Выхаванне тэатрам

Ці магчыма выхоўваць у дзецях экалагічную культуру праз лялечны тэатр? Педагагічны калектыў Касцюковіцкай раённай гімназіі ўпэўнены ў тым, што магчыма. Прычым гэта даволі эфектыўны сродак у прывіцці навучэнцам любові і беражлівых адносін да родных мясцін.

Як расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вольга Ільянкова, гімна­зісты пачатковага звяна атрымлі­ваюць экалагічныя веды, займаючыся або навед­ваючы паказы лялечнага экатэатра.

— Гэтае аб’яднанне па інтарэсах узнікла ў гімназіі як інавацыя 10 гадоў назад. За гэты час гурток даказаў сваю значнасць. Праз яго прайшлі дзясяткі вучняў малодшых класаў, якія праз тэатральную гульню навучыліся любіць сваю малую радзіму, набылі мноства правільных маральных якасцей, — адзначыла Вольга Віктараўна.

Зараз гурток наведваюць 12 хлопчыкаў і дзяўчынак. Тэатральнае майстэрства яны асвойваюць па тэхналогіі “роўны навучае роўнага”.

— Выкарыстанне менавіта гэтай тэхналогіі спрыяе максімальна трываламу засваенню дзецьмі розных ведаў. Цяпер структура заняткаў у гуртку цалкам адпрацавана. А па першым часе яго арганізацыі прыйшлося асвоіць прафесію рэжысёра, драматурга, акцёра адначасова. Лялек выраблялі самі, дэкарацыі дапамагаў рыхтаваць настаўнік працы, фанаграму запісвалі разам з настаўнікам музыкі. Гледачамі нашага першага спектакля сталі вучні паралельнага класа. Пасля прагляду казкі доўга гучалі шчырыя апладысменты і словы падзякі. Я ўбачыла непадробную радасць у вачах сваіх дзяцей. Тады і з’явілася жаданне працаваць далей, бо ў ходзе пастановак, знаходзячыся за шырмай, мае ма­ленькія акцёры літаральна мяняліся, — расказала кіраўнік аб’яднання настаўніца пачатковых класаў Любоў Волкава.

Паводле яе слоў, на цяперашні момант спектаклі ўдзельнікі экатэатра дэманструюц­ь не толькі на сцэне гімназіі. З павучальнымі паказамі яны выступаюць перад навучэнцамі іншых школ горада, выхаванцамi ўстаноў дашкольнай адукацыі, Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, а таксама на семінарах, канферэнцыях сацыяльных партнёраў гімназіі. Юныя артысты вучаць аднагодкаў жыць у гармоніі з сабой, з іншымі людзьмі, з прыродай.

— Для падрыхтоўкі спектакляў мы выкарыстоўваем як аўтарскія казкі, так і створаныя навучэнцамі разам з настаўнікамі, бацькамі. Ва ўсіх творах прысутнічаюць бясспрэчныя ісціны: дабрыня, сяброўства, вера ў чалавека. Напрыклад, у экалагічнай казцы “Экакалабок” вучні гавораць пра тое, як важна любіць прыроду, не здзяйсняць у ёй неабдуманых учынкаў. Казка “Адкуль пайшлі беларусы” не толькі расказвае пра гістарычнае мінулае нашай Радзімы, але і дапамагае даведацца аб паходжанні назваў беларускіх рэк. Беражлівым адносінам да прыроды вучыць і “Экалагічная казка”, якая была напісана намі пры актыўнай дапамозе з боку супрацоўнікаў Касцюковіцкага лясгаса. Характэрна, што пасля таго, як малыя абыграюць гісторыю за шырмай, з надзетай на руку лялькай, патрэбны выхаваўчы эфект ад яе падвойваецца, — падкрэсліла Любоў Рыгораўна.

Тэатралізаваныя паказы выкарыстоўваюцца педагогам і на ўроках. У імправізаваныя спектаклі Любоў Волкава часам ператварае заняткі па літаратурным чытанні. Да такіх спектакляў далучаюцца ўсе вучні. У выніку на ўроку пануе творчая атмасфера, усе ўцягнуты ў працэс засваення новага матэрыялу, замацавання наяўных ведаў. Такая сувязь экатэатра з вучэбнымі заняткамі забяспечвае бесперапыннасць адукацыі.

Увогуле, экалагічны тэатр аказвае толькі станоўчы ўплыў на развіццё навучэнцаў. У дзяцей істотна павышаецца матывацыя да здаровага ладу жыцця, фарміруюцца беражлівыя адносіны да прыроды роднага краю. Выконвае гімназічны экатэатр і пэўную прафарыентацыйную ролю. Некаторыя вучні сур’ёзна праяўляюць жаданне стаць у будучыні рэжысё­рамі, артыстамі.

Карысць ад выхавання тэатрам відавочная, таму ў гімназіі яно працягваецца і ў сярэднім звяне. Былыя ўдзельнікі экатэатра пад кіраўніцтвам настаўніцы замежнай мовы Вольгі Паўлавец займаюцца ў тэатральнай студыі. Заняткі ў гэтым гуртку таксама праходзяць пры поўнай свабодзе ініцыятыўнасці дзяцей. Гімназісты самі складаюць гісторыі, казкі, сцэнарыі. Самастойна дзеці вырабляюць і персанажаў спектакляў — лялек. Характэрна, што ўдзельнікі тэатральнай студыі часта выступаюць на сцэне з пастаноўкамі на англійскай і нямецкай мове. Такія спектаклі дапамагаюць навучэнцам павысіць свае веды ў замежнай мове.

Удзельнікі экатэатра і тэатральнай студыі Касцюковіцкай раённай гімназіі не раз станавіліся прызёрамі розных конкурсаў і фестываляў. Іх педагогі лічаць гэтыя дасягненні важнымі, але галоўнае для іх не толькі творчыя поспехі вучняў. Педагагічны калектыў установы ганарыцца высокай экалагічнай культурай гімназістаў, сфарміраванасцю ў іх светапогляду сапраўднага патрыёта сваёй малой радзімы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Людмілы СМАЛЯКОВАЙ.