Выхоўваем з мясцовым каларытам

Любоў да Радзімы пачынаецца з сям’і, якая адыгрывае вялікую ролю ў перадачы культурнага кода нашчадкам. Задача школы — стварыць умовы для перадачы народных рамесніцкіх традыцый ад бацькоў да дзяцей, каб захаваць сувязь пакаленняў, сфарміраваць нацыянальную свядомасць. З дапамогай мам, татаў і мясцовых майстроў-рамеснікаў у нашай гімназіі рэалізаваны творчы праект “Мастацтва з мясцовым каларытам”, які далучае вучняў да дэкаратыўна-прыкладной творчасці малой радзімы.

Ганцавіччына — край з багатымі традыцыямі і таленавітымі людзьмі, дзякуючы якім захаваны многія народныя рамёствы. Гімназістаў знаёмяць з імі педагогі, бацькі і рамеснікі-землякі на ўроках працоўнага навучання, пазакласных мерапрыемствах, занятках аб’яднання па інтарэсах “Рукадзелле”.

Праект рэалізоўваецца па некалькіх напрамках. Ад зін з іх — “Беларускі сувенір”. Удзельнікі вучэбнай бізнес-кампаніі “Ад ідэі да прыбытку” ствараюць сувенірную прадукцыю ў розных тэхніках рэгіянальнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: плятуць паясы і бранзалеты з тэкстыльных матэрыялаў, вырабляюць сталовую бялізну з элементамі рознай вышыўкі, народных і сучасных лялек, упрыгажэнні і інш. Дапамагае дзецям народны майстар Беларусі па ткацтве, член клуба “Багач”, ткачыха і вышывальшчыца У.П.Віннік, бабуля адной з вучаніц. Падчас майстар-класаў Ульяна Пятроўна расказвае пра мясцовыя асаблівасці вышыўкі палатняных вырабаў, знаёміць з вялікай калекцыяй ручнікоў, вышытых сваімі рукамі.

Важны складнік праекта — вывучэнне гісторыі народных свят і традыцый малой радзімы. Вучні павінны ведаць, што многія прадметы рамесніцкага мастацтва адпавядаюць каляндарна-абрадаваму цыклу беларусаў. Дзеці знаёмяцца з гісторыяй узнікнення мясцовых абрадаў і рамёстваў падчас адукацыйных экскурсій у раённы Дом рамёстваў, дзе прадстаўлены прадметы ткацтва, ганчарства, вышыўкі, пляцення з прыродных матэрыялаў, мастацкай апрацоўкі драўніны. Вучні з задавальненнем удзельнічаюць у майстар-класах па роспісе велікодных яек, выцінанцы, вышыўцы крыжыкам, ткацтве. Гэта дазваляе не толькі дакрануцца да рукатворнай творчасці, але і вызначыцца з будучай прафесіяй: мадэльера, швачкі, закройшчыка, рамесніка і інш.

Квест “У пошуках страчанага” знаёміць дзяцей з напаўзабытымі рамёствамі, якія сёння перажываюць другое нараджэнне. Вучні 5—7 класаў з радасцю ўдзельнічаюць у гімназічных майстар-класах, дзе авалодваюць асноўнымі прыёмамі мясцовага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і рамёстваў Ганцавіччыны. Даволі часта арганізатарамі гэтых майстар-класаў выступаюць бацькі. Так, на занятках “Творчасць без меж” А.С.Турко азнаёміў дзяцей з салома­пляценнем і падзяліўся сакрэтамі афармлення страў беларускай нацыянальнай кухні, а народны майстар Беларусі В.Л.Шапялевіч паказаў, як гліна ператвараецца ў прадметы керамічнага мастацтва. На занятках “Сямейная рэліквія”, “Святы і традыцыі маёй сям’і” і “Культурная спадчына малой радзімы” А.У.Курыловіч і Л.А.Бур’як расказалі гімназістам пра сямейныя традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

На ўроках працоўнага навучання дзеці знаёмяцца з традыцыйнымі беларускімі стравамі і тэхналогіямі іх гатавання, прычым з улікам мясцовага каларыту.

Адзін з напрамкаў праекта тычыцца вывучэння рэгіянальных асаблівасцей беларускага нацыянальнага адзення і арнаменту. Педагогі і вучні актыўна займаюцца мастацкай рэканструкцыяй беларускага касцюма ў мініяцюры. Дзеці вырабляюць лялечныя ўбранні, якія складаюцца з адпаведных частак жаночага адзення, але з пэўнымі спра­шчэннямі, звязанымі з кроем, малюнкам паясных вырабаў, заменай даматканых матэрыялаў тэкстыльнымі. У якасці ўзору бяруцца мадэлі беларускіх касцюмаў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Камплекты паўтараюцца не з поўнай дакладнасцю. Абавязкова ўлічваюцца асаблівасці складовых частак, арнаменту, колеравай гамы і ўпрыгажэнняў жаночага адзення, характэрных для нашага рэгіёна.

Дзеці з бацькамі выканалі даследчую работу “Падарунак з беларускай душой”, дзе прадстаўлены ўзоры лялек, асаблівасці мясцовых касцюмаў, тэхналогіі і спосабы іх упрыгажэння. Работа адзначана дыпломам абласнога конкурсу дзіцячай творчасці “Беларуская лялька”. Лялькі, вырабленыя вучнямі, прапаноўваюцца гасцям у якасці сувеніраў. Творчыя работы гімназістаў не засталіся без увагі на конкурсах “Калядная зорка”, “Лёд, кветкі, фантазія”, “Прывітанне, свет!” і “Вясёлкавы калейдаскоп”. Дзяўчынкі працягваюць асвойваць розныя віды дэкаратыўна-прыкладной творчасці (традыцыйныя і сучасныя).

Мы ахвотна дзелімся вопытам на раённых семінарах і канферэнцыях, у інтэрнэце. На гімназічным сайце і ў сацыяльных сетках размяшчаюцца відэа- і фотаматэрыялы па дэкаратыўна-прыкладной творчасці вучняў і бацькоў. Сёння ствараецца медыятэка, дзе можна даведацца пра рамёствы малой ра­дзімы, пазнаёміцца з вядомымі рамеснікамі, навучыцца ства­раць творчыя вырабы з мясцовым каларытам, пагля­дзець майстар-класы з удзелам народных майстроў.

Дзякуючы праекту, многія вучаніцы захапіліся вышыўкай, актыўна ўдзельнічаюць у пазакласных мерапрыемствах, раённых творчых конкурсах і майстар-класах.

Наталля МІХАЕВІЧ,
настаўніца абслуговай працы, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Рукадзелле” гімназіі Ганцавіч.