Выхаванне ў атмасферы любові, дабра і вернасці традыцыям

Калі калектыў ясляў-сада № 19 “Пралеска” Жодзіна пачаў працаваць па рэспубліканскім інавацыйным праекце Міністэрства адукацыі “Фарміраванне аптымістычнага тыпу светаўспрымання ў дашкольнікаў на асновах праваслаўных традыцый беларускага народа”, я адразу ж са сваімі выхаванцамі — дзецьмі сярэдняга дашкольнага ўзросту — уключылася ў яго рэалізацыю. Работа па гэтым напрамку ўключае ў сябе цыкл заняткаў па інтарэсах, якія далучаюць дашкольнікаў да асноў праваслаўнай культуры.

Паняцці “маральны” і “духоўны” ў праваслаўнай педагогіцы азначаюцца наступным чынам: духоўнасць — гэта стан блізкасці душы, унутранага свету чалавека да супакаення, задаволенасці свайго быцця, пазітыўнасці. Маральнасць — гэта цвёрдая нязменная рашучасць волі ісці за добрымі цягамі сэрца і сумлення (прыстойнасць).
Сіла рэлігіі заключаецца ў прыярытэце духоўных каштоўнасцей над матэрыяльнымі дабротамі, у нескажоным духоўным светаадчуванні. Гаворка ідзе аб прыярытэце вечных каштоўнасцей: пра дабро і любоў, пра ісціну і прыгажосць, пра жыццё, чалавечнасць, спагаду, а таксама пра тое, што стаіць за словамі Радзіма, сям’я, абавязак, подзвіг.Выкарыстоўваючы сродкі мастацкай літаратуры, мастацтва, гутарак, гульняў-імправізацый, сродкі тэатральна-мастацкай дзейнасці з дзецьмі дарослыя могуць залажыць у дзіцяці зерне любові да людзей і дабра, асновы разумення таго, што трэба спяшацца рабіць дабро, а не толькі і не столькі “браць ад жыцця ўсё” і “дзейнічаць дзеля мэт узбагачэння любым спосабам”.
Прыкладны змест работы з дзецьмі і сям’ёй у гэтым напрамку:
* анкетаванне бацькоў і складанне з імі дагавораў аб згодзе супрацоўніцтва ў гэтым напрамку;
* расказы дзецям, чытанне мастацкай і духоўнай літаратуры пра Нараджэнне Ісуса Хрыста, царкоўныя святы Вадохрышча, Вялікдзень, Тройцу;
* тлумачэнне некаторых запаведзяў Бібліі;
* слуханне духоўнай музыкі, званоў;
* знаёмства з жывапісам на біблейскія сюжэты;
* разгляданне ілюстрацый;
* гутаркі з дзецьмі на тэму “Пошук ісціны”;
* арганізацыя ўмоў практыкі дабрачыннасці;
* духоўная асвета сям’і;
* гутаркі з дзецьмі і бацькамі пра духоўна-маральныя каштоўнасці;
* наладжванне сацыяльна-культурных сувязей (наведванне музеяў, бібліятэк з мэтай знаёмства з духоўнымі каштоўнасцямі і гісторыяй Айчыны);
* этычныя размовы, сустрэчы з сем’ямі, якія наведваюць храмы;
* інсцэніроўка і правядзенне тэатральных вечарын для бацькоў з удзелам дзяцей на біблейскія тэмы.
Работу ў гэтым напрамку мы пачыналі з размоў, анкетавання, дыспутаў з бацькамі. Вельмі важна вывучыць жаданні бацькоў супрацоўнічаць, заручыцца іх падтрымкай на работу з дзецьмі, выявіць магчымыя прыклады сямейных традыцый у выхаванні. Адна з праблем сучаснай адукацыі заключаецца ў тым, што ў працэсе выхавання не захоўваецца пераемнасць пакаленняў. Дзеці страчваюць магчымасць браць прыклад з людзей, якія жылі ў мінулым, не ведаюць, як людзі вырашалі свае праблемы, што стала з тымі, хто пайшоў супраць найвышэйшых каштоўнасцей, і з тымі, хто змог змяніць сваё жыццё, падаючы нам яскравы прыклад. Менавіта ў дашкольным узросце адбываецца засваенне сацыяльных норм, маральных патрабаванняў і ўзораў паводзін на аснове пераймання. Відавочна, што без духоўнасці, якую закладвалі нашы бацькі і дзяды сваім дзецям на працягу стагоддзяў, мы не зможам выгадаваць маральна здаровае пакаленне, якое б захавала свае нацыянальныя асаблівасці, якія склаліся гістарычна.Аповеды пра духоўнасць неабходна суправаджаць тэатральна-мастацкай, выяўленчай дзейнасцю, чытаннем праваслаўнай дзіцячай літаратуры пра дабрачыннасць. Штотыднёва ў групе праводзяцца заняткі па інтарэсах: музычныя, тэатральна-мастацкія забавы, ролевыя гульні, сустрэчы з бацькамі і прадстаўнікамі духавенства, на якіх дзеці аналізуюць учынкі і рэальныя жыццёвыя сітуацыі, на прыкладах біблейскіх гісторый вучацца любіць, радасна ўспрымаць жыццё, праяўляюць свае найлепшыя рысы характару, вучацца стварэнню. Праводзім творчыя выставы, сямейныя сустрэчы, афармляюцца альбомы пра традыцыі беларускага народа. Дзеці даведваюцца пра значэнне такіх царкоўных свят, як Каляды, Вялікдзень і інш.
У студзені 2015 года на базе дзіцячага сада праходзіў Рэспубліканскі выязны семінар па духоўна-маральным выхаванні, на якім мы з дзецьмі паказалі заняткі па інтарэсах з элементамі тэатральна-мастацкай дзейнасці, выкарыстання нагляднага мадэлявання, выяўленчай дзейнасці (канструявання з паперы) на тэму “Калядныя гісторыі. Чаму на Каляды ўбіраюць ёлку”.
Упэўнена, что закладзены ў дзяцінстве божы агонь будзе саграваць душу і сэрца дзіцяці. Яно панясе яго людзям.
Работа па духоўна-маральным выхаванні на аснове праваслаўя і традыцый беларускага народа дазволіць нам дасягнуць наступных вынікаў: устойлівасць навыкаў паводзін; сфарміраванасць асноў каштоўнасных сфер асобы; стабільнасць псіхічнага развіцця; цэласнасць успрымання свету; выхаванне ўсебакова і гарманічна развітой асобы; фарміраванне калектыву, дзе кожны самакаштоўны і ўсе знаходзяцца ў гармоніі адно з адным; развіццё здольнасцей да самаўдасканалення і самастойнай творчасці; адраджэнне сапраўдных духоўных каштоўнасцей беларускага народа праз фарміраванне ў дзяцей духоўна-маральных якасцей, для забеспячэння сацыяльнага, грамадзянскага і духоўнага адзінства грамадства.
Галоўны вынік, на які вельмі хацелася б спадзявацца, заключаецца ў засваенні дзіцем вечных каштоўнасцей: міласэрнасці, праўдалюбства, у імкненні яго да дабра і непрымання зла.

Таццяна ЗАЛЕЎСКАЯ,
выхавальнік ясляў-сада № 19 Жодзіна.