Выхаваўчыя знаходкі — і сабе, і людзям

- 11:31Навіны рэгіёнаў

Выхаваўчыя методыкі не могуць стаяць на месцы, яны павінны пастаянна развівацца, удасканальвацца. Каб выявіць і папулярызаваць самыя эфектыўныя методыкі і практыкі, у Мінскім раёне прайшла фарсайт-экспертыза педагагічных распрацовак. Сярод 43 прадуктаў была вызначна сямёрка пераможцаў. Яны былі прадстаўлены ў рамках калегіі ўпраўлення па адукацыі Мінскага райвыканкама ў бараўлянскай сярэдняй школе № 3.

Пад увагай экспертаў

Каб атрымаць поўную карціну выхаваўчага патэнцыялу педагогаў, у ацэнцы метадычных прадуктаў прынялі ўдзел 67 экспертаў. Гэта кіраўнікі школ і дашкольных устаноў, спецыялісты ўпраўлення па адукацыі, вучэбна-метадычнага кабінета, а таксама спецыя­лісты МГІРА.

Вольга Валер’еўна Наумовіч, загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета Мінскага раёна, адзначыла: “Сама па сабе тэхналогія фарсайт-экспертызы праду­гледжвае агляд, азнаямленне з рознымі варыянтамі метадычных распрацовак. У нашым выпадку гэта былі распрацоўкі асобна ўзятых вучэбных і факультатыўных заняткаў, выхаваўчых мерапрыемстваў, праграм, серый, сцэнарыяў, праектаў, медыяпрадуктаў — у выбары форм удзельнікаў мы не абмяжоўвалі. Тэхналогія праду­гледжвае прагляд, азнаямленне, ацэнку і экспертызу як мага большай колькасці кіраўнікоў устаноў адукацыі з як мага большай колькасцю эфектыўных распрацовак”.

На гэты раз былі заяўлены 43 прадукты. Сярод іх рашэннем калегіі былі вызначаны 7 лідараў, якія набралі найбольшую колькасць экспертных галасоў і былі рэкамендаваны да ўкаранення ў раёне.

Палова ўсіх распрацовак тычылася тэмы грама­дзянска-патрыятычнага выхавання. Так, была сістэмна прадстаўлена музейная педагогіка і арганізацыя пазакласных мерапрыемстваў у гэтым кірунку: работа клубаў, экскурсійных груп, стварэнне краязнаўчых сайтаў, фарміраванне лектарскіх груп. Заслугоўвае ўвагі створаны краязнаўчы сайт Азярцоўскай сярэдняй школы па этнаграфічнай прыналежнасці да гэтай мясцовасці з дапамогай краязнаўчых пошукавых работ. Сайт мае каштоўнасць у тым ліку для захопленых гісторыяй, родным краем, адукацыйным турызмам.

Другая палова работ — распрацоўкі самага рознага спектра. Гэта і экалагічнае выхаванне, і прафілактыка дарожна-транспартнага траўматызму, і навучанне паводзінам у сетцы інтэрнэт, і тэхналогіі па фарміраванні каманды і згуртаванні калектыву, гульні, квесты, STEAM-лабараторыі, тэхналогіі медыяцыі і дапоўненай рэальнасці ў выхаванні і інш.

Лідарская сямёрка

Лідарскую пазіцыю занялі педагогі сярэдняй школы № 3 Бараўлян, якія хочуць стварыць у сябе раённую стартап-школу, дзе навучанне эканамічнай і фінансавай дасведчанасці змогуць праходзіць усе жадаючыя навучэнцы раёна. Яны будуць мець магчымасць прай­сці ўсе этапы падрыхтоўкі сваіх прадуктаў ці праектаў, іх укаранення, пошуку інвестараў і г.д.

Упор будзе рабіцца на ўзаемадзеянні ўстановы адукацыі з іншымі ўстановамі інавацыйнай, адукацыйнай і ІТ-галіны. Як прыклад, былі прадэманстраваны праекты, якія ажыццяўляюцца сумесна з Мінскім гарадскім тэхнапаркам, у кірунку занятасці навучэнцаў у пазаўрочны час: праекты “Інжынерная школа”, “Стартап-школа”, аб’яднанне па інтарэсах “Маладзёжнае прадпрымальніцтва”. Галоўнай задачай гэтага ўзаемадзеяння стала развіццё маладзёжнага вынаходніцтва і рацыяналізатарства, фарміраванне даследчыцкіх навыкаў, развіццё талентаў і творчага патэнцыялу навучэнцаў, укараненне інавацыйных падыходаў да праектнай дзейнасці ў школе. Дарэчы, у гэтай школе ёсць фіналіст рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Таму павучыцца тут ёсць чаму.

Дзіцячы сад — сярэдняя школа Лашанаў прадставіў “Бібліятэку класнай гадзіны”. Гэта электронная падборка матэрыялаў па тэме грамадзянска-патрыятычнага выхавання, літаратуры пра родны край і ваенныя дзеянні ў гэтай мясцовасці. Такі механізм можна прымяніць у дачыненні да любой тэматыкі — гэта зручна і для аддаленай работы, і для выкарыстання ў пазакласных мерапрыемствах, карысна і бібліятэкару, і настаўніку-філолагу, і класнаму кіраўніку, і самім навучэнцам, напрыклад, удзельнікам літаратурных аб’яднанняў дзяцей, якія пішуць уласныя літаратурныя творы.

Экспертаў не пакінула раўнадушнымі і турысцка-краязнаўчае медыяпадарожжа “Азбука роднага краю” педагогаў Сеніцкай сярэдняй школы імя Янкі Купалы. Яго сутнасць у тым, што навучэнцы, уключаючыся ў сацыяльна значную практычную дзейнасць па вывучэнні роднага краю, асвойваюць методыку праектавання медыя­падарожжа, вучацца выкарыстоўваць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі і сацыяльныя інтэрнэт-сэрвісы для арганізацыі інтэрактыўнага ўзаема­дзеяння з соцыумам і інш. Педагогі пераасэнсавалі сістэму работы па фарміраванні сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў, змянілі падыходы да зместу адукацыйнага працэсу, не адмаўляючыся ад традыцый і ранейшых дасягненняў у гэтым кірунку.

Важнасць апісаных двух праектаў — у магчымасці іх пераносу ў любую ўстанову, у любы калектыў. Гэта вынік велізарнай даследчай работы навуковага таварыства навучэнцаў, класных кіраўнікоў, настаўнікаў-прадметнікаў. Форма апошняга — азбука: на кожную літару алфавіта выдаецца асацыяцыя з мясцовасцю, школай, рэгіёнам ці з купалаўскімі мясцінамі. Тэматыка выхо­дзіць за межы асобна ўзятага прадмета ці кірунку, тут пераплятаюцца і краязнаўства, і адукацыйны турызм, і пошукавыя, даследчыцкія кампетэнцыі.

Адным з прыярытэтных быў кірунак медыяпісьменнасці. Так, ажно два прызавыя месцы занялі праекты па школьнай журналістыцы. Гэта праект “ШИК” (“Школа інфармацыйных камунікацый”) бараўлянскай сярэдняй школы № 2 і школьная газета “Самае лепшае месца на Зямлі” ясляў-сада — сярэдняй школы в.Новае Поле.

“Школьныя газеты сёння набылі другое дыханне, нягледзячы на актуальнасць інтэрнэт-рэсурсаў і тэлеграм-каналаў. Цяпер дзеці зусім па-іншаму манціруюць, самі ўключаюцца ў творчыя групы-студыі па рабоце на школьным тэлебачанні, па стварэнні літаратурных часопісаў, выданняў, хронік. Школьнікі паказалі нам і гатовы фільм, і выпуск газеты. Упор робіцца не толькі на актыўную пазіцыю навучэнцаў у вучэбнай дзейнасці, але і на школьнае тэлебачанне і стварэнне школьнай газеты, — адзначыла В.В.Наумчык. — Сёння, у час блогерства, актыўных рэпартажаў проста неабходна, каб дзеці ўмелі ствараць такія рэчы — на зручных і даступных праграмах і інтэрфейсах. Гэта не патрабуе значных фінансавых выдаткаў — дастаткова камп’ютара з выхадам у інтэрнэт і з мінімальным праграмным забеспячэннем. Важна тое, што на першы план тут выходзяць і камунікацыя, і маўленчыя, пошукавыя навыкі, і ўменне прэзентаваць сябе — тое, што выходзіць за межы школьнай праграмы”.

Астрашыцка-Гарадоцкая сярэдняя школа паставіла ў цэнтр увагі развіццё чытацкай і творчай актыўнасці сваіх навучэнцаў. Галоўным інструментам для іх сталі сеткавыя бібліятэчныя акцыі. Усё пачыналася як ініцыятыва асобна ўзятага бібліятэкара для навучэнцаў сваёй школы, а сёння яна аб’яднала бібліятэкі ўстаноў адукацыі Беларусі, Расійскай Федэрацыі, Літвы.

“Нягледзячы на сучасную форму, мы культывуем у першую чаргу чытанне кніг, — расказвае загадчыца бібліятэкі гэтай школы і блогер Наталля Уладзіміраўна Амётава. — У нас ёсць для гэтых мэт інтэрактыўная пляцоўка — блог школьнай бібліятэкі “Гарадок імя Чэхава”, які з’яўляецца, з аднаго боку, візітоўкай нашай бібліятэкі, а з другога — “інтэрнэт-пляцоўкай сеткавай супольнасці крэатыўных бібліятэкараў Мінскай вобласці”. У блогу мы ствараем інфармацыйны прадукт, акцыю на пэўную тэматыку (Новы год, юбілей Перамогі, 23 лютага і інш.) і запрашаем да ўдзелу іншыя ўстановы адукацыі, культуры і інш. Гэтай дзейнасцю мы займаемся ўжо 5 гадоў, таму на фарсайт-экспертызу мы прадставілі не самі нашы мерапрыемствы, а метадычныя рэкамендацыі для ўстаноў адукацыі па іх арганізацыі. Я не знайшла ў Беларусі (ва ўсякім выпадку, у адрытым доступе) нічога падобнага, таму спадзяюся, што мая распрацоўка будзе карыснай, асабліва пры ўмовах дыстанцыйнага ўдзелу”.

Сярод лідараў аказаўся і фарсайт-праект “Прафесіі будучыні” Самахвалавіцкай сярэдняй школы. У гэтым прадукце, акрамя механізмаў зносін з дзецьмі, выбару праграм, планавання прафарыентацыйнай работы і інш., ёсць і дыдактычная гульня. Прадугледжана версія для смартфона і для камп’ютара. Гульцы падарожнічаюць па свеце прафесій і паглыблена вывучаюць тыя з іх, якія будуць актуальныя ў найбліжэйшыя гады.

Плануючы заўтра

Фарсайт-дыскусія адбылася ўпершыню, але стане традыцыйнай і будзе праводзіцца штогод на вясенніх канікулах. Па словах арганізатараў, наступнай тэмай можа стаць сфера дашкольнай адукацыі, у прыватнасці стварэнне адукацыйнага асяроддзя ўстаноў: розныя кампаненты і іх змест, створаныя педагогамі дыдактычныя гульні, інавацыі рэсурсных цэнтраў, якія ствараюцца ва ўстановах дашкольнай адукацыі.

Тэмамі для наступных фарсайт-дыскусій могуць стац­ь і формы эфектыўнай работы з высокаматываванымі навучэнцамі, бо кантынгент такіх дзяцей расце, а формы работы з імі развіваюцца. Будзе правільным зрабіць акцэнт і на новых формах работы з педагагічнымі кадрамі менавіта метадычнай службы ўстаноў адукацыі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прадастаўлены ўстановамі адукацыі.