Выхоўваем у дзяцей любоў да роднай мовы

У нашым яслях-садзе было вырашана дзейнічаць у напрамку выхавання ў дзяцей любові да роднай мовы, павагі да звычаяў і традыцый свайго народа.

Памятаючы пра тое, што ўсё пачынаецца з сям’і, была арганізавана сумесная работа з бацькамі выхаванцаў. З імі быў праведзены шэраг кансультацый (“Выхоўваем маленькага грамадзяніна”, “Далучэнне дзяцей да даступных мастацкіх твораў”, “Мова продкаў і нашчадкаў”), дзелавая гульня “Матуля, раскажы мне казку”, круглы стол “Як выхаваць беларуса”, конкурс сямейных часопісаў “Нашы любімыя творы”, бацькі ўключаліся ў работу матулінай школы, знаёміліся з беларускімі калыханкамі і забаўлянкамі і г.д.

 Гэтая работа дазволіла не толькі вызначыць магчымасці бацькоў у валоданні роднай мовай, але і спрыяла павышэнню іх зацікаўленасці ў яе вывучэнні, замацаванню ў іх уяўленняў аб значнасці беларускай літаратурнай творчасці ў выхаванні асноў нацыянальнай самасвядомасці дзяцей. Выстава дзіцячай літаратуры, якая была арганізавана ў групе, стала штуршком да папаўнення хатніх бібліятэк творамі беларускіх дзіцячых паэтаў і празаікаў, для таго каб бацькі пачалі чытаць дзецям мастацкія творы на беларускай мове.

Выхаванне ў дзяцей цікавасці да роднай мовы пачалося з прагляду пастановак Слонімскага драматычнага тэатра “Новы калабок”, “Кот у ботах”, “Белая мыш”, “Чароўнае люстэрка”, “Хачу быць чараўніцай”, “Патэлефануйце Снягурцы”, якія станоўча паўплывалі на светапогляд выхаванцаў, палепшылі іх адносіны да беларускай мовы.

Свае артыстычныя здольнасці дзеці дэманстравалі ў час гульняў-драматызацый па матывах беларускіх казак “Курачка Рабка”, “Зайкава хатка”, “Каза-манюка”, “Коцік, пеўнік і лісіца”, “Пшанічны каласок”, “Як курачка пеўніка ратавала”. Малыя з задавальненнем адлюстроўвалі паводзіны і ўзаемаадносіны паміж героямі. У выхаванцаў штодня пашыраўся актыўны і пасіўны слоўнікавы запас, замацоўваліся паняцці аб змесце казак, асаблівасцях характару персанажаў. Потым гэтыя веды яны прымянялі ў гульнях “Які герой лішні”, “Пазнай па апісанні”.

Важнае месца адводзілася рабоце па развіцці ў выхаванцаў адчування прыгажосці паэтычнага маўлення, імкнення да яго запамінання і ўзнаўлення. Знаёмства з творчасцю беларускіх паэтаў Якуба Коласа, Янкі Купалы, Эдзі Агняцвет выклікала ў выхаванцаў ціка­васць да гучання мастацкага слова. Паэтычныя творы пашыралі кругагляд выхаванцаў, адкрывалі ім навакольны свет, зацікаўлівалі не толькі гучаннем слова, але і зместавым напаўненнем. Дзеці знаёміліся з пэўнымі жанрамі мастацкіх твораў, іх прыгожай, вобразнай мовай, з задавальненнем чыталі вершы, інсцэніравалі любімыя творы: пацешкі “Кукарэку, певунок”, “Ягорачка”, “Іграў я на дудцы”, вершы Р.Барадуліна “Ай! Не буду! Не хачу!”, Якуба Коласа “На рэчцы зімой”, І.Муравейкі “Адмарозіў лапкі”.

Наступным этапам работы стала навучанне выхаванцаў выразнасці роднай мовы праз складанне рыфмаваных твораў, для чаго быў распрацаваны спецыяльны алгарытм.

Алгарытм складання вершаванага твора:

— выбраць аб’ект, пра які мы збіраемся складаць твор;

— падабраць слова-рыфму да аб’екта;

— падабраць прыметнікі да слова-аб’екта і яго рыфмы. Аб’ект які?;

— падабраць дзеянні самаго аб’екта ці дзеянні, якія выконваюцца з ім;

— ахарактарызаваць узаемаадносіны аб’екта з іншымі прадметамі, жывымі істотамі;

— прыдумаць назву твора.

Вось рыфмаваны твор, які склалі выхаванцы старэйшага дашкольнага ўзросту, выбраўшы аб’ект — здароўе.

Моцнае здароўе

Жыло-было моцнае здароўе,

Яно было рознакаляровае, як надвор’е.

Здароўе трэба правільна карміць, паіць і гартаваць,

На свежым паветры з ім гуляць.

Здароўе любіць мірна, радасна з усімі жыць,

Шчыра сябраваць і ніколі не тужыць!

Вынікам праведзенай работы стала тое, што выхаванцы з задавальненнем і жаданнем размаўляюць па-беларуску, цікавяцца творамі беларускага фальклору, звычаямі, абрадамі продкаў, яны актыўныя ўдзельнікі беларускіх народных свят, гульняў, забаў.

Вольга КАСЦЮКЕВІЧ,
выхавальніца ясляў-сада № 16 Слоніма.