Выхоўваем разам

На працягу некалькіх гадоў у нашай школе традыцыйнымі сталі пераднавагоднія сустрэчы сямейнага клуба “Выхоўваем разам”, які аб’ядноўвае настаўнікаў, апекуноў, зацікаўленых бацькоў, у тым ліку са шматдзетных сямей. Пераднавагодняя казачная атмасфера па-асабліваму ўплывае на настрой як дзяцей, так і дарослых, і менавіта таму сустрэчы атрымліваюцца сапраўды сямейныя, душэўныя, шчырыя.

Вось і сёлета клуб заклікаў сяброў на сямейную квэст-вечарыну “Маленькія сакрэты выхавання ў вялікай сям’і”. Эпіграфам сустрэчы сталі словы Д.Болдуіна “Деці не заўседы ўмеюць слухаць дарослых, але яны вельмі добра ўмеюць іх капіраваць”. У сустрэчах з вялікім задавальненнем бяруць удзел не толькі мамы, але і таты.

Асноўная мэта пасяджэння клуба — трансляцыя пазітыўнага досведу сямейнага выхавання. На працягу сустрэчы бацькі і дзеці шукалі адказы на пытанні, якія хвалююць многіх: ці умеем мы слухаць адзін аднаго? у чым праяўляецца адказнасць? ці заўседы мы паступаем правільна? як не дапусціць памылку?

Бацькі падзяліліся сваімі маленькімі сакрэтамі. У сям’і Емельяновіч выхоўваюцца 6 дзетак, усе члены сям’і шануюць сямейныя традыцыі, ганарацца памяццю продкаў, любяць і паважаюць беларускую мову. У сям’і Гесць выхоўваюцца 4 дзетак. Гэта вельмі творчая, крэатыўная, лёгкая на пад’ём і музычная сям’я. У сем’ях Бужынскіх, Шастак, Маляўскіх выхоўваюцца па 3 дзяўчынкі, іх таты расказалі, як ладзяць з дзяўчынкамі і што робяць, каб стаць для іх эталонам сапраўднага мужчыны. А вось у сям’і Цуран, наадварот, выхоўваюцца 3 хлопчыкі, і мама адчувае асаблівую ўвагу і клопат.

Сем’і ўсе розныя, але ёсць адно галоўнае, што іх яднае: любоў — любоў да бацькоў, дзяцей, блізкіх, любоў і павага да памяці продкаў. Гэта і ёсць галоўны сакрэт выхавання.

Алена КРАСКОЎСКАЯ,
педагог сацыяльны Нягневіцкай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.