Выхоўвае асобамі, выхоўвае патрыётамі

Цудоўны педагог, які бясконца любіць дзяцей і штодня дорыць ім гэтую любоў. Педагог, які пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку, прафесійна самаўдасканальваецца. Так характарызуюць выхавальніцу ясляў-сада № 7 Круглага Алену Чудакову. Толькі добрыя словы кажуць у яе адрас калегі, кіраўніцтва дашкольнай установы, бацькі выхаванцаў. Пра плённую працу Алены Мікалаеўны расказвала і “Настаўніцкая газета”. І вось зноў з’явілася нагода для сустрэчы: на абласном этапе Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” Алена Чудакова стала лепшым выхавальнікам дашкольнай адукацыі рэгіёна.

Дыплом пераможцы абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” А.М.Чудаковай уручае начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама А.Б. Заблоцкі.

Алена Мікалаеўна з самага дзяцінства марыла працаваць з дзецьмі. І ўжо тады дакладна ведала: будзе педагогам. Сваю дзіцячую мару яна ажыццявіла і на працягу ўжо 14 гадоў штодзённа акружае любоўю, душэўнай цеплынёй і ласкай выхаванцаў ясляў-сада № 7 Круглага.

За час сваёй педагагічнай дзейнасці яна падрыхтавала да школы дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчынак, а таксама зарэкамендавала сябе як творчы, дасведчаны, ініцыятыўны педагог. Галоўнай у сваёй працы А.М.Чудакова лічыць асобу дзіцяці. Да кожнага малыша яна заўсёды шукае падыход, які будзе спрыяць максімальнаму развіццю яго здольнасцей, асобасных і маральных якасцей. Для дасягнення гэтай мэты Алена Мікалаеўна шырока выкарыстоўвае сучасныя педагагічныя тэхналогіі.

— Я працую ў спецыяльнай групе для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, і для мяне вельмі важна дасягнуць паляпшэння здароўя кожнага выхаванца. А гэта немагчыма без выкарыстання ў рабоце перадавых адукацыйных методык. Я актыўна прымяняю на занятках тэхналогію рашэння інтэлектуальных задач, тэхналогіі праблемнага, дыферэнцыраванага, праектнага навучання, кейс-тэхналогію, — паведаміла А.М.Чудакова.

Асаблівую ўвагу А.М.Чудакова ­ўдзяляе патрыятычнаму выхаванню дзяцей. Па яе меркаванні, фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму адыгрывае велізарную ролю ў агульным станаўленні асобы дзіцяці.

— Асэнсаванне дзіцем сваёй нацыянальнай прыналежнасці, яго станаўленне як грамадзяніна сваёй краіны неабходна пачынаць з ранняга ўзросту. І ў гэтай працы вельмі вялікая роля адводзіцца дашкольнай установе, бо гэта ўнікальная адукацыйная прастора, у якой малыш назапашвае свой першы вопыт сацыяльных сувязей, адносін з людзьмі, заснаваных на этычных нормах і правілах. У вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі глыбока і паслядоўна раскрываецца сэнс паняцця “Радзіма”. Але ў кожным рэгіёне Беларусі свая гісторыя, непаўторная абраднасць, эпас, матэрыяльная культура. І калі мы хочам, каб дзеці палюбілі сваю Радзіму, свой горад, нам трэба паказаць іх з прывабнага боку. З гэтай мэтай у нашым дзіцячым садку не першы год рэалізуюцца адпаведныя рэспубліканскія інавацыйныя праекты, у якіх мы з выхаванцамі прымаем актыўны ўдзел. Так, фарміраванню патрыятычных пачуццяў у маіх выхаванцаў вельмі паспрыяў наш удзел у рэспубліканскім праекце “Укараненне мадэлі фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці навучэнцаў у рамках арганізацыі і дзейнасці рэгіянальных віртуальных музеяў”. Падчас яго рэалізацыі мы разам з дзецьмі распрацавалі старонкі “Кнігі пра маіх землякоў” выдання “Сімвал майго горада”, — расказала Алена Мікалаеўна.

Алена Мікалаеўна бясконца любіць сваіх выхаванцаў. Малышы адказва­юць ёй узаемнасцю.

У мінулым годзе ў 7-м яслях-са­дзе пачалі работу над новым інавацыйным праектам — “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў на аснове стварэння і рэалізацыі турыстычна-краязнаўчых медыяпадарожжаў”. Мэта гэтай інавацыі — падрыхтоўка і правядзенне для дзяцей турысцка-краязнаўчых медыяпадарожжаў. Да яе ажыццяўлення актыўна падключылася і А.М.Чудакова са сваімі выхаванцамі.

— Медыяпадарожжы дазваля­юць рэалізаваць у практыцы грама­дзянска-патрыятычнага выхавання прынцып нагляднасці, спрыяюць павышэнню пазнавальнай актыўнасці выхаванцаў. Вядома, медыяпадарожжы не могуць і не павінны замяніць сапраўдныя вандроўкі з іх непаўторнай гамай яркіх адчуванняў і ўражанняў. Аднак яны дапамагаюць дзецям убачыць любы куток зямлі. Медыяпадарожжы, якія распрацаваны ў нашай дашкольнай установе, уключаюць панарамныя здымкі, відэа- і аўдыяфайлы, карты, планы, спасылкі, падказкі, тэкставую інфармацыю, розныя спецэфекты. Яны адрозніваюцца сваёй даступнасцю. Кантэнт на большасці відэахостынгаў бясплатны, бо ён ствараецца самімі карыстальнікамі. Працягласць нашых медыяпадарожжаў не перавышае 10 мінут, што якраз падыходзіць для малодшай узроставай катэгорыі гледачоў. Гэта кардынальнае адрозненне ад тэлевізійнага падарожжа, у якім хранаметраж вагаецца ад 40 да 60 мінут. Кожнае наша медыяпадарожжа — гэта не проста выбарка цікавых месцаў для экскурсій, гэта цэлая гісторыя пра канкрэтны гістарычны аб’ект нашай Радзімы, — адзначыла Алена Мікалаеўна.

Паводле яе слоў, у працэсе даследчай дзейнасці і выканання індывідуальных творчых заданняў разам з выхаванцамі яна распрацавала сучасныя медыярэсурсы. Яны ўключаюць электронныя мультымедыйныя прэзентацыі па блоках: пра горад Круглае і яго ваколіцы, пра нашу краіну, прыроду роднага краю, знакамітых землякоў. Акрамя таго, А.М.Чудакова стварыла аўтарскую інтэрактыўную гульню для да­школьнікаў “Пазл-падарожжа з лялькай Ярынкай”, віртуальныя альбомы: “Чырвоная Кніга Кругляншчыны”, “Беларускія народныя гульні”, “Святы нашых продкаў”.

— Медыяпадарожжы сталі неад’емнай часткай нашага адукацыйнага працэсу. Яны дазваля­юць актывізаваць самастойную дзей­насць выхаванцаў, даюць магчы­масць адбору інфармацыі, індывідуальнага выбару тэмпу работы, зыходзячы з узроўню сфарміраваных уяўленняў дзіцяці. Выкарыстанне ў рабоце з выхаванцамі патэнцыялу сучасных адукацыйных тэхналогій спрыяе якаснаму выкананню задач вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі і засваення зместу распрацаванай мадэлі фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый дзяцей. Менавіта таму ў найбліжэйшай будучыні планую працягваць працаваць у гэтым кірунку. Зараз ствараю цыкл турысцка-краязнаўчых медыяпадарожжаў “Сцяжынкамі роднай зямлі”, з якімі маю намер прыняць удзел у міжнародных праектах, накіраваных на пазнанне навакольнага свету праз паглыбленне ведаў пра сваю краіну, — падкрэсліла А.М.Чудакова.

Імкненне да пастаяннага прафесійнага самаразвіцця прывяло Алену Мікалаеўну да ўдзелу ў абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”. Адметна, што для яе такі вопыт быў не новым.

— Як гаворыць народная мудрасць, двойчы ў адну раку не ўвайсці. У маім выпадку ўсё аказалася інакш. Прытрымліваюся думкі, што сучаснаму педагогу неабходна пастаяннае самаразвіццё. Гэтага патрабуюць ад нас сучасныя рэаліі. Таму я заўсёды ў творчым пошуку, заўсёды імкнуся да прафесійнага ўдасканалення. У 2013 годзе стала прызёрам абласнога конкурсу “Лепшы выхавальнік”. І вось праз сем гадоў вырашыла зноў паспрабаваць свае сілы ў конкурсе прафесійнага майстэрства. На спаборніцтва ішла не па перамогу. Яна стала нечаканай. Галоўным для мяне было пашырыць прафесійныя гарызонты, пазнаёміцца з перадавым вопытам калег. Усё гэта я набыла. Наогул, удзельнічаючы ў конкурсе я чарговы раз пераканалася: якой бы працай ні займаўся чалавек, ён павінен выконваць яе якасна і прафесійна, — падзялілася Алена Мікалаеўна.

Плённая педагагічная дзей­насць А.М.Чудаковай неаднаразова была адзначана. Выхавальніца ўзнагародж­валася ганаровымі граматамі мясцовых выканаўчых улад, станавілася ўладальнікам звання “Лепшы па прафесіі”, атрымала падзяку ад прэм’ер-міністра рэспублікі. Тое, што яе праца не застаецца незаўважанай, для Алены Мікалаеўны важна і каштоўна. Але сваім галоўным дасягненнем яна лічыць не ўласныя, а дзіцячыя поспехі. А яшчэ для яе асабліва важна, каб штодзённае знаходжанне ў дзіцячым садзе прыносіла малышам толькі радасць. Падрастаючы, хлопчыкі і дзяўчынкі сыходзяць з дзіцячага садка ў школьнае жыццё, але ў сэрцы гэтай выхавальніцы кожны малыш застаецца назаўсёды. На змену адным дзецям прыходзяць іншыя. І зноў яна бярэ іх за руку і вядзе ў свет казачнага дзяцінства.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.