Выхаванне любові да малой радзімы на ўроках

- 11:24Якасць адукацыі

У кожнага з нас ёсць той куточак на зямлі, з якога пачалося пазнанне свету і які здаецца цэнтрам усяго Сусвету. Гэта зямля бацькоў, яна заўсёды мае асаблівую прывабнасць, чароўную сілу. Усё на гэтай зямлі — самае дарагое. І куды б лёс ні закінуў, з ёй ніколі не парвецца душэўная сувязь. Асабліва гэта важна зразумець яшчэ ў дзяцінстве. Кожны чалавек павінен ведаць пра адметнасці сваёй малой радзімы. Таму як настаўнік роднай мовы і літаратуры прывіваю гэтую любоў на ўроках.

Мною распрацаваны разнастайныя заданні, накіраваныя на выхаванне патрыятызму, пачуцця гордасці за родную старонку. Напрыклад, у ходзе вывучэння фанетыкі для фанетычнага разбору прапаную вучням словы, фразы, сказы пра родныя мясціны. Пры вывучэнні марфалогіі выкарыстоўваю краязнаўчы матэрыял. Асаблівая ўвага ўдзяляецца раздзелу “Лексіка”. Вучні знаёмяцца з асаблівасцямі мясцовага дыялекту. Пры вывучэнні тэмы “Стылі і тыпы маўлення” прапаную такія тэксты, як “Паходжанне назвы вёскі”, “Рака майго дзяцінства”, “Адметнасці малой радзімы”, “Культурная палітра вёскі” і г.д. Гэтыя ж тэксты могуць быць прапанаваны і пры правядзенні вучэбных дыктантаў і пераказаў.

Практыкую і такі від работы, як выбарачнае пісьмо. З верша вучні выпісваюць неабходныя часціны мовы, сказы.

На аснове краязнаўчага матэрыялу мною распрацаваны ўрокі-экскурсіі, урокі-падарожжы, урокі-праекты, урокі з выкарыстанем камп’ютарных тэхналогій, што спрыяе фарміраванню больш глыбокага ўяўлення аб родным краі, выхаванню патрыятычных пачуццяў. Навучэнцы складаюць вершы, ствараюць прэзентацыі, відэафільмы, пішуць сачыненні на тэмы “За што я люблю сваю вёску”, “Знакамітыя землякі”, “Мінулае і сучаснае вёскі”, “Мая вуліца”, “Любімы куток прыроды”, “Адметныя рысы флоры і фаўны маёй мясцовасці” і інш.

Асаблівую ўвагу ўдзяляю тэме Вялікай Айчыннай вайны. Памяць пра тых, хто аддаў жыццё ў барацьбе з ворагам, вечна жыве ў сэрцах. Таму ў залежнасці ад тэмы, якая вывучаецца, прапаноўваю розныя заданні. Вучні апісваюць помнікі загінуўшым землякам, пішуць пісьмы ветэранам вайны, складаюць сказы на ваенную тэматыку і разбіраюць іх.

Звяртаю ўвагу на архітэктуру свайго населенага пункта. У нас ёсць храмы, старажытныя сядзібы, якія маюць свой сакрэт, сваю таямніцу. У суседняй вёсцы знаходзіцца гарадзішча, дзе калісьці жыў і працаваў вядомы асветнік Сымон Будны.

Цікавы для вучняў матэрыял пра тое, што ў нашых мясцінах калісьці быў Янка Купала, што іх прабабулі і прадзядулі змаглі паглядзець знакамітую “Паўлінку”. На аснове гэтага матэрыялу вучні займаюцца даследаваннем, кожны раз адкрываюць для сябе нейкі гістарычны факт.

Такія ўрокі атрымліваюцца цікавымі і змястоўнымі. Навучэнцы больш грунтоўна і дасканала засвойваюць вучэбны матэрыял, а галоўнае, у іх абуджаюцца пачуцці да блізкіх і знаёмых з маленства мясцін. А гэта значыць, што вырастуць яны сапраўднымі патрыётамі сваёй Айчыны.

Тамара САЛОМКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Гародзькаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы

Валожынскага раёна Мінскай вобласці.
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.