Выхаванне моўнай асобы праз тэатр

Сучасныя рэаліі, якія звужаюць камунікацыю (дыстанцыраванасць і спрошчанасць моўных зносін праз сацыяльныя сеткі і СМС), не спрыяюць развіццю маўлення навучэнцаў. Паток прымітыўных штампаў, якія выказваюцца з тэлеэкранаў, агрэсіўная рэклама, недазіраванае спажыванне масавай культуры нясуць незваротныя наступствы пры фарміраванні маладога пакалення.

У 2014 годзе наша школа стала ўдзельніцай інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання моўнай асобы ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя”. Педагогі і адміністрацыя школы ўспрынялі гэты праект як перспектыву паляпшэння якасці адукацыі (асабліва ў галіне гуманітарных дысцыплін) і выбару новых напрамкаў для творчай і даследчай дзейнасці. У настаўнікаў з’явілася цудоўная магчымасць накіраваць выхаванне навучэнцаў па шляху выпрацоўкі ў іх якасцей сапраўдных грамадзян Беларусі, якія глыбока паважаюць дасягненні нацыянальнай і сусветнай культуры, свядома выбіраюць любоў да Айчыны як неабходную ўмову жыцця.

Развітая моўная асоба — гэта асоба, якая свабодна валодае вялікім запасам моўных сродкаў, правільна і эфектыўна выкарыстоўвае іх у разнастайных відах зносін з улікам рэальнай камунікатыўнай сітуацыі. Улік асаблівасцей функцыянавання беларускай мовы, беларускага варыянта рускай мовы патрабуе распрацоўкі адпаведных метадычных і тэставых матэрыялаў, падыходаў да працэсу навучання, выкарыстання розных форм і тэхналогій у адукацыйным працэсе. Дзейнасць тэатральнага калектыву можа ў значнай ступені спрыяць выхаванню моўнай асобы, таму што дастаткова матывавана творчымі імкненнямі дзяцей. Рашэнне займацца ў тэатральным гуртку навучэнцы прымаюць самастойна. Пры правільнай арганізацыі заняткаў і стварэнні сістэмы прыёмаў у спалучэнні з выхаваннем такіх маральных прынцыпаў, як увага і павага да культуры свайго народа, можна дабіцца пэўных вынікаў у развіцці моўнай асобы.

Тэатральны калектыў школы існуе больш за 20 гадоў. У 2012 годзе ён стаў пераможцам гарадскога конкурсу “Тэатр плюс бібліятэка” з англамоўнай пастаноўкай сцэн з п’есы Б.Шоу “Пігмаліён”, у 2015 годзе — пераможцам гарадскога і дыпламантам абласнога этапу конкурсу школьных тэатраў на замежнай мове з пастаноўкай мюзікла па матывах п’есы П.Трэверс “Мэры Попінс”. Упэўнена, што суіснаванне розных моў у дзейнасці тэатральнага гуртка спрыяе полікультурнай адукацыі.

Першым этапам работы над праблемай выхавання ў навучэнцаў ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі ўсведамлення сябе як носьбіта моўнай і маўленчай культуры праз удзел у тэатральным калектыве стала вывучэнне спецыяльнай метадычнай літаратуры. Далей у рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта была распрацавана сістэма заняткаў для ўдзельнікаў тэатральнага гуртка. Структура заняткаў па беларускім вусным маўленні складаецца з маўленчай размінкі: дзецям прапаноўваюцца некалькі слоў, у якіх ёсць гук, які вывучаецца, далей фіксуецца яго правільнае вымаўленне, якое замацоўваецца чытаннем вершаў, лічылак і скорагаворак. Потым ідзе лексічная работа і аўдзіраванне, размова на беларускай мове з выкарыстаннем зададзенай лексікі (значэнне кожнага слова тлумачыцца), а потым — чытанне і спантаннае інсцэніраванне беларускіх казак. Ролі чытальнікаў і акцёраў пастаянна мяняюцца.

Прамежкавым вынікам работы ў рамках інавацыйнага праекта стала пастаноўка фальклорнай кампазіцыі “Калядкі”, тэкст якой напісаны на аснове сапраўдных народных абрадаў. Народная мудрасць перадае моладзі сэнс сапраўдных жыццёвых каштоўнасцей: “А грошай вялікіх нікому не раім…” Калядны абрад таксама ўключае ў сябе народныя песні “Калядачкі” і “Го-го-го, Каза!”. “Калядкі” былі выкананы ў школе, сацыяльным прытулку і цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы, а таксама на конкурсе самадзейнай творчасці “Сузор’е”.

Удзельнікі тэатральнага калектыву ўдзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ў рамкахінавацыйнага пректа: чытаюць вершы беларускіх паэтаў па школьным радыё ў Дзень беларускай пісьменнасці, працуюць зазываламі на “Кірмашы прысмакаў” у Міжнародны дзень роднай мовы, спаборнічаюць у інтэлектуальных конкурсах і гульнях у рамках тэматычных дэкад.

Выніковай работай у рамках інавацыйнага праекта стане пастаноўка камедыі В.Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта”. Мы з калектывам навучэнцаў упэўнены, што спектакль атрымаецца вясёлым, шчырым і музычным, а галоўнае, выкліча ў дзяцей жаданне сур’ёзна і з любоўю вывучаць беларускую мову і нацыянальную культуру.

Такая форма работы, як удзел у тэатральным калектыве, забяспечвае прамое дачыненне да народнай культуры, выклікае адчуванне прыналежнасці да традыцый беларускага народа. Удзел у праекце спрыяе фарміраванню ў навучэнцаў навыкаў вуснага маўлення на беларускай і рускай мовах, светапогляднай пазіцыі, якая адлюстроўвае глыбокі інтарэс да традыцый нацыянальнай культуры, і здольнасці да творчага асэнсавання і ўвасаблення на сцэне стваральных ідэй і агульначалавечых каштоўнасцей.

Ірына ЛЯХОВІЧ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Баранавіч.