Выхаванне на экалагічных прынцыпах

Экалагічнае выхаванне падрастаючага пакалення набывае ўсё большае значэнне. Моладзі трэба ўмець жыць у гармоніі з прыродай, умець берагчы, захоўваць прыродныя багацці. У сярэдняй школе № 2 Чавус фарміраванне экалагічнай культуры вучняў даўно ў прыярытэце ўсёй выхаваўчай работы. На працягу шэрага гадоў школа функцыянуе з прыстаўкай “эка”.

— Эколага-краязнаўчае выхаванне навучэнцаў займае цэнтральнае месца ў адукацыйным працэсе. Пытанні экалагічнай адукацыі разглядаюцца на ўроках, але значна большая ўвага гэтаму напрамку ўдзяляецца падчас пазакласнай дзейнасці, — паведаміла дырэктар школы Наталля Кірпічова.

Па яе словах, педагагічным калектывам рэалізаваны шэраг тэматычных інавацыйных праектаў. Спачатку тут распрацавалі сістэму экалагічнага менеджменту ў статутах адукацыі. Потым, дзякуючы гранту конкурсу ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, ажыццявілі ініцыятыву “Экашкола № 2 Чавус — перазагрузка”.

— Імкнуліся да павышэння ўзроўню экалагічнай культуры падрастаючага пакалення. Але ініцыятыва была накіравана таксама на паляпшэнне ўзаемадзеяння школы з мясцовай уладай, установамі і арганізацыямі, развіццё зацікаўленасці вучняў у жыцці грамадства, — адзначыла Наталля Сцяпанаўна.

На рэалізацыю праекта са спецыяльнага фонду ПРААН другой чавускай школе было выдзелена звыш 8 тысяч долараў. На гэтыя і ўласныя сродкі была праведзена рэканструкцыя школьнай цяпліцы.

— Нашы вучні разам з педагогамі даволі даўно займаюцца вырошчваннем расады кветак. Да гэтай работы далучаны ўсе класы. Магчымасці адноўленай цяпліцы дазволілі значна пашырыць асартымент саджанцаў, павялічыць іх рэалізацыю. Да таго ж зараз мы пачалі вырошчваць яшчэ і агародніну, — гаворыць Наталля Кірпічова.

Адметна, што ініцыятыва была накіравана яшчэ і на прыцягненне школьнікаў да прыродаахоўнай і практыка-арыентаванай дзейнасці па азеляненні, добраўпарадкаванні тэрыторыі школы і горада.

— У рамках праекта нашы дзеці маглі вучыцца ландшафтнаму дызайну. У школе быў праведзены цыкл тэматычных майстар-класаў. Мерапрыемствы праводзіў сапраўдны ландшафтны дызайнер Дзмітрый Барысаў, які дэманстраваў асноўныя метады ландшафтнага праектавання і прынцыпы складання кампазіцый з дэкаратыўных раслін на прыкладзе існуючых насаджэнняў школы, — расказала Наталля Сцяпанаўна.

Пасля вучэбных заняткаў дзеці атрымалі ўнікальную магчымасць прымяніць атрыманыя веды на практыцы. Кожны з вучняў мог распрацаваць праект, накіраваны на азеляненне і добраўпарадкаванне роднага горада. Самыя неардынарныя ідэі былі рэалізаваны на вуліцах Чавус. Навучэнцы добраўпарадкавалі тэрыторыю вакол аўтавакзала, шматлікіх іншых сацыяльна значных аб’ектаў горада. Прычым кветкавую расаду яны вырасцілі самі ў школьнай цяпліцы.

Арганізоўваюць у другой чавускай школе і інфармацыйныя заняткі, на якіх падрабязна знаёмяць усіх жадаючых з прынцыпамі экалагічнага земляробства. Вучэбныя семінары з цікавасцю наведваюць вучні, іх бацькі, педагогі.

— Дзеці актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх відах работ: самастойна рыхтуюць глебу для раслін, робяць пікіроўку расады, высаджваюць яе ў грунт, паліваюць і падкармліваюць. Тым самым навучэнцы атрымліваюць асноўныя практычныя навыкі экалагічнага земляробства па вырошчванні кветкавай і агародніннай прадукцыі, — падкрэсліла Наталля Кірпічова.

Назапашаны ў ходзе рэалізацыі праектаў вопыт па экалагічным выхаванні дазволіў педагогам школы ўпэўнена ўзяцца за новую справу. З гэтага навучальнага года ва ўстанове адбываецца навучанне дзесяцікласнікаў прафесіі “Агароднік”. Падрыхтоўка ажыццяўляецца ў рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне”. Выкладанне тэорыі чаргуецца з вытворчай практыкай, якая адбываецца на базе адрамантаванай школьнай цяпліцы.

Мясцовыя вучні ўжо добра ведаюць, што такое арганічнае земляробства, як вырасціць экалагічна чыстую прадукцыю. Яны разумеюць сутнасць многіх агратэхнічных прыёмаў, такіх як мульчыраванне, кампаставанне, севазварот.

— Мы разам з бацькамі плануем перайсці да экалагічнага вырошчвання агародніны: паменшыць выкарыстанне пестыцыдаў і гербіцыдаў, сінтэтычных угнаенняў. Будзем вучыцца вырошчваць ураджай па-новаму, — расказала навучэнка 10 класа Ева Уласік.

Для педагагічнага калектыву школы такія намеры вучняў і іх бацькоў — лепшае пацвярджэнне важнасці праведзенай работы. Тут спадзяюцца, што экалагічнае земляробства атрымае распаўсюджванне па ўсім раёне, а выхаванне падрастаючага пакалення абавязкова будзе ажыццяўляцца на прынцыпах экалагічнай культуры.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.