Выхаванне здаровага пакалення

- 14:32Навіны рэгіёнаў

Правільнае харчаванне — аснова здаровага ладу жыцця. Харчаванне ўплывае на здароўе, знешні выгляд, самаадчуванне і нават настрой. Усё гэта добра ведаюць выхаванцы Алы Валянцінаўны Ярмак, навучэнцы сярэдняй школы № 2 Стоўбцаў. Свае веды яны пацвярджаюць паспяховым удзелам у міжнародных конкурсах.

Другакласнікі сярэдняй школы № 2 Стоўбцаў сталі пераможцамі сярод беларускіх навучэнцаў у IV Міжнародным конкурсе для дзяцей “Аб правільным харчаванні і здаровым ладзе жыцця”, які праводзіцца ў рамках глабальнай праграмы кампаніі Нэстле “Здаровыя дзеці”. У конкурсе бралі ўдзел школьнікі пачатковых класаў з Беларусі, Казахстана і Расіі, якія вывучаюць праграмы “Размова аб правільным харчаванні”, “Па прыступках правіл здаровага харчавання” і “Школа здароўя”.

Канкурсантам прапаноўваліся тры заданні: зняць відэаролік аб правядзенні зарадкі, скласці аўтарскую крыжаванку пра здаровы лад жыцця і правільнае харчаванне, а таксама разгадаць крыжаванку, створаную іншымі ўдзельнікамі конкурсу. Стаўбцоўскія школьнікі знялі вясёлае відэа, крыжаванку стварылі на аснове літаратурных твораў, а на пытанні сапернікаў у крыжаванцы адказалі хутка і правільна. Навучэнцы-пераможцы конкурсу стануць удзельнікамі тэлемоста паміж Расіяй, Беларуссю і Казахстанам. Педагог запрошана на міжнародную канферэнцыю “Выхоўваем здаровае пакаленне”, якая адбудзецца ў Маскве.

Ала Валянцінаўна Ярмак ужо чатыры гады праводзіць для дзяцей факультатыўныя заняткі “Па прыступках правіл здаровага харчавання”. Любімы персанаж яе навучэнцаў — Нямнямчык, які разам з дзецьмі займаецца спортам, вучыцца адрозніваць карысныя прадукты ад шкодных і пазнае асновы здаровага ладу жыцця. Ала Валянцінаўна кожныя заняткі ператварае ў цікавую прыгоду для дзяцей. Навучэнцы спасцігаюць не толькі тэорыю, але і практыку. Напрыклад, гатуюць карысныя салаты. Любяць школьнікі і цікавыя святы, якія рыхтуюць разам з настаўніцай і бацькамі. Так, яны былі ў захапленні ад свята кухні народаў Еўропы і пірацкай вечарыны.

Удзел у конкурсе “Аб правільным харчаванні і здаровым ладзе жыцця” выхаванцы Алы Валянцінаўны бяруць кожны год. І сёлетняя перамога не адзіная. Чатыры гады назад, калі конкурс праводзіўся ўпершыню, першае месца ў ім занялі былыя вучні А.В.Ярмак, якія ўжо скончылі пачатковую школу. З новым класам педагог дасягае новых вяршынь.

Дар’я РЭВА.
Фота з уласнага архіва педагога і канкурсантаў.