзяцей да вытокаў і традыцый дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Разам з педагогам дадатковай адукацыі Аксанай Мікалаеўнай Раманоў­скай дзеці асвойваюць асновы саломапляцення, тэкстыльнага дызайну, фітадызайну, вышыўкі, керамікі, народнай цацкі і г.д.

Ярка для дзяцей тут праходзіць і знаёмства з музыкай. Загадчыца ўстановы Таццяна Георгіеўна Васянкіна адзначае:

— Кожны год нашы выпускнікі становяцца навучэнцамі дзіцячай школы мас­тац­тваў. Такая пераемнасць існуе даўно, бо нашы музычныя кіраўнікі даюць выхаванцам добрую пачатковую адукацыю ў гэтым кірунку. У першую чаргу яны адточваюць у дзяцей пачуццё рытму, му­зычнага слыху і памяці.

Як гэта можна рабіць, прадэманстравала са сваёй навучэнкай музычны кіраўнік Марыя Рыгораўна Гнядзько: Ульяна Гапановіч умела паўтарала гукі фартэпіяна, высвістваючы мелодыю на свістульцы. Так педагог рыхтуе юных артыстаў да наступнага кроку — развіцця ў іх вакальных талентаў.

Не бывае ціха і на занятках у харэографа Таццяны Уладзіміраўны Рагоўскай. З ёй дзеці вывучаюць народныя танцы і сучасную харэаграфію, знаёмяцца з сусветнай танцавальнай культурай, асвойваюць базавыя харэаграфічныя тэхнікі і прыёмы, вучацца чуць музыку, перадаваць яе тэмп і дынаміку праз рухі. Дашкольнікі вучацца валодаць сваім целам, выказваць эмацыянальныя вобразы музыкі з дапамогай плас­тычных эцюдаў, імправізацый, кампазіцый, перадаваць стыль і манеру танца.

Маленькія непаседы з нецярпеннем чакаюць і заняткаў у спартыўнай зале. Гэта было відаць падчас іх гульні “Снайпер” з кіраўніком фізічнага выхавання Палінай Міруковай. Малады спецыяліст працуе другі год, але ўжо з першага дня работы дакладна вызначылася, што застанецца тут.

— Па-першае, Асіповічы — мой родны горад, куды я рада была вярнуцца, а па-другое, я хачу працаваць менавіта з маленькімі дзецьмі. Падчас практыкі мне давялося папрацаваць і ў школе, таму ёсць з чым параўнаць. Я ўпэўнілася, што толькі з да­школьнікамі мне сапраўды камфортна. Тут адметны калектыў, шмат абсталявання для заняткаў, выдатная спартыўная зала і, галоўнае, выдатныя дзеці з іх няўрымслівай энергіяй, абдымкамі і шчаслівымі вачыма. Кожныя заняткі з імі — гэта асалода, — дзеліцца эмоцыямі Паліна Міхайлаўна.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара