Выхаванне на ўспамінах

- 14:14Навіны рэгіёнаў

У незвычайным фармаце прайшло чарговае пасяджэнне клуба ветэранаў працы адукацыйнай галіны Чыгуначнага раёна Гомеля. Прысвячалася гэтая сустрэча дзвюм важным датам — 100-годдзю УЛКСМ і 75-годдзю вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Камсамольскі збор, як жартаўліва назвалі сустрэчу арганізатары, быў назначаны ў сценах гомельскай школы № 53. Удзельнікі — ветэраны Вялікай Айчынай вайны і ветэраны працы, яны ж і былыя камсамольцы, прадстаўнікі раённага маладзёжнага савета, шматлікія госці. Старэйшае пакаленне аднавіла гісторыю УЛКСМ праз апавяданні пра асабісты ўдзел у жыцці аўтарытэтнай арганізацыі.

Святлана Кучынская, ветэран школы № 8, былы яе дырэктар, з хваляваннем успамінала сваё ўступленне ў камсамол. “Усё так выразна памятаю, быццам гэта было ўчора, а не 68 гадоў назад”, — прызналася Святлана Леанідаўна. А на сукенцы той самы камсамольскі значок, з хваляваннем атрыманы на пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя.

Настаўніца школы № 37 Наталля Івароўская таксама прыйшла на сход з камсамольскім значком і білетам. Гэта яе памяць і гонар. Наталля Мікалаеўна прыгадала камсамольскія школьныя гады, работу ў якасці піянерважатай у летніках Гомельшчыны, Чэхаславакіі, у Артэку. Па яе словах, гэта было жыццё, поўнае незабыўных сустрэч, экскурсій і бясконцай дзейнасці, якая акрыляла і вяла да новых гарызонтаў. У 1981 годзе васьмі піянерважатым Гомеля, сярод якіх была і Наталля Івароўская, было прысвоена званне “важаты-метадыст”.

Аповед сваёй калегі працягнуў Леанід Казімірскі, старшыня ветэранскай арганізацыі школы № 37 Гомеля. Ён расказаў пра былога дырэктара школы актыўнага камсамольскага і партыйнага дзеяча горада Ніну Сямёнаўну Савенка. У гэты дзень было ўсё так незвычайна. “Чаму нам не пачуць саму Ніну Сямёнаўну?” — вырашылі ўдзельнікі мерапрыемства і патэлефанавалі настаўніцы. Аб камсамольскіх часах у жанчыны таксама толькі цёплыя ўспаміны. Яна ўпэўнена, што каб не было ў яе жыцці гэтай арганізацыі, то жыццё не было б такім цікавым і поўным, а яшчэ не было б так шмат сяброў.

Трагічныя, але цікавыя як гістарычны матэрыял гучалі ўспаміны настаўнікаў, якія прайшлі праз ваеннае ліхалецце. Усе гэтыя ўспаміны перажывала разам з паважанымі педагогамі-ветэранамі маладое пакаленне. Менавіта ў гэтым і ёсць галоўная ідэя мерапрыемства. Пасля цікавых гісторый і ўспамінаў ветэранаў юнакі і дзяўчаты адзначалі, што цяпер яны разумеюць, на якіх каштоўнасцях выхоўваліся іх дзядулі і бабулі, разумеюць, навошта сёння трэба аб’ядноўваць моладзь у рады маладзёжнай арганізацыі.

Наталля ЛУТЧАНКА.