Выхаванне на гісторыі

Гістарычнае мінулае валодае неабмежаваным патэнцыялам выхаваўчага ўздзеяння на розумы і душы дзяцей. А школьны музей можа служыць цэнтрам усёй выхаваўчай работы ў навучальнай установе. Але, каб гэта было сапраўды так, трэба і работу музея наладзіць адпаведна, як гэта робяць у сярэдняй школе № 8 Магілёва.

Музейны пакой у гэтай установе адкрылі даволі даўно. Ён функцыянуе на працягу ўжо больш як 15 гадоў. За гэты час ён стаў месцам, якое актыўна задзейнічана ў вучэбна-выхаваўчым працэсе.

— Наш музейны пакой мае гістарычна-краязнаўчы профіль, але ў асноўным прысвечаны гісторыі школы. Сёння ў экспазіцыі дзевяць тэматычных раздзелаў. Яны расказваюць пра школьныя традыцыі, гісторыю школьнай формы і прылад, этапы развіцця дзіцячых і мала­дзёжных арганізацый. Ёсць раздзел, прысвечаны настаўнікам, раздзел выпускнікоў. Асобнае месца займае раздзел пра лёс школы, яе настаўнікаў і выпускнікоў у гады Вялікай Айчыннай вайны, — паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Н.М.Церахава.

Па яе словах, сёння ў музейным пакоі больш за тысячу разнастайных экспанатаў. За кожным з іх цягнецца ланцужок цікавых гістарычных па­дзей, уплеценых у гісторыі лёсу пэўных людзей. У музеі можна ўбачыць розныя школьныя прылады, школьныя фатаграфіі з 1941 года, школьную і піянерскую форму савецкага ўзору, школьны ранец, значкі акцябрат, піянераў і камсамольцаў, піянерскія гальштукі, камсамольскія білеты. Асаблівая гордасць музея — багаты фотаархіў. Ён складаецца не толькі са школьных фатаграфій. Тут ёсць здымкі ўсіх дырэктараў школы, выбітных выпускнікоў, сярод якіх воіны-інтэрнацыяналісты, спартсмены, мастак, прафесар і нават ветэран Байканура.

— Усе экспанаты музея збіраліся выключна сіламі настаўнікаў, навучэнцаў і іх бацькоў. Работа па напаўненні музейнага пакоя новымі экспанатамі працягваецца і зараз. Адметна, што, займаючыся пошукавай работай, дзеці глыбей пазнаюць сваю малую радзіму, збліжаюцца з роднымі, — адзначыла Наталля Міхайлаўна.

У музейнага пакоя ёсць свая асаблівасць. Ён актыўна служыць сваім стваральнікам. Акрамя экскурсій, ужо традыцыяй стала правядзенне ў музеі ўрокаў гісторыі, класных і інфармацыйных гадзін, пазакласных заняткаў, піянерскіх збораў, пасяджэнняў пярвічкі БРСМ, сустрэч з ветэранамі, урачыстых мерапрыемстваў. У музейным пакоі часта ладзяцца тэматычныя выставы, праводзяцца экскурсіі. Дарэчы, экскурсаводамі выступаюць самі навучэнцы — актыўныя ўдзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Юны экскурсавод”, што дзейнічае пры музеі.

— Дзякуючы наяўнасці музейнага пакоя, навучэнцы далучаюцца да гісторыі роднага краю праз гісторыю сваёй школы, удзельнічаюць у розных акцыях, уключаюцца ў пошукава-даследчую дзейнасць. Музей садзейнічае фарміраванню ў вучняў асобасных адносін да гісторыі роднай краіны, дапамагае развіваць іх творчую і пазнавальную актыўнасць, выхоўваць у падрастаючага пакалення такія якасці, як грамадзянскасць і патрыятызм. Музейны пакой вучыць дзяцей любіць свае карані, сваю Радзіму, ганарыцца сваімі землякамі і браць з іх прыклад. Ён дапамагае кожнаму вучню задумвацца над сямейнай рэліквіяй ці ўласным радаводам, над тым, хто ён і навошта жыве, што ён пакіне сваім нашчадкам. Акрамя таго, музей аб’ядноўвае навучэнцаў, дапамагае рабіць іх вольны час актыўным і цікавым, — падкрэсліла Н.М.Церахава.

Напрамкі дзейнасці музейнага пакоя ў сярэдняй школе № 8 Магілёва даволі разнастайныя. У яго шмат функцый. Але асноўная мэта адна — прывіццё дзецям ведаў, уменняў і сістэмы каштоўнасцей, заснаваных на павазе да сваёй гісторыі. Гэта фарміруе ў вучняў адпаведныя адносіны да сваёй спадчыны, без чаго нельга выхаваць патрыятызм і любоў да Радзімы.

Ганна СІНКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.