Выхаваць грамадзяніна

- 12:14Адукацыйная прастора

Пісаць кітайскі іерогліф, які абазначае “дружба”, падпяваць пад “Лідскую закаблуку”, пабываць на паказе батлеечнага тэатра і на занятках у інтэграваным класе — у атмасферу шматграннага адукацыйнага і выхаваўчага працэсу акунуліся члены Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у гродзенскай сярэдняй школе № 38.

Адна з самых буйных школ Гродна, дзе вучыцца 2100 дзяцей, не проста навучальная ўстанова, а культурны і спартыўны цэнтр мікрараёна. На прыкладзе дзейнасці сярэдняй школы № 38 была прадстаўлена сістэма выхаваўчай работы Кастрычніцкага раёна абласнога цэнтра. Госці пабывалі ў бібліятэчна-інфармацыйным цэнтры школы, кабінеце кітайскай мовы і культуры, які быў адкрыты ў гэтым навучальным годзе, азнаёміліся з творчымі работамі выхаванцаў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Прамень”, работай рэсурснага цэнтра комплекснай падтрымкі энергаэфектыўнага ладу жыцця сярэдняй школы № 12.

У вобласці вялікая ўвага ўдзяляецца грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню, у многіх школах створаны спецыялізаваныя класы. Дэпутаты ўбачылі выпраўку і парадны строй навучэнцаў класа МНС 33-й школы, кадэцкага класа 38-й школы. А мытны клас 13-й школы асаблівы гонар выклікаў у дэпутата Ліліі Вацлаваўны Кір’як: менавіта ў час яе дырэктарства тут быў створаны спецыялізаваны клас, у якім вучацца зацікаўленыя і матываваныя на службу ў мытных органах дзеці. Пагранічныя класы сярэдняй школы № 3 далі пуцёўку ў прафесію многім хлопцам. Кожнае лета яны праводзяць у лагеры на заставе імя героя-пагранічніка Віктара Усава, імя якога носіць школа. Восем яе выпускнікоў прадоўжылі вучобу ў Інстытуце пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, а сёння яшчэ адзінаццаць старшакласнікаў хочуць звязаць свой лёс са службай у пагранвойсках.

— На працягу апошніх гадоў Гродзеншчына лідзіруе па многіх пазіцыях выхаваўчай і ідэалагічнай работы з моладдзю, — адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк. — Тут ёсць узорна-паказальныя рэчы, і вынікам сённяшняй сустрэчы могуць ста ць метадычныя рэкамендацыі, з якімі мы звернемся ў Міністэрства адукацыі. Калі няма сістэмы каштоўнасцей, якія закладваюцца менавіта ў сістэме адукацыі, немагчыма выгадаваць патрыёта. Школа — гэта не проста месца, дзе даюць веды, гэта важная сфера ідэалагічнай і выхаваўчай работы.

Наладжаная ў Гродзенскай вобласці сістэма выхаваўчай работы, арганізацыя работы з дзецьмі ў вольны час, новыя кірункі дзейнасці сістэмы дадатковай адукацыі, якая нароўні з традыцыйнымі заняткамі творчасцю, спортам прапануе і сучасныя (робататэхніку і мехатроніку, ІТ), дазваляе зацікавіць дзяцей, стварыць умовы для іх усебаковага развіцця. У абласной акцыі “Да суседзяў” толькі на восеньскіх канікулах прынялі ўдзел каля 15 тысяч навучэнцаў вобласці, якія пабывалі на 800 экскурсіях і пазнаёміліся з цікавымі мясцінамі роднага краю і сталіцы нашай краіны. Валанцёрская работа арганізавана ва ўсіх навучальных установах, асаблівая ўвага ўдзяляецца людзям сталага ўзросту, якім важна не толькі дапамога, але і размова з маладымі людзьмі, іх увага. Такая работа дае станоўчыя вынікі: так, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года больш чым на 34 працэнты знізілася ў вобласці колькасць правапарушэнняў падлеткаў.

А завяршылася знаёмства з выхаваўчай прасторай рэгіёна паказам мюзікла “Зямля бацькоў — жыцця крыніца”, прысвечанага Году малой радзімы. На сцэну выйшлі разам педагогі і іх выхаванцы і ў песнях, танцах, паэтычным слове паказалі, якая прыгожая родная зямля, як моладзь любіць і шануе сваю гісторыю, культуру і традыцыі.

Члены Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы прынялі ўдзел у рабоце І сесіі ІV склікання маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў. Маладзёжны парламент дзейнічае ў вобласці з 2012 года, за гэты час рэалізавана звыш 400 патрыятычных, сацыяльных, валанцёрскіх, гуманітарных, спартыўных праектаў.

Вітаючы юных калег, Ігар Марзалюк сказаў, што маладзёжны парламент — гэта кузня кадраў, дзе моладзь атрымлівае навыкі работы ў камандзе, вучыцца бра ць на сябе адказнасць, і гэта спатрэбіцца ім у дарослым жыцці. Дзейнасць такіх маладзёжных структур падтрымліваецца і ў нашай краіне, і ва ўсім свеце.

Пасведчанні маладым парламентарыям уручылі старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Мацюшонак, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Курганская.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.