Выхаванню патрыётаў дапаможа віртуальны музей

Установы адукацыі сёння адыгрываюць ключавую ролю ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. Менавіта яны напрамую адказныя за фарміраванне ў дзяцей патрыятычных пачуццяў, нацыянальнай самасвядомасці, прывіццё ім любові да Радзімы. Найбольш эфектыўным выхаванне асобы, гатовай да выканання сваіх грамадзянскіх абавязкаў, з’яўляецца ў тым выпадку, калі ажыццяўляць гэтую работу з максімальна ранняга ўзросту.

— Фарміраванне асноў грамадзянскасці неабходна пачынаць з дашкольнага ўзросту, бо менавіта ў гэтыя гады ў дзяцей закладваюцца першаасновы асобы, фарміруюцца базавыя каштоўнасці, выпрацоўваюцца нормы паводзін. Аднак варта ўлічваць шэраг псіхалагічных узроставых асаблівасцей. Уся работа павінна будавацца ў цесным супрацоўніцтве з сем’ямі малых, таму што пазіцыя бацькоў у пытаннях грамадзянскасці і патрыятызму для дзіцяці першасная, — адзначыла старшы выкладчык кафедры педагогікі і псіхалогіі Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вікторыя Цюко.

Паводле яе слоў, у дашкольных установах адукацыі вобласці ўсюды ўлічваюць гэтыя асаблівасці і даволі паспяхова займаюцца выхаваннем будучых патрыётаў. У некаторых навучальных установах у гэтым напрамку работы пайшлі далей. Так, у яслях-садзе № 14 аграгарадка Александрыя Шклоўскага раёна педагогі і бацькі выхаванцаў разам працуюць над рэалізацыяй рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці навучэнцаў у рамках арганізацыі і дзейнасці рэгіянальных віртуальных музеяў”.

— Тэма інавацыі была выбрана педагагічным калектывам невыпадкова. Наведванне музеяў адгрывае важную ролю ў азнаямленні дзяцей з гісторыяй і традыцыямі роднага краю, яго багаццямі. Разам з тым экскурсіі ў музеі для дзяцей дашкольнага ўзросту з’яўляюцца складанымі як у арганізацыі, так і ў правядзенні. Вось тут на выручку і могуць прыйсці электронныя сродкі навучання. Стварэнне віртуальнага рэгіянальнага музея дазволіць забяспечыць даступнасць і магчымасць шматразовага прымянення матэрыялаў, інтэрактыўнасць і пашырэнне магчымых межаў у пазнанні вялікай і малой радзімы маленькімі грамадзянамі, — падкрэсліла Вікторыя Цюко, якая выступае навуковым кансультантам праекта.

Наватарскай распрацоўкай у яслях-садзе займаюцца на працягу бягучага навучальнага года. За гэты час педагогам установы ўжо ўдалося дасягнуць пэўных вынікаў. Імі выхавальнікі ахвотна падзяліліся з калегамі ў рамках правядзення абласнога метадычнага фестывалю “Інавацыі ў адукацыі Магілёўскай вобласці”.

У ходзе мерапрыемства прысутным былі прадстаўлены рэсурсныя магчымасці ўстановы адукацыі, якія садзейнічаюць фарміраванню патрыятызму ў выхаванцаў. У яслях-садзе ёсць добра развітая матэрыяльная база, у патрэбнай колькасці прадстаўлены тэматычныя дыдактычныя гульні, у тым ліку аўтарскія. Акрамя таго, рэалізацыя інавацыйнага праекта падштурхнула калектыў мясцовых педагогаў да стварэння музейнай экспазіцыі “Нацыянальная беларуская цацка”. Характэрна, што ва ўстанове перыядычна праводзяцца розныя мерапрыемствы, якія далучаюць дзяцей да беларускасці. Адзін з падобных фальклорна-тэатралізаваных паказаў быў прадэманстраваны -ўдзельнікам метадычнай сустрэчы. Выхаванцы ясляў-сада паказалі сваё веданне беларускай мовы, народных традыцый, а пасля прадставілі сучаснае нацыянальнае адзенне, пашытае рукамі іх бацькоў. Дарэчы, бацькі дзяцей уносяць вельмі значны ўклад у дзейнасць установы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Такое ўзаемадзеянне дазваляе праводзіць усю работу на даволі высокім узроўні.

Станоўчых зрухаў у выхаванні юных патрыётаў у александрыйскім яслях-садзе № 14 сапраўды дасягнулі нямала. Удзельнікі мерапрыемства змаглі шмат цікавага ўзяць для сябе, каб у далейшым выкарыстоўваць убачаныя эфектыўныя напрацоўкі для ўдасканалення работы ў сваіх навучальных установах.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім абласным інстытутам развіцця адукацыі.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *