Выхаваўчая роля музея

- 15:46Нам пішуць

Штогод у цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Яшчэ ў 1996 годзе тут пачаў працаваць музей “Афганістан у душы маёй баліць”. Нядаўна музей рэканструявалі, і сёння яго дзверы зноў адчынены для наведвальнікаў. Цяпер гэта музей не толькі ў класічным яго разуменні, а сучасна абсталяваная пляцоўка з магчымасцю тактыльных і візуальных эфектаў.
Удзельнікі баявых дзеянняў у Афганістане, якія пражываюць у нашым горадзе, дапамагаюць музею: ад пастаяннага папаўнення яго фондаў да асабістага ўдзелу ў розных мерапрыемствах і занятках. Нярэдка падказваюць ідэі ў распрацоўцы новых формаў узамадзеяння з падрастаючым пакаленнем.Напэўна, кожнаму хацелася дакрануцца, патрымаць у руцэ экспанат або так ці інакш паспрабаваць яго ў дзеянні. Не трэба абмяжоўваць вучняў (хіба толькі з рэдкімі і дарагімі экспанатамі) — менавіта такі падыход да наведвальнікаў у нашым музеі. І гэта лепш прыцягвае і дапамагае засвоіць інфармацыю.

З нядаўніх часоў неад’емнай часткай усіх экскурсій стала квэст-гульня, папулярная сярод моладзі. Гэта свайго роду замацаванне атрыманых ведаў, але не ў выглядзе простых пытанняў з ланцужка “што? хто? калі?”. Гэта сапраўднае спаборніцтва паміж камандамі, калі на самыя розныя заданні і пытанні, уключаючы логіку і ўважлівасць, хлопцы і дзяўчаты шукаюць адказы. Такая форма не толькі дазваляе лепш засвоіць матэрыял, але і захапляе.

Карысны наш музей і для школьнікаў, у якіх ёсць інтарэс да напісання даследчых работ: дзеці часта выкарыстоўваюць экспанаты музея як фактычны матэрыял для даследаванняў. Ёсць і іншыя магчымасці для творчасці: напрыклад, ствараць відэаролікі. Кожны ахвотны зможа ажывіць пэўныя фотаздымкі на стэндзе ў сапраўдны відэааповед у сваім смартфоне з дапамогай спецыяльнай мабільнай праграмы. Такое ноу-хау вельмі захапляе маладое пакаленне. А ў цэлым музей, захоўваючы памяць аб падзеях Афганскай вайны і яе героях, служыць як пазнавальна-адукацыйнаму, так і грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню моладзі.

Дзяніс РУНЕЦ,
кіраўнік музея.