“Педагог дадатковай адукацыі-2015” Віцебшчыны вызначаны па выніках абласнога конкурсу.
Таленавітыя, крэатыўныя, эрудзіраваныя, абаяльныя, працавітыя і апантаныя сваёй прафесіяй — усё гэта пра іх, самых лепшых у свеце настаўнікаў у вачах навучэнцаў і прызнаных лідараў працоўных калектываў — пераможцаў занальных этапаў конкурсу. Кожны з іх здолеў пакарыць гледачоў і строгае журы, пераканаўча пацвердзіць выдатны прафесійны ўзровень, у цікавай форме прадэманстраваць індывідуальны педагагічны стыль і творчае майстэрства. Яркая індывідуальнасць педагогаў-удзельнікаў і бездакорная работа арганізатараў (конкурс традыцыйна праводзіць Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі пры падтрымцы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама і абласнога інстытута развіцця адукацыі) — ці ж варта здзіўляцца, што спаборніцтва ператварылася ў незабыўнае свята?
Сацыяльна-дэмаграфічныя працэсы ў сучасным грамадстве, больш высокая ў параўнанні з калегамі-мужчынамі матываванасць на перамогу і лепшая падрыхтаванасць жанчын-удзельніц ці проста воля лёсу прычына гэтага, але да абласнога фіналу дайшоў адзіны прадстаўнік моцнай паловы чалавецтва. Анатоль Войлакаў прадставіў клуб інтэлектуальных гульняў “Залаты леў” Гарадоцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Калектыў неаднойчы выходзіў у пераможцы і прызёры інтэлектуальных спаборніцтваў рознага ўзроўню; па ініцыятыве яго кіраўніка на радзіме Канстанціна Вераніцына праводзяцца адкрыты інтэлектуальны турнір “З Тарасам разам”, шматлікія конкурсы і акцыі. У аб’яднаных захапленнем “залатых ільвянят” жыццё цікавае і багатае на падзеі, дэвіз якога, перафразаваўшы класіка, можна выказаць у двух словах: “Радасць ад розуму!” Калегі добра ведаюць Анатоля Мікалаевіча па выступленнях на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных семінарах і канферэнцыях, а таксама як аўтара арыгінальных метадычных распрацовак. Між іншым лепшы на Гарадоччыне Дзед Мароз таксама размаўляе голасам лаўрэата сёлетняга абласнога конкурсу “Педагог дадатковай адукацыі года”.
Падтрымаць Алену Маркаву з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Першамайскага раёна Віцебска выйшла на сцэну, здавалася, ці не ўся яе “Вясёлая карусель”. Не буду пераказваць уражанні ад выступлення. Каб найлепш пазнаёміць чытача з педагогам, перадам слова яе выхаванцам. “Алена Уладзіміраўна дапамагла нам набыць упэўненасць у сабе, у сваіх сілах, навучыла сябраваць і жыць у калектыве, дзе ад кожнага ўдзельніка залежыць вынік і поспех усёй каманды, — чытаем у сачыненні мінулагодняй выпускніцы харэаграфічнага калектыву Марыі Казунка. — “Вясёлая карусель” пастаянна прымае ўдзел у раённых і гарадскіх конкурсах дзіцячай творчасці, канцэртах, прымеркаваных да важных для Віцебска дат і падзей. Акрамя таго, калектыў удзельнічаў у шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, якія праводзіліся ў Брэсце, Мінску, Керчы. Некалькі гадоў запар нашы дзяўчынкі разам з вакалістамі ўзорнага калектыву “Лада” станавіліся ўдзельнікамі рэспубліканскага адборачнага тура дзіцячага конкурсу “Еўрабачанне”. Думаю, што многія з нас і ў далейшым не пакінуць сваё захапленне танцамі, будуць памятаць, якое вялікае шчасце дарыць людзям радасць, прыгажосць, ствараць ім добры настрой, быць прыкладам для равеснікаў, захапляць творчасцю дзяцей і моладзь”. Алена Маркава, кіраўнік “Вясёлай каруселі” на працягу амаль двух дзясяткаў гадоў, таксама адзначана званнем лаўрэата конкурсу.
Нярэдка можна пачуць, быццам сучасная моладзь не вельмі захапляецца чытаннем. Што тады ўжо гаварыць пра літаратурную творчасць і тым больш пра творчасць паэтычную? Шчасліўцы, каму давялося судакрануцца з дзейнасцю ўнікальнай у сваім родзе культурнай з’явы — школы паэзіі “Лотас”, з такім меркаваннем не пагодзяцца, таму што ведаюць: захапленне паэзіяй і натхненне пісаць вершы можа прыйсці да кожнага. Трэба толькі, каб у патрэбны час на жыццёвым шляху сустрэўся патрэбны чалавек. Такі, як яшчэ адзін наш лаўрэат — прадстаўніца сямейнай дынастыі паэтаў Мар’яна Шамалава.
— Школа паэзіі “Лотас” з’яўляецца адным з нашых найстарэйшых аб’яднанняў, — расказвае намеснік дырэктара Аршанскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі па вучэбна-метадычнай рабоце Таццяна Баканоўская. — Заснавала яе ў жніўні 1993 года і на працягу многіх гадоў кіравала калектывам Марыя Дзмітронак. Цяпер яе справу працягвае Мар’яна Шамалава. Навучэнцы актыўна друкуюцца ў газетах і часопісах, паспяхова ўдзельнічаюць у паэтычных конкурсах, у тым ліку міжнародных.
У размове з кіраўніком дзіцячага аб’яднання па інтарэсах “Юныя экскурсаводы” Пастаўскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Святланай Латыш мімаволі ловіш сябе на дзіўным жаданні: нясцерпна хочацца адкласці на час усе справы і адправіцца на Пастаўшчыну. Пра свой родны край лаўрэат конкурсу можа гаварыць бясконца і па часе, і па той любові, якая ўкладаецца ў кожнае слова. Калектыў аднадумцаў і паслядоўнікаў педагог таксама падабрала пад сябе: навучэнцы шчыра ганарацца сваёй малой радзімай, многа ведаюць пра яе гісторыю і сучаснасць і з энтузіязмам стараюцца даведацца яшчэ больш. Вы яшчэ не былі ў Парыжы, але марыце яго пабачыць? Думаю, ад сумеснага з юнымі экскурсаводамі і іх кіраўніком падарожжа ў вёску Парыж, вандровак па знакамітых мясцінах старажытнага краю, сустрэч з яго чароўнымі краявідамі ўражанняў застанецца не менш…
Самым маладым фіналістам конкурсу стала прадстаўніца Аршанскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Таццяна Вараб’ёва. Ніхто не паспрачаецца, што вопыт прыходзіць з гадамі, але прафесіяналізм імі не вымяраецца: творчая самапрэзентацыя аршанкі была адной з лепшых. Што падштурхнула кіраўніка дзіцячага аб’яднання па інтарэсах “Экарасток” да ўдзелу ў спаборніцтве?
— Каб падрыхтаваць самапрэзентацыю і майстар-клас, неабходны інфармацыя, новыя веды, — разважае лаўрэат. — Іх пошук насамрэч захапляе, але ж разам з тым і павышае кваліфікацыю. На падрыхтоўчым этапе прыходзіцца многа аналізаваць, вучыцца хутка мабілізаваць усе наяўныя рэсурсы на вырашэнне пастаўленай задачы — так нараджаюцца новыя ідэі. Сваім выступленнем я задаволена, і ў той жа час ёсць моманты, якія хацелася б змяніць, зрабіць яшчэ лепшымі.
У класічны рэцэпт поспеху — працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць — абсалютная пераможца конкурсу кіраўнік студыі журналістыкі “МедыяМікс” Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Наталля Сляпцова і яе навучэнцы дабаўляюць свае іскрынкі: многа і ўсім разам! Моладзі за асабістым прыкладам далёка хадзіць не трэба — варта паназіраць за работай самой Наталлі Пятроўны, загадчыцы вучэбна-метадычнага кабінета цэнтра і па сумяшчальніцтве педагога дадатковай адукацыі. Як высветлілася, лепшага ў рэгіёне.
У студыі займаюцца 15 старшакласнікаў, і ўсе яны разам з кіраўніком прыехалі змагацца за перамогу. Большасць выхаванцаў, дарэчы, ужо зараз арыентавана на паступленне на факультэт журналістыкі. Праграма заняткаў разлічана на 3 гады. Напачатку даюцца асновы журналістыкі, будучыя асы медыяпрасторы вучацца валодаць словам, пісаць матэрыялы. На другі год дадаецца яшчэ адзін адукацыйны модуль — асновы тэле- і радыёжурналістыкі. А на трэцім годзе навучання пачынаецца самая адказная работа — стварэнне друкаванага выдання цэнтра і свайго медыяпрадукту (відэа- або радыёматэрыялу). На конкурсе, пакуль ішла самапрэзентацыя і зала слухала песню Юрыя Візбара “Гэты горад называецца Полацк”, якую Наталля Сляпцова выканала пад уласны гітарны акампанемент, яе навучэнцы напружана працавалі. Сюрпрыз атрымаўся: калі палачане ўручылі журы і гледачам аператыўна падрыхтаваны спецвыпуск газеты “Педагог дадатковай адукацыі-2015 у тварах” з фотаздымкамі з конкурсу, сумненняў у перамозе журналісцкай каманды не засталося. Гэта потым афіцыйна пацвердзіла і журы.
Як праінфармавала загадчык аддзела інфармацыйна-педагагічнай работы і сацыяльнай педагогікі Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Галіна Гарбадзей, па ўмовах конкурсу, фіналістам трэба было выканаць 3 заданні: падрыхтаваць і правесці самапрэзентацыю дзейнасці педагога дадатковай адукацыі “Я і маё аб’яднанне па інтарэсах”, прэзентацыю вучэбна-метадычнага камплекта або комплексу па рэалізацыі праграмы аб’яднання па інтарэсах і майстар-клас па профілі адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Апошні быў прадстаўлены ўдзельнікамі загадзя ў выглядзе відэаматэрыялаў, разлічаных на 30 хвілін. Фрагменты майстар-класаў дэманстраваліся падчас конкурсу, да таго ж у запісе іх можна было пабачыць у холе Палаца дзяцей і моладзі.
— Распрацоўкі ўяўляюць вялікую каштоўнасць, — падкрэсліла Галіна Гарбадзей. — Усе яны апрацаваны і размешчаны ў спецыяльным банку даных. Пра запатрабаванасць гэтых метадычных матэрыялаў сведчыць тое, што ўжо зараз зацікаўленасць у іх выказалі нашы партнёры з Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Абавязкова будзем супрацоўнічаць у распаўсюджванні і выкарыстанні перадавога педагагічнага вопыту. А пераможцу і лаўрэатаў абласнога конкурсу неўзабаве чакае рэспубліканскае прафесійнае спаборніцтва.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.