Выхаванне — справа не аднаго дня

- 10:20Актуальна, На парадку дня

Міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец наведаў з рабочым візітам Брэстчыну. 

У паездцы яго суправа­джаў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі.

Першым пунктам прыпынку стаў БрДУ імя А.С.Пушкіна, дзе кіраўнік галіновага ведамства азнаёміўся з дзейнасцю Інстытута Канфуцыя, пабываў у спецыялізаваных вучэбных аўдыторыях, сустрэўся з выкладчыкамі і студэнтамі. 

— Прыемна, што ўніверсітэцкая моладзь беражліва адносіцца да багатай айчыннай гісторыі, пра што сведчыць грамадзянска-патрыятычны праект “Студэнты Брэс­цкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны”, накіраваны на пошук імён першых студэнтаў установы, вязняў канцлагераў і ўдзельнікаў партызанскага руху, вывучэнне іх укладу ў Вялікую Перамогу і асаблівасцей тагачаснага студэнцкага жыцця, — адзначыў Андрэй Іванец. — Гэта надзвычай важна, бо паступова адыходзяць у іншы свет сведкі драматычных падзей мінулага, чым карыстаюцца нядобразычліўцы, што маніпулю­юць грамадскай думкай. Ва ўмовах інфармацыйнай вайны моладзь асабліва схільна да негатыўнага ўплыву дэструктыўных медыярэсурсаў. Таму павялічваецца роля сістэмы адукацыі ў праўдзівым асвятленні і тлумачэнні складаных геапалітычных тэндэнцый і павышэнні грамадзянскай свядомасці навучэнцаў.

А.І.Іванец адказаў на шматлікія пытанні студэнтаў: “Якімі важнымі якасцямі павінен валодаць сучасны педагог?”, “Ці памятае міністр сваіх школьных настаўнікаў?”, “Наколькі мэтазгодна выкарыстоў­ваць савецкі вопыт у падрыхтоўцы кадраў для вышэйшай школы?”, “Як выбудаваць эфектыўную работу з маладымі навукоўцамі?”, “Які след пакінула Вялікая Айчынная вайна ў сям’і міністра і ці ёсць у ёй традыцыі, звязаныя з Вялікай Перамогай?” і інш.

На думку Андрэя Іванца, настаўнік павінен шчыра любіць прафесію і дзяцей, укладваць у іх частку сваёй душы. А сакрэт прафесійнага поспеху тоіцца ў матывацыі, асяроддзі, таленавітым педагогу побач, нястомнай працы і самаарганізацыі. Міністр прызнаўся, што спартыўныя дасягненні сфарміравалі ў ім важныя асобасныя якасці і вельмі дапамагаюць у прафесійнай дзейнасці. “Галоўнае — не ўзна­гароды, а перамога над самім сабой, — лі­чыць Андрэй Іванавіч. — Варта выбіраць прафесію, да якой ля­жыць душа, а не якая з’яўляецца моднай. Толькі тады можна стаць прафесіяналам у любімай справе”.

Міністр расказаў, што ў хуткім часе рэгіянальныя ўніверсітэты стануць апорнымі ўстановамі вышэйшай адукацыі па замацаванні абітурыентаў: з наступнага года ва УВА краіны будуць праходзіць унутраныя алімпіяды, якія забяспе­чаць набор студэнтаў да пачатку ўступнай кампаніі. Акрамя таго, галіновае міністэрства перагледзіць рэкамендацыі па правядзенні шостага школьнага дня з улікам запытаў часу. 

—  Школьная субота прызначана найперш для выхаваўчай работы, — падкрэсліў Андрэй Іванец. — Дырэктарам школ, класным кіраўнікам і настаўнікам-прадметнікам трэба шукаць эфектыўныя падыходы да вывучэння гістарычнай спадчыны і выхавання ў моладзі любові да Радзімы.

Міністр заўважыў, што патрыятычнае выхаванне — справа не аднаго дня. Гэта комплексная работа. І сістэме адукацыі адве­дзена ў ёй адна з галоўных роляў. Яркі прыклад эфектыўнага грама­дзянска-патрыятычнага выхавання — дзейнасць Паста Памяці ў легендарнай цытадэлі над Бугам. За 50 гадоў існавання гэтай школы мужнасці і патрыятызму праз яе прайшлі каля 100 тысяч юнакоў і дзяўчат.

Загадчык філіяла Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста “Пост Памяці” І.М.Чыкалаў азнаёміў міністра з яго гісторыяй і арганізацыяй работы. У рамках адукацыйнай праграмы “Вахта Памяці” школьнікі займаюцца пошукава-даследчай дзейнасцю: вывучаюць архіўныя дакументы, збіраюць матэрыя­лы пра абаронцаў цытадэлі, аднаўляюць імёны герояў, наладжваюць зносіны з ветэранамі і іх сем’ямі…

З вялікай цікавасцю Андрэй Іванавіч слухаў аповед лепшага экскурсавода горада адзінаццацікласніцы Лізаветы Шульган з сярэдняй школы № 13 імя В.І.Хована, якая правяла змястоўную экскурсію ў музеі “Хлапчукі бессмяротнага Брэста”.

Міністр пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей і ўсклаў кветкі да Вечнага агню. 

Школьная субота прызначана найперш для выхаваўчай работы. 

Апошнім пунктам візіту А.І.Іванца стала сярэдняя школа № 3 Бярозы. Дырэктар установы І.Р.Піліпчук расказаў пра яе традыцыі і дасягненні. На працягу некалькіх гадоў школа, дзе атрымліваюць веды каля 1,4 тысячы дзяцей (у тым ліку 124 першакласнікі), утрымлівае высокія пазіцыі ў алімпіядным руху і творчых конкурсах. Амаль 70% выпускнікоў працягваюць адукацыю ва УВА. 78% педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю.

З 2017 года школа з’яўляецца апорнай установай адукацыі ў раёне па інтэграваным навучанні і выхаванні. Сёння тут дзейніча­юць 15 адпаведных класаў, якія наведваюць 50 дзяцей з АПФР.

Не адзін год паспяхова працуюць спартыўныя класы, выхаванцы якіх займаюцца хакеем, плаваннем, лёгкай і цяжкай атлетыкай, барацьбой і футболам.  

Больш за 30 гадоў у школе дзейнічае этнаграфічны музей “Спадчына”. У 2020-м установа была занесена на раённую Дошку гонару. 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.