Выхоўваем маленькіх рыцараў і прынцэс

Ужо ў дашкольным узросце неабходна фарміраваць у дзяцей уменне ўзаемадзейнічаць з супрацьлеглым полам, здольнасць прымаць на сябе ролю хлопчыка або дзяўчынкі, правільна размяркоўваць свае абавязкі. Работу па фарміраванні такіх уменняў я праводжу са сваімі выхаванцамі на працягу трох гадоў.

Перш чым пачаць гэтую работу, я вывучыла навуковую літаратуру і педагагічную практыку па фарміраванні гендарнай культуры ў дзяцей, а таксама вызначыла іх стартавыя магчымасці ў гэтым пытанні, удакладніла, наколькі ў ім кампетэнтныя бацькі.
У першую чаргу ў групе дзіцячага сада неабходна было стварыць развіццёвую прастору для гульняў — асобную для хлопчыкаў і асобную для дзяўчынак, падабраць адпаведныя цацкі, унесці розныя маркёры з акцэнтам на гендарную ідэнтычнасць (на шафах для адзення, у туалетным пакоі, на шклянках для паласкання рота).
Разам з бацькамі мы вырабілі атрыбуты да сюжэтна-ролевых гульняў: “Сям’я”, “Салон прыгажосці”, “Хуткая дапамога”, “Кафэ”, “Пажарная служба”, арганізавалі выставу фотарэпартажаў “Мая сям’я”, “Мой тата”, склалі калаж “Сябруюць у нашай групе дзяўчынкі і хлопчыкі”, прыдумалі разам з дзецьмі схемы-дзеянні, якія адлюстроўваюць культурныя эталоны паводзін дзяўчынак і хлопчыкаў. Была падабрана дзіцячая мастацкая літаратура, ілюстрацыі, карціны, фотаздымкі, аўдыя- і відэазапісы.
Ва ўстанове быў створаны цэнтр тэатральнай дзейнасці з багатай атрыбутыкай: тэатральныя шырмы, настольны, пальчыкавы, ценявы тэатр, тэатр губак, тэатр эстрады і акцёрскай ігры, маскі, касцюмы, дэкарацыі.
Мной быў распрацаваны комплекс мерапрыемстваў па выхаванні асноў гендарнай культуры ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту. Асновай паслужыла праграма І.П.Шалухіной “Хлопчыкі і дзяўчынкі”. Комплекс складаецца з трох раздзелаў:
* “Мужчына і жанчына — якія яны?” Мэта: сфарміраваць у дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту ўяўленне пра ролю і занятасць мужчыны і жанчыны ў сям’і, пра іх узаемаадносіны.
* “Я — хлопчык, будучы мужчына. Я — дзяўчынка, будучая жанчына”. Мэта: сфарміраваць у старэйшых дашкольнікаў перадумовы мужнасці і жаноцкасці, правільнае разуменне будучых жаночых і мужчынскіх роляў, эмацыянальна-станоўчыя адносіны да выканання будучай сацыяльнай ролі.
* “Маленькія рыцары і маленькія прынцэсы”. Мэта: спрыяць развіццю ўяўленняў пра адрозненні паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі — як у знешнім абліччы, так і ў характары і паводзінах, выхоўваць культуру зносін у розных сітуацыях і гульнявой дзейнасці.
Навучанне і выхаванне дашкольнікаў адбываецца не толькі на занятках, але і ў працэсе гульнявой, працоўнай, пазнавальна-практычнай, мастацкай дзейнасці. У рабоце я выкарыстоўваю казкі, прыказкі, прымаўкі, мацярынскі фальклор, рэпрадукцыі карцін вядомых мастакоў, тэатралізаваныя цацкі, дыдактычны матэрыял, тэхнічныя прылады.
У рабоце з дзецьмі прымяняю наступныя метады: слоўныя (аповед, размова, чытанне мастацкай літаратуры), пазнавальна-практычныя (праблемныя сітуацыі, мадэляванне сітуацый, прагназаванне сітуацый, схемы-дзеянні), гульнявыя (сюжэтна-ролевыя гульні, гульні-драматызацыі, рэжысёрскія, дыдактычныя, развіццёвыя гульні), наглядныя (дэманстрацыя наглядных дапаможнікаў).
На занятках праводжу гутаркі “Я — хлопчык. Я — дзяўчынка”, “Што азначаюць нашы імёны?”, “Мой любімы казачны герой”, раблю паведамленні “Як я клапачуся пра сваё здароўе”, дапамагаю фарміраваць у старэйшых дашкольнікаў уяўленні пра сябе. Развіццёвыя гульні “Маленькія мудрацы”, “Назаві імя”, “Складзі мадэлі”, “Угадай, хто гэта?” дазваляюць замацаваць у дзяцей уяўленні пра свет людзей, уменні адрозніваць іх па ўзросце і поле, дапамагаюць усвядоміць значнасць імя для самога дзіцяці.
Нашы бацькі і дзеці ўдзельнічаюць у сумесных спартыўных святах “Мама, тата, я — спартыўная сям’я”, конкурсах “Гульні для сапраўдных мужчын”, выставах “Маленькія шэдэўры”, у святах “Абаронцы айчыны”, “Мама — слова дарагое”, конкурсах “Гатуем з мамай, гатуем з татам”, “Мая дружная сямейка”, “Мая сям’я” (фотарэпартаж), разам рыхтуюцца да спектакляў.
Фарміраванню правільных уяўленняў пра сяброўства і сям’ю спрыяе чытанне і абмеркаванне твораў М.Носава “Фантазёры”, А.Барто “Малодшы брат”. Таксама я выкарыстоўваю размовы на этычныя тэмы: “Мужчынская і жаночая работа”, “Самае роднае ў жыцці”, “Чым я магу дапамагчы маме і тату?”; мадэляванне сітуацый — “Сямейнае свята”, “Прыбіранне ў кватэры”, “Догляд хворага”, прагназаванне сітуацый — “Каб стаць добрым бацькам, трэба…”; разгляданне рэпрадукцый карцін з выявай маці, Мадонны з дзіцем: “Сіксцінская Мадонна”, “Мадонна са шчыглом” (Рафаэль), “Маці” (А.Дайнека), “Куст руж” (М.Савіцкі).
Станоўчыя якасці казачных герояў, такіх як Іван-царэвіч, волаты (працавітасць, вернасць, дабрыня, гатоўнасць прыйсці на дапамогу) з’яўляюцца арыенцірам для выхавання мужнасці ў хлопчыкаў. Казкі “Сястрыца Алёнушка і браток Іванушка”, “Васіліса Прыгожая”, “Царэўна-жаба” развіваюць уяўленні дзяўчынак пра жаноцкасць. Выкарыстанне метадаў арт-тэрапіі і элементаў казкатэрапіі дапамагаюць спланаваць карэкцыйную работу з дзецьмі, у якіх склаліся няправільныя стэрэатыпы паводзін.
Вялікую ўвагу ўдзяляю пераадоленню раз’яднанасці паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі пры арганіазцыі сумесных гульняў (сюжэтна-ролевых, гульняў-драматызацый), у працэсе якіх дзеці павінны дзейнічаць разам, але пры гэтым хлопчыкі — прымаць на сябе мужчынскія ролі, а дзяўчынкі — жаночыя. Удзел у сюжэтна-ролевых гульнях дапамагае дзецям усвядоміць сваю прыналежнасць да сям’і, зразумець сэнс сітуацыі зносін з дарослымі (маці, бацька, бабуля, дзядуля), равеснікамі і іншымі дзецьмі (браты, сёстры), сфарміраваць пачуццё калектывізму і лідарства ў дзяўчынак і хлопчыкаў.
На занятках я спецыяльна ствараю праблемныя сітуацыі, блізкія да разумення дзецьмі: “Ці можа сям’я абысціся без мамы?”; тэатралізаваныя праблемныя сітуацыі, калі казачныя персанажы, феі, рыцары дэманструюць некалькі мадэляў паводзін, а дзеці выбіраюць з іх самую правільную (творчая гульня “Раскрый тайны, сэнсы і каштоўнасці “мужчынскага” (“жаночага”) учынку)”; сімвалічную гульню “Хто жыве ў тваім сэрцы”, абыгрыванне сюжэтна-ролевых гульняў “Пажарная служба”, “Сям’я”, “Мама гатуе”, “У таты выхадны”. Стараюся ўздзейнічаць на эмоцыі дзяцей (заахвочванне самаробным значком “За дабрыню і гераічную сілу”, “За дапамогу прыгожаму полу”).
З часам для хлопчыкаў становіцца прывычным уступаць месца старэйшым, прапускаць дзяўчынак уперад, адчыняць перад імі дзверы, прапаноўваць сваю дапамогу, рабіць кампліменты. Дзяўчынкі дэманструюць хлопчыкам удзячнасць за іх увагу, клапоцяцца пра іх. Уклад бацькоў у выхаванне дзяцей залежыць ад агульнай атмасферы ў сям’і, сістэмы адносін дарослых членаў сям’і адно да аднаго і да дзіцяці. Аднак не заўсёды адносіны да дзіцяці і тактыка бацькоў з’яўляюцца пазітыўнымі. Для таго каб забяспечыць паўнавартаснае развіццё дзіцяці ў сям’і з улікам яго гендарных асаблівасцей, бацькі павінны быць кампетэнтнымі ў гэтым пытанні.
Выніковасць вопыту па фарміраванні гендарнай культуры ў старэйшых дашкольнікаў я вызначыла шляхам дыягностыкі сфарміраванасці ў іх гендарнай культуры. У дыягнастычнай рабоце ўдзельнічалі 20 дашкольнікаў старэйшай групы ясляў-сада № 10 Навагрудка і 35 бацькоў. Я брала інтэрв’ю ў старэйшых дашкольнікаў (“Хто ты!”), праводзіла гутаркі (выяўленне якасцей мужнасці і жаноцкасці), прапаноўвала заданні тыпу “Закончы сказ”, назірала за дзецьмі (у гульні, на прагулцы, у самастойнай дзейнасці). Узровень гендарнай кампетэнтнасці бацькоў вызначала па выніках анкетавання.
Работа ў гэтым напрамку дапамагла большасці дзяцей групы атрымаць дастатковы аб’ём ведаў і ўяўленняў пра сябе. Дзеці разумеюць сваю сацыяльную ролю ў сучаснасці і будучыні. Далейшага ўдасканалення патрабуе сістэма работы па фарміраванні гендарнай культуры ў старэйшых дашкольнікаў, якія выхоўваюцца ў няпоўных сем’ях.
Былі выяўлены і негатыўныя фактары, якія ўплываюць на развіццё гендарнай культуры ў старэйшых дашкольнікаў: адсутнасць мадэляў паводзін бацькоў і/або недастатковая роля бацькоў у фарміраванні гендарнай культуры; уплыў асяроддзя, якое адлюстроўвае размытасць меж мужчынскіх і жаночых паводзін; фемінізацыя выхаваўчага працэсу і недастатковая кампетэнтнасць педагогаў у пытаннях фарміравання гендару.

Людміла КАРАМЫШАВА,
выхавальнік ясляў-сада № 10 Навагрудка.