Выхаваць прафесіянала і сапраўднага чалавека

- 17:51Актуально, Апошнія запісы

У ходзе рабочай паездкі 15 мая міністр адукацыі Ігар Карпенка наведаў Полаччыну.

Міністр цікавіўся падрыхтоўкай устаноў адукацыі да завяршэння навучальнага года. Пасля сустрэчы ў райвыканкаме Ігар Карпенка разам з прадстаўнікамі мясцовай выканаўчай улады на чале з кіраўніком раёна Ігарам Марковічам наведаў школу № 16 Полацка — адну з лепшых у гора­дзе. Яе навучэнцы традыцыйна дэманструюць высокія вынікі на рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах, у даследчай дзейнасці, спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах. З 2019 года ўстанова адукацыі прымае ўдзел у рэспубліканскім інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі развіцця псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў (законных прадстаўнікоў) навучэнцаў”.

— Для дзіцяці школа — гэта пляцоўка сацыялізацыі і станаўлення асобы, свет цікавых і карысных калектыўных спраў, творчасці, захапленняў і штодзённых адкрыццяў, зносін з равеснікамі і сустрэч з аўтарытэтнымі прафесіяналамі ў розных галінах дзейнасці, — адзначыла дырэктар установы адукацыі Ірына Аляксееўна Зімніцкая. — Для нас, педагогаў, школа не проста месца работы: гэта свет, у якім мы жывём. Кожны наш настаўнік разумее выключную важнасць па­стаўленых перад ім мэт і задач: падрыхтаваць дзяцей да жыцця ў сучасным адкрытым інфармацыйным грамадстве, навучыць іх вучыцца, выхаваць грамадзян сваёй краіны і проста добрых людзей, якія шануюць сяброўства і ўме­юць клапаціцца пра блізкіх. Зараз у школе 1423 навучэнцы, прычым часта нашы выпускнікі прыво­дзяць да нас сваіх дзяцей, каб даць ім дастойную і сучасную адукацыю.

Матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы адукацыі ўключае 38 вучэбных кабінетаў, актавую залу на 170 месцаў, спартыўную залу і спартыўную пляцоўку, метадычны кабінет, бібліятэку, вучэбныя майстэрні, кабінеты медыцынскай, псіхалагічнай, сацыяльна-педагагічнай службаў. Цяперашняя няпростая эпідэміялагічная сітуацыя ўнесла карэктывы ў школьнае жыццё — тым не менш яно працягваецца: як звычайна, ідуць урокі і факультатывы, право­дзяцца ўсе прадугледжаныя вучэбным планам заняткі. Па словах дырэктара, на ўроках прысутнічае больш за палову навучэнцаў. У выпускных, дзявятых і адзінаццатых, класах — амаль 100-працэнтная наведвальнасць. З тымі, хто застаўся дома, настаўнікі працуюць з дапамогай інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Вопыт педагагічнага калектыву задзейнічаны на ІТ-пляцоўцы Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі “Тэматычны медыя­гід па вучэбных прадметах”, на якой размешчаны відэаўрокі настаўнікаў школы.

— Наведвальнасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі па раёне складае 56—57 працэнтаў, у сельскіх школах — каля 70 працэнтаў, — расказала начальнік упраўлення адукацыі Полацкага райвыканкама Ірына Драздова. — У раёне створана сістэма, калі з улікам усіх рэкамендацый выконваецца комплекс патрэбных супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў; пры неабходнасці ў рабочым парадку ўносім асобныя змяненні. Напрыклад, навучэнцы ходзяць на перапынкі, але групы мы не змешваем, харчаванне ў сталовых і буфетах арганізавана па новых графіках. Наладжана работа з дзецьмі, якія не наведваюць урокаў, і зваротная сувязь з іх бацькамі. Абавязковага патрабавання кожнаму хадзіць па школе ў масцы няма: гэта асабістае рашэнне навучэнца і яго законных прадстаўнікоў.

Адметнасць сярэдняй школы № 16 — музей гісторыі адукацыі раёна, знаёмы нашым пастаянным чытачам па матэрыялах прэс-туру на Полаччыну і шэрагу публікацый. Адна з галоўных ініцыятараў і стваральнікаў музея — настаўніца рускай мовы і літаратуры Яўгенія Муруткова. Тэматычныя выставы ў музейных залах — вынік рэалізацыі прымеркаванага да Года навукі праекта “Рэтраспектыўная мадэль сістэмы адукацыі Полацкага раёна”, рэалізаванага на працягу 2017—2018 гадоў, плён маштабнай сумеснай работы педагогаў, ветэранаў педагагічнай працы і пошукавых атрадаў усіх устаноў адукацыі Полаччыны. Галоўная ідэя праекта — ушанаваць і сказаць дзякуй настаўнікам, хто выкладаў, вучыў, выхоўваў, абараняў родную зямлю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і, можна сказаць, узгадаваў сучасную Полаччыну. У іх гонар была заснавана Зала славы педагогаў — своеасаблівы пункт адліку, з якога вырас музей. Фактычна атрымаўся жывы помнік мінулага, які пастаянна развіваецца і адыгрывае значную ролю ў адукацыйным і культурным жыцці. На базе музея дзейнічае цэнтр грама­дзянска-патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання, працуюць гурткі краязнаўчай накіраванасці, адбываюцца экскурсіі, адкрытыя і музейныя ўрокі, факультатывы, пазакласныя мерапрыемствы, заняткі ў рамках рэспубліканскага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”. Матэрыялы даследаванняў педагогі выкарыстоўваюць у сваёй рабоце, а іх навучэнцы — пры падрыхтоўцы да школьных, раённых і абласных канферэнцый.

Падчас сустрэчы з настаўнікамі Ігар Карпенка закрануў шэраг надзённых пытанняў, у тым ліку супрацоўніцтва з установамі вышэйшай адукацыі, работу ў раёне аграрных, педагагічных, спартыўна-педагагічных, медыцынскіх і адкрыццё ваенна-патрыятычных класаў, атэстацыю навучэнцаў, асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу, уручэнне атэстатаў сталасці і пасведчанняў аб базавай сярэдняй адукацыі, падрыхтоўку і правядзенне выпускных экзаменаў ва ўмовах існуючай эпідэміялагічнай сітуацыі. Як падкрэсліў кіраўнік ведамства, атэстаты выпускнікам будуць уручаны ва ўрачыстай атмасферы, пры гэтым фармат мерапрыемства кожная школа выбірае самастойна, зыходзячы з канкрэтных рэалій, інтарэсаў і пажаданняў навучэнцаў, на падставе сумеснага з іх бацькамі рашэння. Асобна міністр спыніўся на пашырэнні асабістага ўдзелу лепшых педагогаў у вырашэнні актуальных праблем развіцця адукацыі.

— Недастаткова, як я лічу, гучаць экспертныя меркаванні пераможцаў рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” у дачыненні да працэсаў, якія адбываюцца ў сучаснай адукацыі, — звярнуўся да настаўнікаў міністр. — Трэба актывізаваць дзейнасць клуба “Крыштальны журавель”, каб калегі і ўся краіна бачылі вынікі работы яго ­ўдзельнікаў, на слыху былі канкрэтныя прапановы, унесеныя кожным з іх, укаранёныя ў практыку аўтарскія інавацыйныя напрацоўкі. У школах працуюць выдатныя прафесіяналы, ёсць у калектывах настаўнікі-метадысты, выдатнікі адукацыі, заслужаныя настаўнікі, але дзе сапраўдныя адукацыйныя флагманы, нашы Макаранкі, Сухамлінскія? У краіне першы і адзіны народны настаўнік — Валерый Васільевіч Барашкоў. Што мы ведаем пра яго паплечнікаў, прафесіяналаў унікальнай кампетэнтнасці як у веданні прадмета і методыкі яго выкладання, так і ў выніках, у выхаванні, творчай рабоце з дзецьмі, дзейнасці па фарміраванні гарманічна развітой асобы? Педагагічнай грамадскасці, усяму грамадству неабходны бясспрэчныя аўтарытэты ў сферы адукацыі. Упэўнены, такія ёсць, а сярод іх — абсалютныя арыенціры, нашы калегі і сучаснікі, дастойныя звання народных настаўнікаў.

Кіраўнік ведамства папрысутнічаў на ўроках фізікі, хіміі і біялогіі, запытаўся, у чым яшчэ мае пільную патрэбу школа, азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем урокаў. Так, абсталяванне для новага кабінета хіміі, як расказала настаўніца Ніна Грыгарэнка, пачало паступаць у школу са студзеня 2017 года, а восенню таго ж года кабінет заняў 1-е месца на традыцыйным раённым аглядзе. Па прадмеце ў школе склалася эфектыўнае педагагічнае трыа, поспех якога — у спецыялізацыі і адначасова цеснай узаемасувязі і партнёрстве. Святлана Дышкавец вядзе і курыруе работу ў профільных выпускных класах, падрыхтоўку навучэнцаў да цэнтралізаванага тэсціравання і паступлення ў выбраныя ўстановы прафесійнай адукацыі. Ганна Вяроўкіна выхавала не адно пакаленне юных аматараў навукі — ­удзельнікаў, прызёраў і пераможцаў даследчых конкурсаў і канферэнцый рознага ўзроўню. Сама Ніна Уладзіміраўна працуе ў дапрофільных класах, актыўна спалучае класічныя і сучасныя, у тым ліку інтэрактыўныя, метады і формы, рыхтуе дзяцей да профільнага навучання. Яе вучні добра знаёмы з лабараторнымі эксперыментамі і тэматычнай відэатэкай, інтэрактыўнымі гульнямі, вайбербордам, графічнымі рэдактарамі, праграмамі для малявання хімічных формул, віртуальнымі хімічнымі даведнікамі, электроннымі датчыкамі, флэш-анімацыяй і флэш-трэнажорамі, іншымі магчымасцямі, даступнымі карыстальнікам сучаснага праграмнага забеспячэння і тэматычных ІТ-рэсурсаў. Як вынік — школьнікі пастаянна перамагаюць у абласной дыстанцыйнай для навучэнцаў 7—8 класаў і Рэспубліканскай алімпіядзе па хіміі, міжнароднай анлайн-алімпіядзе “Фоксфард”, спрабуюць сілы ў дыстацыйных турнірах і алімпіядах для навучэнцаў, арганізаваных установамі вышэйшай адукацыі Полацка, Віцеб­ска, Мінска, Гродна. Найбольш цесна школа супрацоўнічае з Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсі­тэтам, яе выпускнікі штогод становяцца студэнтамі ВДМУ. Выпускнік 2018 года Мацвей Навіцкі — бронзавы прызёр 52-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды па хіміі (педагог Святлана Дышкавец) — зараз студэнт профільнага факультэта БДУ.

— Сёлета мне пашанцавала папрысутнічаць на ІХ Рэспубліканскім калядным фестывалі педагагічнага майстэрства “Педагагічныя тэхналогіі: сучасна, эфектыўна, вынікова”, — дадала Ніна Грыгарэнка. — Прывезла шмат карысных і цікавых прыёмаў, методык, падзялілася імі з калегамі. Многае ўжо прымяняем на практыцы.

У размове з навучэнцамі міністр адукацыі пацікавіўся выбранымі прафесіямі і месцам далейшай вучобы, праінфармаваў аб перавагах сеткавай мадэлі прафесійнай адукацыі і падрыхтоўцы адзінай праграмы па STEM-адукацыі для школ, перспектывах набыцця рабочай прафесіі высокай кваліфікацыі і прафесійнага авалодвання замежнымі мовамі, асабліва англійскай і кітайскай, арганізацыі цэнтралізаванага тэсціравання ў гэтым навучальным годзе. Тут усе заданні выключна ў рамках школьнай праграмы, а правя­дзенне без сур’ёзных змяненняў, за выключэннем таго, што тэсціраванне па матэматыцы і рускай мове, дзе традыцыйна рэгіструецца найбольшая колькасць удзельнікаў, адбу­дзецца ў два дні з рознымі заданнямі ў кожны з іх. Школам будзе рэкамендавана пасля экзаменаў па жаданні выпускнікоў прадугледзець для іх варыянты арганізацыі падрыхтоўкі да ЦТ на бясплатнай аснове.

— Насуперак спробам камерцыялізацыі мы павінны ў нашай дзяржаве захаваць найкаштоўнейшы здабытак — сацыяльны складнік адукацыі, — акцэнтаваў увагу моладзі Ігар Карпенка. — Гаворка пра справядлівасць, даступ­насць, роўнасць умоў і якасць незалежна ад месца атрымання адукацыі. Галоўнае — запомніце: трэба паважна адносіцца да любой працы. Сельскі працаўнік перад вамі, банкір, айцішнік, інжынер ці рабочы ля станка — гэта ўсё нашы лю­дзі, яны ўсе разам ствара­юць матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці, забяспечваюць наша эканамічнае і культурнае багацце, таму няма прафесій непатрэбных, больш ці менш значных. Больш за тое: можна быць карыфеем у прафесіі, аднак чалавечыя якасці заўсёды важнейшыя. Нават маючы вялікія грошы, не купіш здароўя, кахання, сяброўства, паважлівых адносін да сябе. У любой сітуацыі трэба заставацца чалавекам. Калі вы гэта зразумееце з часам, вы бу­дзеце сапраўднымі, добрымі людзьмі.

У завяршэнне рабочай паездкі Ігар Карпенка праінспектаваў ход будаўніча-рэстаўрацыйных работ на тэрыторыі Верхняга замка ў Полацку, дзе плануецца размясціць новыя карпусы кадэцкага вучылішча. Разам з намеснікам прэм’ер-міністра Уладзімірам Кухаравым і старшынёй Полацкага райвыканкама Ігарам Марковічам міністр адукацыі абмеркаваў пытанні рэалізацыі праекта, уключанага ўказам кіраўніка дзяржавы ў дзяржаўную інвестыцыйную праграму.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.