Выхаваўчы патэнцыял спартыўных класаў

- 11:40Навіны рэгіёнаў

З 2014 года ў нашай установе дзейнічаюць спецыялізаваныя спартыўныя класы, якія наведваюць дзеці, што плануюць прафесійна звязаць сваё жыццё са спортам. 

З’яўляюся класным кіраўніком такога класа пяты год. Пачалося ўсё з таго, што пяцікласнікі наведалі СДЮШАР побач са школай. Бацькі і дзеці пазнаёміліся з настаўнікамі-трэнерамі, вучэбнымі ўмовамі і перспектывамі рэгулярных заняткаў. Школьнікам былі прапанаваны секцыі дзюдо, гандбола (для хлопчыкаў і дзяўчынак) і футбола. 

У пачатку навучальнага года адбыліся пасвячэнне ў спартсмены і алімпійскі ўрок. Вучні азнаёміліся з дасягненнямі беларускіх спартсменаў, у тым ліку землякоў, прайшлі паласу перашкод, паўдзельнічалі ў віктарыне. 

Заслужаны трэнер БССР А.Б.Куркач ад імя Нацыянальнага алімпійскага камітэта па Брэсцкай вобласці ўручыў пяцікласнікам спецыяльныя дзённікі “Твае крокі да Алімпа”, якія змяшчаюць даведачна-ілюстрацыйны матэрыял пра айчынны алімпійскі рух, дзіцячыя алімпійскія гульні і еўрапейскія дзіцячыя алімпійскія фестывалі. Старонку “Твае дасягненні” дзеці запаўняюць на працягу кожнага навучальнага года. Гэта і ёсць іх першыя крокі да Алімпа. 

Пяты год мае выхаванцы здабываюць неабходныя веды, спасцігаюць прыгажосць спартыўнага руху, вывучаюць гісторыю спорту, удзельнічаюць у спартыўных спаборніцтвах і старанна выконваюць парады трэнераў. Многія з вучняў ужо маюць шмат медалёў і кубкаў за перамогі ў рэгіянальных, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Так, летась Мацвей Анікей заняў 2-е месца на рэспубліканскіх спаборніцтвах па дзюдо і стаў навучэнцам Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву. Не адстаюць ад дзюдаістаў гандбалісты і футбалісты.

Педагогі ўдзяляюць шмат увагі пытанням спартыўнага выхавання на класных і інфармацыйных гадзінах. Многія выхаваўчыя мерапрыемствы прысвечаны тэме спорту. Вучням прапануюцца праблемныя сітуацыі з жыцця знакамітых спартсменаў, калі даводзіцца выбіраць паміж перамогай любой цаной і высакароднасцю. Увага школьнікаў акцэнтуецца на тым, што спартсмены павінны добра ўсведамляць маральны бок узаемаадносін з сапернікам і паводзіць сябе належным чынам.

Педагогі праводзяць з выхаванцамі гутаркі, прысвечаныя фізкультурным ведам і прызначэнню фізічных практыкаванняў, вучаць узаемадзейнічаць адно з адным і сумленна змагацца, карыстацца спецыяльным абсталяваннем. У прыярытэце — самапазнанне і фарміраванне ўласнага фізічнага ідэалу. Падчас сістэматычных заняткаў дзеці ўсведамляюць сябе асобай і часткай навакольнага свету.

Фізкультурна-спартыўная дзейнасць звязана не толькі з фізічнымі, але і з эмацыянальнымі і інтэлектуальнымі намаганнямі, якія фарміруюць сацыяльную актыўнасць. Дзякуючы заняткам, у дзяцей выпрацоўваюцца такія важныя якасці, як працаздольнасць, самастойнасць, настойлівасць, адказнасць і інш. 

У бягучым навучальным годзе вучні спартыўных класаў працягваюць удасканальваць свае ўменні і навыкі. Акрамя таго, у школе з’явіўся спартыўна-педагагічны клас, выхаванцы якога наведваюць факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў спартыўна-педагагічныя прафесіі”. Іх мэта — сфарміраваць уяўленне пра спецыфіку прафесійнай дзейнасці, павысіць матывацыю для ўсвядомленага выбару спартыўна-педагагічных прафесій.

Я ганаруся сваімі вучнямі, іх поспехамі і перамогамі. Упэўнена, што ў будучыні яны праславяць не толькі Ляхавіччыну, але і ўсю Беларусь.

Людміла ХМАРУК,
класны кіраўнік 9 “В” класа сярэдняй школы № 2 Ляхавіч.