Выхаваць самога сябе

У большасці дзяцей ёсць свае школьныя і сацыяльныя праблемы ці цяжкасці. А ў падлеткавым узросце на першы план выходзяць праблемы зносін і самапазнання. Марына Сяргееўна Андросава, кіраўнік клуба “Школа зносін” Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, пераканана, што ў выхаваўчым працэсе недастаткова займацца толькі фарміраваннем навыкаў зносін. Каб свабодна размаўляць з іншымі людзьмі, трэба пазбаўляцца ад “заціскаў”, у першую чаргу, псіхалагічных, вучыць дзяцей псіхалагічнай і эмацыянальнай культуры.

Марына Сяргееўна Андросава.

Узроставы эксперымент

Марына Сяргееўна скончыла Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна па спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя. Практычная псіхалогія”, там жа адвучылася ў магістратуры і аспірантуры. У Мазырскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі прыйшла працаваць 3 гады назад. Адчуваючы асаблівую цікавасць да псіхалогіі, педагог стварыла аб’яднанне па інтарэ-сах “Школа зносін”. Першы набор у гурток быў эксперыментальным: у яго трапілі рознаўзроставыя вучні — ад малодшых школьнікаў да 17-гадовых юнакоў. У гэтым годзе педагог мэтанакіравана працуе з падлеткамі 10—11 гадоў.

“Дзеці рознага ўзросту ў адным калектыве — вельмі цікавы вопыт у зносінах і для мяне, і для хлопчыкаў і дзяўчынак. Ёсць свае плюсы і мінусы ў такой узроставай разбежцы. Напрыклад, інфармацыя павінна падавацца так, каб і адным, і другім было цікава і зразумела, а гэта складана. Затое тут ёсць важны выхаваўчы аспект — узнікаюць настаўніцтва і ўзаемападтрымка. А малодшыя, гледзячы на сваіх старэйшых таварышаў, бачаць, якімі яны будуць праз некалькі гадоў. Ёсць яшчэ ад зін важны момант — адказнасць, якая кладзецца на плечы старэйшых хлопцаў і дзяўчат. Яны выступаюць прыкладам, узорам для пераймання, вучаць клопату, чуласці, увазе. Галоўны фокус на тым, што дзеці вучацца разам: “Мы разам зрабілі адкрыццё. Тут і зараз”, — расказвае Марына Сяргееўна.

Першапачаткова педагог планавала, што мэтай работы будзе фарміраванне камунікатыўнай культуры ў вучняў. Але першы набор у групу паказаў, што развіваць проста зносіны недастаткова. Так кіраўнік “Школы зносін” прыйшла да таго, каб пашырыць мэту заняткаў да фарміравання псіхалагічнай культуры, у якую ўключыла і культуру зносін, і культуру здароўя, і культуру эмоцый, пачуццяў, самавызначэння, і гендарную культуру.

Жыццёвыя ролі: ад волата да прынцэсы

Марына Сяргееўна Андросава.

Заняткі педагог пачынае з эмацыянальнай размінкі і паўтарэння правіл работы ў групе. Затым гурткоўцы вы-значаюцца з праблемай заняткаў, якую вырашаюць праз усе даступныя віды дзейнасці: гульнявую, аналітычную, выяўленчую, рэфлексіўную. Шмат імправізуюць, мадэлю-юць сітуацыі, гуляюць у слоўныя гульні, чытаюць мастацкія творы, праводзяць міні-конкурсы.

“Дзецям вельмі падабаецца гульня ў асацыяцыі, якая дапамагае мне “выцягнуць” на паверхню падсвядомыя моманты, звязаныя з той ці іншай тэмай. Вялікую цікавасць і шмат эмоцый выклікаюць гульні, у якіх прысутнічае спаборніцкі момант, дзе неабходна праявіць кемлівасць і эрудзіраванасць”, — тлумачыць Марына Сяргееўна.

Фарміраванне гендарнай культуры прадугледжвае знаёмства з паняццямі “гендар”, “гендарная роля”, “дыферэнцыяцыя роляў”. На занятках уздымаюцца пытанні моды, гендарных установак і стэрэатыпаў, у тым ліку паво-дзінскіх. Зразумела, усё гэта падаецца ў даступнай форме, з улікам узроставых асаблівасцей навучэнцаў. Напрыклад, падлеткі разам з педагогам разглядаюць мастацкія творы і знаходзяць у іх ярка выяўленыя гендарныя вобразы герояў (вобраз волата, капрызнай прынцэсы і інш.), аналізуюць модныя часопісы, творы жывапісу, змест сучасных песень на наяўнасць гендарных стэрэатыпаў, адзначаюць змены ў гендарных устаноўках на працягу пэўнага часавага перыяду.

Тэмы, звязаныя з абмеркаваннем сучаснай моўнай культуры, інтэрнэт-лексікі, тэлефоннага і сеткавага этыкету, лёгка ўспрымаюцца гурткоўцамі. А абмеркаванне механізмаў псіхалагічнай абароны, спосабаў паводзін у сітуацыях псіхалагічнага націску часам “замыкаюць” іх.

З вялікай цікавасцю навучэнцы разважаюць аб размеркаванні хатніх абавязкаў, аб суадносінах паняццяў “мужчынская” і “жаночая” праца. На адных з заняткаў нават пачалася спрэчка паміж двума выхаванцамі (хлопчыкам і дзяўчынкай) аб тым, хто ў сям’і павінен выносіць смецце, мыць посуд, прасаваць, гатаваць.

“Гэта якраз той прыклад, калі можна прасачыць наяўнасць тых ці іншых гендарных установак у сем’ях. Ён паказвае, наколькі важна бацькам быць псіхалагічна дасведчанымі людзьмі і разумець, што кожная твая ўстаноўка накладвае адбітак на дзіця. Таму што, па сутнасці, усе мы паўтараем жыццёвыя сцэнарыі нашых бацькоў. Дзеці пачалі дыскусію, таму што перад іх вачыма былі розныя мадэлі паво-дзін бацькоў у сем’ях, яны не ведалі, што бывае інакш. Я заўсёды стараюся акуратна падводзіць іх да таго, што ў сям’і ўсё павінна быць 50 на 50, і гэта тычыцца не толькі бацькоў, але і дзяцей: калі ты бачыш, што можаш дапамагчы блізкаму чалавеку, дапамажы, — дзеліцца педагог. — Таксама ўзні-калі дыскусіі наконт колеравых стэрэатыпаў у вопратцы і паво-дзінскіх стэрэатыпаў, накшталт “мужчыны не плачуць”.

Дарэчы, згодна са стэрэатыпнымі ўстаноўкамі, прынята лічыць, што дзяўчаты больш псіхалагічна адкрытыя, больш шчырыя ў дыялогах і абмеркаваннях. Але на практыцы ў Марыны Сярге-еўны нечакана ўсё выглядае інакш: “Прыгадваючы першы выпуск, адзначу, што хлопцы заўсёды больш актыўна ішлі на дыялог, лепш раскрываліся падчас нейкіх практык. У дзяўчат такога ж моцнага водгуку я не знайшла, яны менш гатовы дзяліцца сваімі тонкімі перажываннямі. Магчыма, у гэтым го-дзе сітуацыя зменіцца. Тым больш што ў гуртку займаюцца ажно 8 дзяўчат, хлопцаў на палову меней”, — гаворыць педагог.

Невербальныя праявы

У кожным раздзеле праграмы “Школы зносін” ёсць тэмы, якія выклікаюць у гурткоўцаў розны эмацыянальны водгук, нярэдка супрацьлеглы чаканням. Трэнінгавыя заняткі на тэмы эмоцый і заданні “Намалюй эмоцыю” цікавыя дзецям. А, напрыклад, дыспуты аб шкодных звычках і аб празмерным захапленні інтэрнэтам і віртуальным светам, гутаркі пра віды эмацыянальных перажыванняў, крыўды выклікаюць у дзяцей некаторае адмаўленне. 

Тэмы, звязаныя з абмеркаваннем сучаснай моўнай культуры і маладзёжнага слэнгу, інтэрнэт-лексікі, тэлефоннага і сеткавага этыкету лёгка ўспрымаюцца школьнікамі. Дзеці з задавальненнем прыгадваюць модныя ў моладзі слоўцы і абмяркоўваюць праблемы іх успрымання старэйшым пакаленнем. А абмеркаванне механізмаў псіхалагічнай абароны, спосабаў паводзін у сітуацыях псіхалагічнага націску часам “замыкаюць” гурткоўцаў.

Для таго каб падчас заняткаў было максімальна камфортна кожнаму, педагог распрацавала некалькі правіл:

1. Правіла “Тут і цяпер”: галоўнае тое, што адбываецца цяпер, якія пачуцці кожны адчувае ў дадзены момант. Асабліва гэта тычыцца заняткаў, на якіх мы гаворым пра эмоцыі, перажыванні, пачуцці.

2. Правіла “Стоп”: кожны мае права не гаварыць пра тое, чым яму некамфортна дзяліцца.

3. Правіла шчырасці: калі нехта вырашае гаварыць, то расказвае аб рэальных пачуццях.

4. Правіла “Я-выказвання”: гаворым толькі ад свайго імя.

5. Правіла прыватнасці: калі на занятках абмяркоўваліся асабістыя пытанні, мы не дзелімся гэтым за межамі групы.

6. Правіла эмацыянальнай адкрытасці: калі ты адчуваеш, што табе важна сказаць, абавязкова скажы.

7. Правіла рукі: падымаць руку, калі хочаш выказацца, не перабіваць іншых.

“Заўсёды шмат эмоцый выклікае даследаванне невербальных сродкаў зносін. Мы вывучаем паставы, жэсты, міміку, выкарыстоўваючы фотаматэрыялы, відэа, малюнкі. Навучэнцы спрабуюць вызначыць стаўленне суразмоўцы, вучацца адлюстроўваць жэсты, распазнаваць эмацыянальны стан чалавека. Цікава назіраць за тым, як пасля яны спрабуюць “падлавіць” аднагодкаў на няшчырасці зносін або нежаданні дзяліцца перажываннямі, акцэнтуючы ўвагу на паставе, размяшчэнні рук суразмоўцы. І канечне, яны пільна сочаць за маімі “невербальнымі праявамі”, — усміхаецца кіраўнік “Школы зносін”.

“Калі я бачу, што дзіцяці цяжка гаварыць на пэўную тэму і за гэтым ёсць канкрэтныя страхі, абавязкова працую з ім індывідуальна. Прашу не расказ-ваць сітуацыю, якая вызывае дыскамфорт, таму што ёсць рызыка таго, што дзіця яшчэ больш закрыецца, а прапаную спыніцца на пачуццях, агучыць іх. Пытаюся, як яшчэ можна было б прарэага-ваць на тое, што здарылася, і г.д.”, — тлумачыць Марына Сяргееўна.

Па падтрымку ці параду да педагога звяртаюцца і выпускнікі гуртка, і бацькі выхаванцаў. Іх хвалююць канкрэтныя пытанні, звязаныя з паводзінамі дзіцяці або адносінамі з ім. А камусьці проста неабходна выгаварыцца і важна, каб яго паслухалі. Марына Сяргееўна прызнаецца, што за ёй ужо трывала замацаваўся вобраз псіхолага, але яна гэтаму не супраціўляецца.

Педагог разам з выхаванцамі наведвае выставы, тэатральныя паказы, кінатэатр. Пасля кожнага выхаду — абавязковая рэфлексія.

“Мне здаецца вельмі ёмістым выраз Васіля Сухамлінскага: “Школьнік вывучае і пазнае многае пра зоркі, марскія глыбіні, далёкія галактыкі і элементарныя часціцы, дзяржаўны лад Старажытнага Егіпта і Вавілоніі, але не вывучае і нічога не ведае пра тое, што адбываецца ў яго ў галаве, калі ён успрымае і пазнае навакольны свет, як выхаваць чалавечую культуру ў самім сабе”. Мэты сваёй работы з гурт-коўцамі я бачу менавіта ў тым, каб дапамагаць ім успрымаць і сябе, і навакольны свет, пераконваць іх, што прасіць псіхалагічнай дапамогі — не сорамна, навучыць выкарыстоўваць і прымяняць атрыманыя веды ў мэтах уласнага развіцця. І самае галоўнае — навучыць дзяцей спраўляцца з тым негатывам, які можа адбывацца вакол іх, зрабіць іх псіхалагічна больш моцнымі, пашырыць іх эмацыянальную культуру”, — рэзюмуе Марына Сяргееўна.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота з архіва М.С.АНДРОСАВАЙ.