Выхоўваем патрыятызм з дзяцінства

- 11:33Навіны рэгіёнаў

У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 8 Магілёва праводзіцца значная работа па прывіцці дзецям дашкольнага ўзросту любові да гістарычнага мінулага і культуры свайго народа, па выхаванні пачуцця павагі да старэйшага пакалення, гордасці за свой родны край. Установа з’яўляецца ўдзельніцай рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці навучэнцаў у рамках арганізацыі і дзейнасці рэгіянальных віртуальных музеяў”.

Рэалізацыя праекта з мэтай фарміравання ў дзяцей дашкольнага ўзросту грамадзянскай ідэнтычнасці адбываецца ў розных напрамках. Вялікае адукацыйнае значэнне мае зварот да  спадчыны рэгіёна, бо шмат па­дзей на Магілёўшчыне звязана з гісторыяй Айчыны, а родныя мясціны — гэта самы блізкі куток краіны, які можна пазнаць і даследаваць. Праз выкарыстанне праектна-даследчай дзейнасці выхаванцы старшых груп даведваюцца пра назвы вуліц горада, гісторыю нацыянальнага касцюма, знаёмяцца з традыцыямі беларускага народа. Напрыклад, у рамках пазнавальнага праекта “Беларуская нацыянальная кухня” з выхаванцамі былі праведзены заняткі па азнаямленні з асаблівасцямі гатавання беларускіх страў. Вынікам праекта стала прэзентацыя прысмакаў беларускай кухні, якія гатавалі дзеці разам з бацькамі. Выхаванцы з задавальненнем расказвалі пра любімую страву і прапанавалі гледачам іх паспрабаваць.

Асаблівая ўвага ў нашай установе аддаецца выхаванню сапраўднага грамадзяніна праз фарміраванне пачуцця прыхільнасці да блізкіх і родных лю­дзей, дома, да жыцця краіны, павагі да старэйшых. У выніку мэтанакіраванага ўключэння ў працэс навучання культурна-гістарычнай спадчыны свайго рэгіёна да дзяцей паступова прыходзіць разуменне пачуцця любові да Радзімы.

Значную ролю ў працэсе далучэння дашкольнікаў да спадчыны роднай краіны мае наведванне абласнога мастацкага музея імя Масленікава і абласнога краязнаўчага музея імя Раманава. У ходзе такой работы дашкольнікі знаёмяцца з гістарычнымі асаблівасцямі жыцця, культуры, традыцыямі беларускага народа.

Узаемасувязі  гі­сторыі і культуры ў рамках фарміравання грамадзянскай і актыўнай жыццёвай пазіцыі служаць незабыўныя экскурсіі па абласным цэнтры. Мэтай такіх экскурсій з’яўляецца не толькі азнаямленне дашкольнікаў са славутасцямі горада, але і пашырэнне ведаў пра баявыя подзвігі народа, гістарычнае мінулае, сучаснасць і будучыню, выхаванне любові да роднага краю. Атрыманыя веды дзеці замацоўваюць у гульнявой, працоўнай і прадукцыйнай дзейнасці. З цікавасцю старэйшыя дашкольнікі, выкарыстоўваючы атрыманы фотаматэрыял у працэсе экскурсій, праводзяць віртуальныя падарожжы па родным горадзе для іншых выхаванцаў дашкольнай установы і сваіх бацькоў.

Акрамя заняткаў, віртуальных падарожжаў, размоў, прагляду і чытання мастацкай літаратуры, нашы выхаванцы перыядычна сустракаюцца з ветэранамі і пажылымі людзьмі, якія пражываюць у Магілёўскім спецыяльным доме для ветэранаў, састарэлых і інвалідаў. Педагогі разам з дзецьмі загадзя рыхтуюцца да такіх памятных сустрэч. У метадычнай скарбонцы музычных кіраўнікоў шмат цікавых мерапрыемстваў: святочныя праграмы, акцыі і канцэрты, прысвечаныя розным падзеям, знамянальным датам. Выхаванцы пад кіраўніцтвам педагогаў дашкольнай установы з задавальненнем прыходзяць у госці да старых адзінокіх людзей, каб падарыць ім усмешкі,  стварыць добры настрой  і перадаць цёплыя пачуцці ў святочныя дні. 

Так, узімку нашы дзеці наведалі пажылых людзей са святочнай праграмай “Вясёлыя калядкі”, якая была  насычана беларускімі народнымі песнямі, танцамі, жартоўнымі вершамі, забаўлянкамі з пажаданнем добрага здароўя і доўгага жыцця. У госці да ветэранаў дашкаляты прывялі з сабой казачных персанажаў: Казу, Мядзведзя, Зорканошу, Цыганку. Адметна, што да такіх спраў далучаюцца таксама бацькі нашых выхаванцаў, якія не толькі суправаджаюць дзяцей, але і прымаюць удзел у вырабе атрыбутаў да свят і віншавальных паштовак для ветэранаў.

З вялікай цікавасцю і захапленнем дзеці 5—6 гадоў наведваюць  ветэранаў, знаёмяцца з людзьмі, якія праславілі наш край, з першых вуснаў атрымліваюць інфармацыю аб тым, што давялося перажыць адважным героям, якія абаранялі нашу родную зямлю. Дзякуючы такім сустрэчам, у дашкалят фарміруецца павага да гісторыі свайго народа, развіваецца пачуццё гордасці за сваю малую радзіму і закладваюцца асновы грамадзянства і патрыятызму.

Ірына ЗАГОРСКАЯ,
намеснік загадчыка дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 8 Магілёва.