Выхаванне на жыццёвых прыкладах

- 16:43Нам пішуць

На беразе ракі Сож раскінулася вельмі маляўнічае месца, дзе размешчаны аграгарадок Вазнясенскі. Тут жылі і жывуць выдатныя, гасцінныя, працавітыя людзі, якія славілі і славяць сваю маленькую радзіму.

Падрастаючае пакаленне нашага аграгарадка кожную раніцу, як ручайкі вясной, бяжыць у школу.

Высокакваліфікаваныя прафесіяналы-педагогі Камуна-Ленінскага ясляў-сада — базавай школы Чачэрскага раёна чакаюць сваіх выхаванцаў ва ўтульных класных пакоях, у камп’тарным класе, спартыўнай зале, бібліятэцы, дзе навучэнцы атрымліваюць веды, уменні, навыкі па вучэбных прадметах. А калі заканчваюцца ўрокі, то ў шосты школьны дзень дзяцей чакаюць пазакласныя мерапрыемствы, экскурсіі, паходы, велапрабегі, працоўныя акцыі.

Гэты год у нас ва ўстанове адукацыі багаты на юбілеі. Споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння земляка — паэта-франтавіка Леаніда Гаўрылава, чыё імя носіць школа. У рамках святкавання юбілею ў школе прайшлі літаратурныя чытанні “Радок, абарваны куляй”, мітынг-рэквіем “Памяць сэрца”, літаратурны конкурс “Проба пяра”, у якім удзельнічалі юныя таленты з нашай і суседніх школ раёна.

Вучні і педагогі школы ўзялі ўдзел у вечарыне-памяці Л.Гаўрылава “Шчырасць юнацкага сэрца”. Асабліва цікавым было выступленне ганаровага грамадзяніна Чачэрска, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхася Болсуна.

Звесткі аб літаратурнай спадчыне паэта-земляка, асаблівасцях яго літаратурнай страфы, біяграфіі сталі для многіх адкрыццём. Удзельнікі вечарыны чыталі вершы Леаніда Гаўрылава і іншых паэтаў, прысвечаныя паэту-франтавіку. Гучалі песні на радкі беларускіх літаратараў аб нашай краіне.

У лютым споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння яшчэ аднаго нашага земляка — юнага піянера-героя Грышы Падабедава. У песні, прысвечанай піянеру, ёсць радкі: “…Прожил он большую жизнь, ребята, / Многим взрослым не прожить такой…”. Яго імем названа вуліца ў Чачэрску, піянерская дружына Камуна-Ленінскага ясляў-сада — базавай школы носіць яго імя. Акрамя таго, у рамках дня “Мужнасць нас не пакіне” ў школе прайшла прэзентацыя даследчай работы “Піянер-герой Грыша Падабед”, якую правёў вучань 8 класа Аляксандр Струкаў. Хлопец паведаміў пра даты, факты, падзеі, успаміны і выказаў уласнае меркаванне на той цяжкі для краіны і для народа час.

Гэтым жа днём у школе традыцыйна прайшоў урок мужнасці, прысвечаны памяці юных герояў-антыфашыстаў. А пасля ўсіх чакаў прагляд фільма “Вуліца малодшага сына”. Трэба сказаць, што вучні глыбока адчулі ўбачанае ў фільме. Пры абмеркаванні некаторыя шчыра прызнаваліся: “Не ведаю, ці змог бы я так”.

Людміла КЕБІКАВА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Камуна-Ленінскага ясляў-сада — базавай школы Чачэрскага раёна.