Выхаванне тэлебачаннем

Невялічкія сельскія школы асаблівыя. Тут пануе непаўторная атмасфера адзінства, сямейнай цеплыні і сяброўства. Тут не баяцца брацца за самыя няпростыя праекты і паспяхова іх рэалізуюць, нягледзячы на складанасці і перашкоды. Можна прыводзіць мноства прыкладаў, калі ў маленькіх установах адукацыі здзяйснялі вялікія справы. Так адбылося і ў Вішнявецкай сярэдняй школе Стаўбцоўскага раёна, дзе заснавалі ўласнае школьнае тэлебачанне. І дзейнічае яно не толькі як сродак інфармацыі, але і як выхавання, навучання дзяцей, які дае магчымасць творча самарэалізавацца.

У вішнявецкай школе вучыцца крыху больш за 100 вучняў. Гэта значна менш, чым колькасць людзей, якія працуюць нават на самым невялічкім тэлеканале. Аднак ні гэта акалічнасць, ні адсутнасць прафесіянальнай тэхнікі і спецыялістаў не спынілі педагогаў і вучняў. Ды і ці можа што-небудзь спыніць людзей, калі ў іх ёсць сапраўднае жаданне?

Кіраўнік і ідэйны натхняльнік школьнага тэлебачання — В.А.Саракавік. Вячаслаў Анатольевіч — настаўнік англійскай мовы, а школьныя СМІ — яго захапленне. Захапленне настолькі моцнае, што яно перадаецца і дзецям. Педагог расказвае, што пачалося ўсё з плёначнага фотаапарата, які яму ў юнацтве падарылі бацькі. Засвойваць асновы фотамастацтва давялося самастойна. Разам з тым засвоіў і важны прынцып, які сёння перадае дзецям: нават самая лепшая тэхніка ў руках дрэннага працаўніка нічога не вартая. Таму настройвае дзяцей удасканальваць свае ўменні і навыкі. І сам не перастае набываць новыя навыкі і веды на разнастайных курсах і семінарах.

Вячаслаў Анатольевіч шмат гадоў назад пачаў весці ў школе фотагурток. Фотаапараты тады былі плёначныя, і юныя фотааматары ў поўнай меры адчулі рамантыку стварэння фотаздымкаў. І ўжо тады было таемнае жаданне “здымаць кіно”, але апаратура ў той час была недаступнай. І вось наступіла эра лічбавай тэхнікі, з’явіўся першы лічбавы фотаапарат. У школе пачаў працаваць гурток “Юны карэспандэнт” — вучні выдавалі школьную газету “Лістапад”. Разам з фотаздымкамі спрабавалі рабіць невялічкія відэасюжэты і першыя крокі да стварэння школьнага тэлебачання.

Як гэта часта бывае, калі людзі гараць ідэяй і многа працуюць над яе ўвасабленнем, удача ім спадарожнічае. Так і здарылася ў вішнявецкай школе — дапамога прыйшла адкуль не чакалі. Падчас прэс-туру “Настаўніцкай газеты” па Мінскай вобласці кіраўніцтва і карэспандэнты пазнаёміліся з педагогамі і вучнямі школы, якія ўразілі сваёй шчырасцю і гарэннем справай. У падарунак ад “Настаўніцкай” школа атрымала сучасную лічбавую камеру, штатыў, навушнікі з мікрафонам — і работа пайшла весялей.

— Сёння ў нас ёсць свая студыя для здымак перадач і мантажу матэрыялу, работы з гукам, ёсць асвятляльнікі, экран. Мы вывучаем разнастайныя камп’ютарныя праграмы для мантажу, стварэння графікі, апрацоўкі гуку, — расказваюць юныя карэспандэнты Артур Бець і Арцём Рачок. — Мы прыйшлі сюды нічога не ўмеючы, а сёння можам ствараць відэапрадукт ад задумкі да поўнага ўвасаблення.

Варта адзначыць, што дзейнасці тэлебачання ў школе надаюць асаблівы сэнс і выкарыстоўваюць яго як сродак выхавання і навучання. Гэтая работа лягла ў аснову педагагічнага праекта “Рэалізацыя мадэлі школьнага тэлебачання як ўмова стварэння інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі”.

— Школьнае тэлебачанне стала важнай унутрышкольнай вучэбнай пляцоўкай, якая дазваляе педагогам выяўляць здольных і творчых дзяцей. Сістэмнае ўкараненне ў адукацыйны працэс камп’ютарных тэхналогій і сродкаў аўдыявізуальных тэхналогій сфарміравала новае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе. Праект даў магчымасць убачыць і раскрыць у поўнай меры той творчы патэнцыял, які ёсць у кожнага вучня, — расказвае Таццяна Іванаўна Белановіч, кіраўнік педагагічнага праекта, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вішнявецкай сярэдняй школы.

Сёння на школьным тэлебачанні працуюць 12 вучняў 6—11 класаў. Працуюць па парах або індывідуальна, для ажыццяўлення або распрацоўкі перадач фарміруецца рухомая ініцыятыўная група, члены якой знаходзяцца ў сітуацыі свабоднага выбару. Кожны можа выбраць сабе не толькі партнёра для работы, але і від дзейнасці — увайсці ў склад сцэнарыстаў, здымачнай групы, групы мантажу, стаць карэспандэнтам або кіраўніком рубрыкі. Кожны спрабуе сябе і ў творчай, і ў тэхнічнай рабоце. Вынікі дзейнасці гурткоўцы размяшчаюць на школьным сайце і сваім канале на YouTube.

Пачалі работу з выпускаў навін, якія інфармуюць вучняў і бацькоў аб самых важных справах школы. Цікавымі і яркімі атрымаліся сюжэты пра традыцыйныя школьныя мерапрыемствы: Пакроўскі кірмаш, інтэлектуальны марафон, парад навук,спартыўныя святы і інш. Навіны трансліруюцца на тэлеэкране ў фае ўстановы адукацыі. Таксама з’явіліся тэматычныя перадачы, прысвечаныя метадычнай рабоце ў школе: карэспандэнты расказвалі аб правядзенні педсаветаў, тыдняў будучага першакласніка, метадычных тыдняў, прысвячэнні ў маладыя педагогі. Хутка “геаграфія” пашырылася — вішнявецкім карэспандэнтам даручылі асвятляць раённыя і абласныя мерапрыемствы, напрыклад, раённую жнівеньскую педканферэнцыю і Абласны маладзёжны форум. Пашыраецца і жанравая разнастайнасць праграм: паспрабавалі ствараць гумарэскі, а таксама тэленарысы, прысвечаныя творчасці беларускіх пісьменнікаў. Задумваюцца вучні аб аўтарскіх перадачах.

— Я прыйшла ў студыю, бо многа чула аб яе дзейнасці ад старшых школьнікаў, бачыла відэасюжэты, што яны стваралі, — расказвае дзевяцікласніца Аліна Радчанка. — І гэта аказалася вельмі цікавая справа. Мы праводзім апытанні, інтэрв’ю, збіраем інфармацыю. Знаходзімся ў развіцці і творчым пошуку. Я ўжо мару пра сваю перадачу і нават прыдумала, што яна будзе пра маладзёжную творчасць.

За час існавання школьнага тэлебачання ў вішнявецкай школе пераканаліся, што пры правільным падыходзе гэта справа можа прынесці шмат карысці.

— Нядаўна наш педагагічны праект завяршыўся, і сёння мы можам рабіць пэўныя вывады, — дзеліцца меркаваннем дырэктар Вішнявецай сярэдняй школы Ірына Яўгенаўна Клачко. — Увесь гэты час мы назіралі, як нашы вучні раскрываюцца, удзельнічаючы ў рабоце школьнага тэлебачання. Можам адзначыць, што павысілася якасць іх ведаў, актыўнасць у разнастайных конкурсах, фарміраваліся інфармацыйныя кампетэнцыі. Дзейнасць юных тэлекарэспандэнтаў натхняе і іх настаўнікаў — яны таксама імкнуцца даведвацца новае пра стварэнне відэакантэнту і засвойваць новыя інфармацыйныя тэхналогіі. Некаторыя педагогі пачалі ствараць ролікі для выкарыстання ў вучэбным працэсе.

Як паказала практыка, такая дзейнасць развівае дзяцей рознабакова. Па-першае, інтэлектуальна: каб ствараць праграмы, трэба шукаць і аналізаваць разнастайную інфармацыю, неабходна вучыцца працаваць з рознымі відамі тэхнікі і вывучаць камп’ютарныя праграмы. Па-другое, дае творчае развіццё: гэтага патрабуе ўвесь працэс — ад ідэі да яе ўвасаблення. Па-трэцяе, развіваюцца камунікатыўныя ўменні падлеткаў, бо праца без узаемадзеяння паміж сабой і з героямі сюжэтаў і перадач немагчыма. Чацвёртым пунктам варта адзначыць прафарыентацыйны патэнцыял такой дзейнасці — можна паспрабаваць сябе ў шырокім спектры прафесій: журналіст, аператар, гукарэжысёр, інжынер відэамантажу, адміністратар. І, нарэшце, гэта проста цікавы занятак у вольны час, які робіць жыццё актыўным, насычаным. Занятак гэты сур’ёзны і ў той жа час вясёлы — юныя карэспандэнты могуць згадаць шмат кур’ёзаў, якія адбыліся падчас здымкаў, а прагляд няўдалых дубляў стаў любімай вясёлай традыцыяй.

Школьнае тэлебачанне падарыла вучням шмат цікавых момантаў і прынесла шмат карысці. Сёння праект завершаны, а пра тое, як ён рэалізоўваўся, юныя карэспандэнты з Вішняўца плануюць зняць перадачу.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.