Выхаванне творчасцю

Для мяне заўсёды было загадкай, як жанчыне-педагогу, у якой ёсць свая сям’я, дзеці і іншыя штодзённыя клопаты, у якой, як і ў астатніх людзей, усяго 24 гадзіны ў сутках, хапае часу, акрамя вучэбных заняткаў, праверкі сшыткаў, запаўнення дзённікаў, яшчэ і на паходы, экскурсіі, прагулкі, конкурсы і, самае галоўнае, — на падыход да кожнага са “сваіх” дзяцей — наравістых, з няпростымі характарамі, дзяцей, якія часта канфліктуюць паміж сабой і з самім сабой? Звычайна гэта жанчына — класны кіраўнік. Зрэдку — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце (бо выхавальнік рэдка пераважае над кіраўніком). У прафесійнай кар’еры маёй гераіні Таццяны Анатольеўны Вярэцінай, класнага кіраўніка 7 класа сярэдняй школы № 26 Мінска, удала спалучыліся абедзве гэтыя іпастасі.

Асалода класнага кіраўніцтва

Пра тое, што яна будзе настаўніцай і класным кіраўніком менавіта ў старшакласнікаў, Таццяна Анатольеўна вырашыла яшчэ дашкольніцай, калі часта бывала на ўроках сваёй бабулі-настаўніцы. Мара збылася, калі яна, маладая настаўніца рускай мовы і літаратуры пасля ўніверсітэта, прыйшла ў сярэднюю школу № 167, потым — у гімназію № 61 Мінска. Але тут, хутка разгледзеўшы ў Таццяне Анатольеўне нешта большае, прапанавалі стаць намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Хтосьці можа падумаць, што за паперамі і планамі мерапрыемстваў згубілася тая сувязь з яе класам, але на справе “яе” дзецьмі на цэлых 15 гадоў сталі літаральна ўсе класы. Вопыт класнага кіраўніцтва Таццяна Анатольеўна аднавіла ўсяго толькі два гады назад, ужо ў школе.

“Вельмі многія педагогі адмаўляюцца ад класнага кіраўніцтва, тым самым пазбаўляючы сябе асалоды адчуваць задавальненне ад работы і ўвогуле ўсведамлення, які ты педагог. Бо калі ты даеш свае ўрокі, хоць і вельмі якасна, на годным узроўні, усё роўна цеснай сувязі з дзецьмі ў цябе не будзе. Ты скончыў урок, закрыў журнал, дзверы — і вольны. А класны кіраўнік думае, ці холадна гэтаму дзіцяці, ці паела яно, у якім стане яго будуць чакаць вечарам бацькі. І скідку на ўроку зробіць гэтаму дзіцяці, ведаючы, што ў яго дома непрыемнасці ці, наадварот, вялікае шчасце, скажам, папаўненне ў сям’і. На выпускным усе дзеці гавораць “дзякуй” сваім настаўнікам — так прынята, так належыць. Але шчыра гэта прагучыць толькі праз 5—10 гадоў, калі пры сустрэчы з табой выпускнікі не пераходзяць на іншы бок вуліцы, калі ў магазіне яны бягуць за табой, цярэбяць за рукаў. Гэта гаворыць пра тое, што ты быў патрэбны”.

Рэцэпт настаўніцкага шчасця

Ва ўніверсітэтах вучаць вучыць, але не выхоўваць. А ўжо ў класе вучыцца гэтаму позна, лічыць Таццяна Анатольеўна. Позна і мяняць характар: калі класны кіраўнік ад прыроды ціхі, баязлівы, не ўмее гучна гаварыць, не ўмее сябе прэзентаваць, зарэкамендаваць, то яго дзеці (па сутнасці, разведчыкі, выпрабавальнікі) вельмі хутка “раскусяць і з’ядуць”. Таму важна прымусіць сябе слухаць.

“Якога настаўніка любяць дзеці? Непатрабавальнага, таго, хто ставіць добрыя адзнакі, закрывае вочы на пропускі, на нявыкананыя дамашнія заданні, тым самым робячы сабе палёгку. Менавіта такога напачатку (падкрэсліваю) дзеці называюць “класным” настаўнікам. Але хутка яны разумеюць, што гэты настаўнік — раўнадушны. А гэта самае страшнае, калі яму ўсё роўна, што з табой будзе сёння, заўтра, праз гады. Мне знаёмыя гавораць: “Супакойся! Гэта не твае дзеці! Гэта — твая праца: адпрацавала, дзверы зачыніла — і забудзь!” А тады лепш назаўсёды іх зачыніць і не вяртацца ў школу, — разважае Таццяна Анатольеўна. — Нельга і заціскаць дзяцей так, каб яны і не зрушыліся. Тут трэба знайсці залатую сярэдзіну. Важна ўмець прасіць прабачэння ў дзяцей. Мы ўсе людзі, я таксама магу памыліцца, у сваіх выхаваўчых размовах магу сарвацца, магу выклікаць у дзяцей слёзы (часам іншага спосабу прымусіць дзіця задумацца няма). Але калі я бачу, што перагнула палку, пакрыўдзіла дзіця, я абавязкова папрашу прабачэння. І дзеці гэта цэняць”.

Бясспрэчны прыярытэт

За кім галоўная роля выхавальніка: за бацькамі ці за школай? Гэтае пытанне заўсёды выклікае спрэчкі. Таццяна Анатольеўна не сумняваецца: “Адназначна за школай. Колькі часу бацькі праводзяць з дзецьмі? Ну, няхай з 18 да 22 гадзін. У гэты час бацькі гатуюць вячэру, падбіваюць запазычанасці па рабоце, гутараць па тэлефоне са сваякамі ці сябрамі. Часам бацькі знойдуць час пацікавіцца адзнакамі дзіцяці (адказ не заўсёды чуюць, бо занятыя). Выхаванне ж, якое неабходна для жыцця, для прафесійнага і асобаснага станаўлення, дае школа. І я нават не толькі пра ўзаемаадносіны, сяброўства, пачуццё падтрымкі. Пры працаўладкаванні яны ўсе пройдуць прыкладна адны і тыя ж субяседаванні, ва ўсіх работадаўцаў аднолькавыя патрабаванні: ты павінен быць паспяховым, добра гаварыць, умець сябе прэзентаваць, быць дасведчаным, крэатыўным, артыстычным… А як гэта выхаваць дома? Толькі ў школе навучышся пісьменнасці, уменню выкладаць свае разважанні на публіцы і інш. А крэатыўнасць трэба браць на сцэне”.

Па крэатыўнасць — на сцэну

Сапраўды, тут нішто так не дапаможа, як сцэна. На яе Таццяна Анатольеўна выводзіць усіх сваіх дзяцей — і ў гімназіі, і цяпер у школе. Яна прыдумала і ажыццявіла мноства творчых праектаў, якія сталі традыцыйнымі і сёння жывуць у гімназіі. Напрыклад, “Конкурс масавага танца”, які хутка ператварыўся ў танцавальнае шоу. У ім прымаюць удзел літаральна ўсе дзеці: самі ствараюць касцюмы, дэкарацыі, прыдумваюць гісторыю танца, натхняючыся музыкай 80-х, мелодыямі з мультфільмаў, кіно, таямніцамі свету і інш. “Любімы праект “Парад крэатыўнасці”. Пачынаўся ён з “Парада пародый”, дзе дзеці парадзіравалі артыстаў, кліпы, а ўрэшце ператварылася ўсё ў маштабныя музычныя спектаклі. І гэта была галоўная таямніца класаў, бо ніхто падчас падрыхтоўкі не ведаў, што рыхтуюць сапернікі. Гэтым хварэла ўся гімназія, літаральна ў кожным куточку гімназіі, у холах, у кабінетах адбіваліся рытмы, актавая і харэаграфічная залы былі распісаны па хвілінах. Былі выступленні з удзелам бацькоў “Дзіцячы погляд” для малодшай школы, конкурс талентаў “Я ўмею! Я магу!”, “Навагодні марафон”, дзе ўсе класы рыхтавалі маштабныя мюзіклы, якія маглі даць фору ўстановам з эстэтычным ухілам і па выкананні, і па афармленні, і па творчым накале. З гэтымі казкамі-мюзікламі яны потым ездзілі да дзяцей у анкалагічныя цэнтры, у дзіцячыя дамы, у СПЦ. Патрыятычная гульня “Хачу ў армію” Т.Вярэцінай некалі стала лепшым праектам па арганізацыі шостага школьнага дня ў краіне, але і дагэтуль праходзіць у гімназіі, штогод мяняючыся. Нядаўна, на 23 лютага, Таццяна Анатольеўна, хоць і працуе ў іншай школе, праводзіла яе, відазмененую, на ўсю паралель.

“Мы з дзецьмі ў гімназіі жылі вялікай сям’ёй, — тлумачыць мая суразмоўніца. — Старэйшыя дзеці заўсёды дапамагалі малодшым рыхтавацца да школьных конкурсаў, свят. І цяпер многія з іх, хоць і даўно выпускнікі, бяруць сабе клас і дапамагаюць яму. І так ідзе ўжо творчае спаборніцтва не толькі паміж класамі, але і паміж выпускнікамі. Напрыклад, цяпер мая дачка ставіць нумар для конкурсу масавых танцаў, які пройдзе 24 сакавіка”.

Для многіх захапленне сцэнай перайшло на прафесійны ўзровень. Ёсць сярод былых гімназістаў і акцёры. Напрыклад, блізняты Любоў і Вера Баханьковы сёння актыўна здымаюцца ў кіно, а пачыналі на гімназічнай сцэне. Для папулярнай беларускай мадэлі Любові Яковінай, Віцэ-міс Беларусь — 2008 і Міс Інтэркантыненталь Еўропа, першым конкурсам прыгажосці была “Краса гімназіі”. І на яго, і на адбор на рэспубліканскі конкурс яе ўгаварыла пайсці якраз Таццяна Анатольеўна. Хрысціна Камыш, дыктар спартыўных навін на тэлебачанні; Павел Лесеў, каментатар Беларускага тэлебачання, таксама пачыналі вядучымі на гімназічных святах. Шмат лепшых гімназічных танцораў сёння з’яўляюцца прафесійнымі харэографамі, маюць прыватныя школы танцаў.

Адна з самых важных рыс выхаванцаў маёй гераіні — гатоўнасць дапамагчы іншаму. Валанцёрства ў гімназіі, а цяпер яшчэ і ў школе — значная частка жыцця навучэнцаў. Не адстаюць ад іх і выпускнікі. Штогод да Новага года, Вялікадня, Дня пажылога чалавека яны разам ладзяць дабрачынныя мерапрыемствы. “Гэта кранальна, бо ты так адчуваеш аддачу ад сваёй шматгадовай работы. І што прыемна, дзеці, пасталеўшы, самі прымаюць удзел у дабрачыннасці, кажуць, у іх напярэдадні свят існуе патрэба зрабіць прыемнае для іншых, бо гэта звычка выпрацавана з маленства, — прызнаецца Таццяна Анатольеўна. — Сёлета сумесна з Ліліяй Віктараўнай Шылко і яе 8 класам да 8 Сакавіка мы таксама зрабілі адну справу — “Жаночыя радасці”. Мы аказваем дапамогу дзецям з анкацэнтра, часта забываючыся, што яны там не адны: разам з імі ёсць мамы. Ім самім неабходна дапамога, і ў першую чаргу — маральная. Каб падарыць імгненне радасці, даць адчуць, што яны не адны і пра іх таксама клапоцяцца, мы арганізаваліся і закупілі тарты, фрукты і адвезлі мамам”.

Цяжкія падлеткі — самыя надзейныя

“Колькі я працавала намеснікам дырэктара, столькі вакол мяне былі менавіта цяжкія падлеткі. Яны самыя цікавыя, самыя творчыя, а іх увесь час заціскаюць сваімі ярлыкамі: маўляў, ты дрэнны, недарэчны і г.д., — расказвае Т.Вярэціна. — Шмат такіх, з ярлыкамі, трапілі да мяне ў Ганаровую Вахту памяці на Пост № 1. Мы з імі разам маршыравалі, двойчы станавіліся лепшым Пастом № 1 у Мінску. Разам з імі мы ўскладалі кветкі на Паклоннай гары ў Маскве. І як жа гэта ўсё іх кранула! Пасля Масквы адзін з хлапчукоў вымыў сцены ў сваім пад’ездзе, дзе былі намаляваны свастыкі, бо, казаў, пасля таго, як усё на сабе адчуў, не мог спакойна на іх глядзець.

Напрыклад, Мікіта Чура быў вельмі нязручным дзіцем, вострым на язык, усім гаварыў праўду-матку, таму яго страшна не любілі настаўнікі. Ён быў маім любімчыкам за сваю шчырасць і дабрыню, і ім застаецца і сёння. І якія б добрыя справы ні арганізоўвалі, Мікіта заўсёды быў побач, побач ён і цяпер. А калегі не верылі, што з яго вырасце годны чалавек. І сёння ён знаходзіць час на валанцёрства ў пошукавым атрадзе “Анёл”, у дождж, у снег дапамагае незнаёмым людзям”.

З многімі выпускнікамі педагог і сёння падтрымлівае сувязь, яны часта тэлефануюць ёй, віншуюць са святамі, прыходзяць у госці. Асабліва тыя, у каго напружаныя адносіны з бацькамі са школьных часоў. Тыя ніяк не хацелі ісці на кантакт, не хацелі даглядаць сваіх дзяцей. Даводзілася Таццяне Анатольеўне дзецям мыць галовы, замест мамы ў кабінеце мыць і прасаваць ім адзенне для выступлення, карміць (адной дзяўчыне мама раніцай не дазваляла снедаць, бо грыміць посуд на кухні і будзіць яе).

На маё пытанне, хіба ўсё гэта — абавязкі завуча, Таццяна Анатольеўна зазначыла: “Я ў гэтым сэнсе неардынарны завуч. Я не люблю работу ў кабінеце, і да папер у мяне асаблівае стаўленне. Ніколі не лічыла бядой, калі нават нейкая папера завісне. Педагог можа ці з паперамі добра працаваць, ці з дзецьмі — сумясціць гэта нерэальна. І я заўсёды выбірала дзяцей”.

— А як жа вашы родныя дзеці? Як на іх знайсці час? — пытаюся.

— Мая работа — асаблівая, бо я бачу дзяцей на працягу ўсяго дня, ведаю, з кім яны сябруюць, у каго яны вучацца, — гаворыць Таццяна Анатольеўна. — Мы разам рыхтавалі школьныя мерапрыемствы, разам выступалі, з маленства яны са мной валанцёраць. Сёння маім дочкам 21 і 18, і ў нас вельмі добрыя адносіны. Канечне, можа, калі і не дакарміла, не дагледзела, не ўсё прадугледзела. Аднойчы зімой я была на нарадзе, а боты малодшай дачкі былі ў маім кабінеце. І яна пасаромелася мяне пазваць, каб забраць, і так, у басаножках, і пашла дадому па снезе.

А ў цэлым, мне проста пашанцавала з роднымі дзецьмі. Канечне, цяжка сумяшчаць класнае кіраўніцтва і бацькоўства, але калі дзеці бачаць, што ў мамы гараць вочы, што маме гэта падабаецца, што яна ад гэтага атрымлівае задавальненне і што дзеці ў школе гэта цэняць, любяць іх маму, яны разумеюць, што гэта таго варта”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва Т.А.Вярэцінай.