Выхаванне працай

- 11:34Навіны рэгіёнаў

Фарміраванне станоўчых адносін да працы, прывіццё дзецям жадання і ўмення працаваць — гэтыя напрамкі дзейнасці ў прыярытэце ў педагагічнага калектыву ясляў-сада аграгарадка Вейна Магілёўскага раёна. Педагогі ўстановы перакананыя: стаўленне малышоў да працы залежыць ад дарослых.

— Можна дапамагчы дзецям адчуваць радасць ад працы, а можна і адбіць жаданне, калі выкарыстоўваць нецікавыя прыёмы, прымушаць. Далучэнне дзяцей да самастойнай пасільнай працы мы выбудоўваем такім чынам, каб дапамагчы ім набыць пэўныя ўменні і навыкі. Але, дапамагаючы выхаванцам, педагогі не выконваюць заданні замест малых. Простым працоўным дзеянням дзеці вучацца самі. Шмат у чым гэтаму спрыяюць спецыяльныя гульні. Праца пераклікаецца з гульнёй, становіцца яе часткай. Так дзіця, не заўважаючы, вучыцца, прывыкае працаваць, — расказала загадчыца ўстановы Ліяна Арлоўская.

Да працы выхаванцы дзіцячага сада актыўна далучаюцца з малодшага ўзросту. Самых маленькіх вучаць самаабслугоўванню, у асноўным выкарыстоўваючы розныя даручэнні. У сярэдніх і старшых групах дзеці выконваюць гаспадарча-побытавыя даручэнні, працуюць на прыродзе, займаюцца ручной і мастацкай працай.

— Разам з выхавальнікамі дзеці займаюцца азеляненнем і добраўпарадкаваннем участка вакол установы, працуюць на нашым невялікім агародзе. Гэта не толькі навучае дзяцей патрэбным навыкам, але і выхоўвае пэўныя маральныя якасці, спрыяе фізічнаму станаўленню, закладвае асновы экалагічнай культуры. Мастацкая і ручная праца таксама прымяняецца педагогамі даволі часта. Малышы вырабляюць кампазіцыі з прыроднага матэрыялу, паперы, кардону, тканіны. Яшчэ ў нас дзейнічае гурток, дзе дзеці могуць навучыцца ткацтву. Такія віды працы станоўча адбіваюцца на эстэтычным развіцці малых, — расказала Ліяна Альбертаўна.

Працоўныя навыкі павінны прывівацца і ў сям’і. Таму ў дзіцячым садзе цесна ўзаемадзейнічаюць з бацькамі. Мамы і таты ўдзельнічаюць у навядзенні парадку ва ўстанове і тэрыторыі вакол яе, прысутнічаюць на працоўных акцыях і іншых мерапрыемствах. Прыклад дарослых, калектыўная дзейнасць вельмі падахвочваюць дзяцей да працы.

— Нашы дзеткі заўсёды працуюць з задавальненнем, мы заўсёды гэта заахвочваем. Падводзім вынікі рознай дзейнасці, уручаем узнагароды. Гэта стымулюе выхаванцаў да ўдасканалення працоўных навыкаў, — адзначыла Ліяна Арлоўская.

Паводле слоў загадчыка, усе педагогі ўстановы імкнуцца да таго, каб малышы навучыліся разумець карысць і неабходнасць працы. Тут упэўнены: праца — найважнейшы сродак выхавання.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.